Вы тут

Тысячы турыстаў з Беларусі і замежжа прыехалі ў Белавежскую пушчу на 20-годдзе маёнтка Дзеда Мароза


У нацыянальным парку «Белавежская пушча» масава святкуюць 20-годдзе маёнтка беларускага Дзеда Мароза, перадае БелТА.


Юбілей казачнай сядзібы адзначаюць тры дні — 23, 24 і 25 снежня. Толькі ў першы дзень гулянняў чакаюць каля 5 тыс. турыстаў. «У нас шмат новага і цікавага, людзі адгукнуліся. Сёння чакаецца каля 5 тыс. чалавек. Арганізаваных груп запісана 100. Гэта турысты з Беларусі і Расіі. Па-мойму, ёсць некалькі груп з Літвы. Людзі едуць па казку, загадваюць жаданні перад Новым годам», — распавяла загадчыца маёнтка Дзеда Мароза Людміла Парафенюк.

Наведвальнікам Белавежскай пушчы вельмі пашанцавала з надвор’ем. Снег, які выпаў напярэдадні, зрабіў запаведны лес па-сапраўднаму казачным. Дасведчаныя людзі гавораць, што гэта таксама справа рук Дзеда Мароза. «Учора Дзед Мароз аддаў беларускім пагранічнікам загад прапусціць Новы год з Усходу на Захад. У цырымоніі паўдзельнічалі і дзеці. Па традыцыі яны на пагранічным слупе пакінулі свае пажаданні. Большасць хлопчыкаў і дзяўчынак прасілі снегу. Як бачыце, Дзед Мароз жаданні выканаў», — звярнула ўвагу загадчыца маёнтка.

Па казку ў гэты час едуць і дзеці, і дарослыя. Гамяльчанка Алена і яе 12-гадовы сын Іван раней ужо бывалі ў гасцях у беларускага Дзеда Мароза. «Нам вельмі спадабалася, вырашылі паўтарыць: тут казка, прыгожая прырода, навагодні настрой. З надвор’ем пашанцавала, снежна», — сказала жанчына. Яе сын дадаў, што атрымлівае вялікае задавальненне ад атмасферы. «У мяне, у прынцыпе, усё ёсць. У Дзеда Мароза нічога не хачу прасіць для сябе, а жаданне для нас усіх — мірнага неба», — мудра разважыў школьнік.

Цяпер Дзед Мароз працуе ці ледзь не кругласутачна. Разам са Снягуркай рыхтуе падарункі, сустракае гасцей, якія прыязджаюць адусюль. Дарэчы, у маёнтак на час калядных і навагодніх свят прыгатавалі 70 тыс. імбірных пернікаў. Ласункі пякуць ва ўласнай кандытарскай у Белавежскай пушчы.

З дзевяці раніцы гаспадар сядзібы сустракае турыстаў. Іх паток у літаральным сэнсе бесперапынны. У сувязі з гэтым Дзед Мароз мае зносіны з гасцямі не на ганку сваёй хаты, як робіць гэта звычайна, а ў навагодняй ёлкі. Разам з дзецьмі і дарослымі водзіць карагоды, заклікае ўсіх загадваць жаданні.

За 20 гадоў існавання маёнтка беларускага Дзеда Мароза яго наведалі больш за 2 млн турыстаў з больш як 130 краін. Жыхарка Рэчыцы Наталля была тут апошні раз 17 гадоў таму. «Свята добрае, зімовае, надвор’е цудоўнае, настрой цудоўны. Змяніўся маёнтак за гэты час. Шмат цікавых лакацый з’явілася. Малайцы!» — падкрэсліла госця. Яна ўпэўнена, што трэба верыць у цуды, а казка павінна быць у жыцці кожнага чалавека.

Фота БелТА

Дарэчы, для многіх стала сямейнай традыцыяй прыязджаць у маёнтак Дзеда Мароза напярэдадні Калядаў і Новага года. Так заведзена і ў сям’і мінчанкі Любові. «Нас пяцёра: двое дзяцей і дарослыя. Прыязджаем у рэзідэнцыю да Дзеда Мароза, звяртаемся да яго са сваімі жаданнямі. У нашай сям’і гэта традыцыя — кожны год прыязджаць сюды. Вельмі падабаецца. Колькі б гадоў ні было, працягваем верыць у цуды», — запэўніла госця з Мінска.

У рэжыме нон-стоп пушчанскі Дзед Мароз будзе працаваць прыкладна да сярэдзіны студзеня. «Святочныя мерапрыемствы ў маёнтку выклікаюць ажыятаж. Напярэдадні Новага года ўсе хочуць прыехаць, загадаць жаданні, пагутарыць з Дзедам Марозам, убачыць Снягурку і ўсю яго сям’ю. З пачатку года ў яго пабывалі ўжо больш за 60 тыс. чалавек. Калі праходзяць мерапрыемствы, за дзень наведваюць больш за 5 тыс. турыстаў. Напэўна, цікавасць да маёнтка Дзеда Мароза ніколі не вычарпаецца. Дзеці вырастаюць, расказваюць сваім дзеткам аб добрым зімовым чараўніку і ўжо разам прыязджаюць да яго ў госці», — расказала начальнік аддзела турызму, маркетынгу і рэкламы нацыянальнага парку Аксана Багалейшая.

У дні святкавання юбілею маёнтка турыстаў чакае мноства забаў. У тым ліку арганізатары запрасілі вядомых гасцей.

У наступным годзе маёнтак чакаюць змены. «Канцэпцыя ўжо распрацавана. Думаю, вясной пачнуцца работы. Будзе будавацца новы дом Дзеда Мароза. З’явяцца дадатковыя лакацыі, якія менавіта — няхай застанецца сакрэтам», — рэзюмавала загадчыца маёнтка Дзеда Мароза Людміла Парафенюк.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.