Вы тут

Выстаўка «Партызан. Воін. Настаўнік» прымеркавана да юбілею Стасевіча


Да 29 студзеня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе выставачны праект «Партызан. Воін. Настаўнік» да 95-годдзя з дня нараджэння мастака Івана Стасевіча. Партнёрамі часовай экспазіцыі выступілі Нацыянальны мастацкі музей, Беларускі саюз мастакоў, а таксама Уладзімір Іванавіч Стасевіч, сын творцы. Пляцоўка для мастацка-дакументальнай выстаўкі невыпадковая. Іван Стасевіч, жывапісец, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў, зведаў вайну з розных яе бакоў.


«Шахцёры Салігорска», 1963 г.

Нарадзіўся Іван Стасевіч 9 студзеня 1929 года ў вёсцы Мядзведня Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. Сям’я яго была звычайная — калгаснікі. І неяк жа ён палюбіў маляваць, з самага дзяцінства. Многія вакол меркавалі, што стане мастаком.

...Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Івану Стасевічу — 12. Калі ў ваколіцах з’явіліся партызаны, дапамагаў ім. А ўжо летам 1943 года стаў байцом атрада імя С. М. Кірава брыгады імя М. В. Фрунзэ. Быў сувязным, выконваў розныя даручэнні. Апроч іншага, удзельнічаў у афармленні насценгазеты, выпуску баявых лісткоў, ствараў плакаты, карыкатуры на гітлераўцаў і замалёўкі сваіх таварышаў-партызан.

28 чэрвеня 1944 года байцы 121-й стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронту падчас Бабруйскай аперацыі вызвалілі ад акупантаў Старыя Дарогі, таму партызанскія атрады сустрэліся з байцамі Чырвонай Арміі. Івана тады адправілі дадому, але бацькоў у Мядзведні не аказалася: бацька — у канцлагеры, маці, дзвюх сясцёр і браціка вывезлі ў Германію.

«Ленінград. Петрапаўлаўская крэпасць», 1973 г.

У гэты час адбылася сустрэча з сапёрамі, якія афармлялі дарожныя паказальнікі. Іван Стасевіч прапанаваў ім сваю дапамогу, а там ужо расказаў пра сябе і папрасіў пакінуць яго ў арміі. Пашанцавала, і былы партызан быў залічаны ў спісачны састаў воінскага аўтамабільна-дарожнага палка 1-га Беларускага фронту. Галоўны абавязак быў такі: пасля заняцця таго ці іншага населенага пункта ён развешваў на вуліцах паказальнікі для войскаў. І так да самага Берліна.

Іван Стасевіч удзельнічаў у фарсіраванні Віслы, у Берлінскай аперацыі, на рэйхстагу пакінуў надпіс «Іван Стасевіч, Старыя Дарогі — Берлін»... Быў узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны II ступені», Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ за падрыхтоўку на фронце нагляднай агітацыі.

Пасля вайны Іван Стасевіч спачатку скончыў Горкаўскую сярэднюю школу, а затым — Мінскае мастацкае вучылішча. У 1952 годзе ў ліку найлепшых выпускнікоў быў накіраваны на вучобу ў Маскоўскі мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава (займаўся на факультэце жывапісу пад кіраўніцтвам Д. Мачальскага). У Беларусі ў той час яшчэ не было сваёй мастацкай ВНУ.

«Сын палка. В. Д. Дончык», 1974 г.

Першая значная карціна — дыпломная работа «У беларускіх балотах» (1958), прысвечаная тэме вайны, — экспанавалася на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы «40 гадоў ВЛКСМ» і была адзначана дыпломам.

У 1959 годзе Івана Стасевіча прынялі ў члены Саюза мастакоў БССР. З 1958 да 1995 года творца выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. У 1980-м Іван Нічыпаравіч стаў прафесарам, у гэтым жа годзе атрымаў ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР». Памёр 11 верасня 1998 года, некалькі месяцаў не дажыўшы да свайго 70-годдзя.

— Выстаўка невялікая, але змястоўная, напоўненая матывамі гуманізму і прыгажосці, — падзялілася ўражаннямі ад экспазіцыі «Партызан. Воін. Настаўнік» Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні БСМ. — Іван Стасевіч вельмі вялікі, яшчэ да канца не раскрыты майстар. У Саюзе мастакоў захоўваецца шмат яго работ. Гэта быў чалавек, які любіў жыццё, мастацтва і жадаў выказаць тое, што ў яго на душы.

Працаваў жывапісец у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Найчасцей звяртаўся да тэматыкі вайны і мірнай працы. Апяваў спакой і стварэнне, асабліва ў цыклах пейзажаў Мурманска (1955), Байкала (1956), Наўгародчыны (1971–1975), Ленінграда (1973), Браслаўшчыны (1975, 1996), В’етнама (1985). Некаторыя з іх сталі часткай камернай выстаўкі ў галерэі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выдатна дапаўняюць экспазіцыю фатаграфіі розных перыядаў жыцця мастака, яго асабістыя рэчы і матэрыялы з сямейнага архіва.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.