Вы тут

Якія даходы за мінулы год трэба задэклараваць і калі


Інфармацыю аб сваіх гадавых даходах асобныя падаткаплацельшчыкі павінны накіраваць у інспекцыю не пазней за 31 сакавіка. Хто павінен прадставіць падатковую дэкларацыю за мінулы год і заплаціць падаходны падатак? Якія льготы прадугледжаны для розных катэгорый грамадзян? На гэтыя і іншыя пытанні мы паспрабуем сёння адказаць.

Падатковую дэкларацыю абавязаны прадставіць тыя асобы, якія мелі ў 2023 годзе даходы: ад продажу маёмасці, у выніку дарэння, атрыманыя з-за мяжы або за мяжой, асобныя даходы, на якія чалавеку быў вызначаны сацыяльны падатковы вылік.


Фота: pixabay.com

Прададзеныя машыны, кватэры і дамы

Самая вялікая катэгорыя тых, хто павінен падаць дэкларацыю, — тыя асобы, якія атрымалі даходы ад продажу нерухомай маёмасці і транспартных сродкаў. Але тут ёсць асаблівасці. Калі на працягу года прададзены два і больш легкавыя аўтамабілі, то з другой і наступных прададзеных аўтамашын трэба аплачваць падаходны падатак па выніках года. Калі прададзены грузавы аўтамабіль масай звыш 3,5 тоны або аўтобус з больш чым васьмю пасадачнымі месцамі, то нават адна адзінка гэтай рухомай маёмасці абкладаецца падаткам.

Што датычыцца нерухомасці, тут гаворка ўжо ідзе не аб адным, а аб пяці гадах. Калі на працягу пяці апошніх гадоў прададзены дзве кватэры, два жылыя дамы, два зямельныя ўчасткі, — даходы ад другога аб’екта продажу абкладаюцца падаткам. Але гэта датычыцца дзвюх аднатыпных адзінак маёмасці, напрыклад кватэр. 

А калі прададзеныя кватэра і жылы дом, то ні тое, ні другое падаткам не абкладаецца.

Варта адзначыць адзін важны момант пры продажы нерухомасці. Ільгота па адным адчужэнні прадастаўляецца толькі ў дачыненні да кватэр, жылых дамоў, садовых домікаў (дач), зямельных участкаў, гаражоў і машына-месцаў. Калі прадаецца любая іншая нерухомасць, напрыклад, камерцыйная (офісы, гандлёвыя будынкі), то нават аднаразовы продаж абкладаецца падаткам.

Тут існуе выключэнне з правілаў. Прадаваць у кароткі тэрмін можна любую колькасць дамоў, дач або зямельных участкаў і іншую нерухомасць, калі ўсё гэта было атрымана ў спадчыну. Плаціць падаткі ў гэтым выпадку не трэба, незалежна ад перыядычнасці адчужэння нерухомасці на працягу пяцігадовага перыяду.

Дарагія падарункі лепш падлічыць

Што рабіць з тымі даходамі, якія ў мінулым годзе вы атрымлівалі ў выніку дарэння ў выглядзе нерухомай маёмасці па дагаворы рэнты бясплатна ад фізічных асоб? Правільна, іх трэба ўлічваць.

Падарункі ад асоб, якія не адносяцца да блізкіх родзічаў, ад сяброў, напрыклад, абкладаюцца падаходным падаткам. Але ёсць падатковая льгота: сума да 9338 рублёў, атрыманая летась, падаткам не абкладаецца.

Выключэнне складаюць даходы, атрыманыя ад блізкіх родзічаў і асоб, якія знаходзяцца з падаткаплацельшчыкам у стасунках сваяцтва, апекуна, папячыцеля і падапечнага. Такія даходы не прызнаюцца аб’ектам падаткаабкладання незалежна ад атрыманай сумы.

Да асоб, якія знаходзяцца ў адносінах блізкага сваяцтва, адносяцца бацькі (усынавіцелі, удачарыцелі), дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя), родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі, прадзед, прабабка, праўнукі, муж і жонка. Да асоб, якія знаходзяцца ў адносінах сваяцтва, належаць блізкія родзічы сужэнца, уключаючы таго, хто памёр, абвешчаны памерлым.

Грошы, атрыманыя з-за мяжы або за мяжой

Дэкларацыю падаюць работнікі, прызнаныя ў 2023 годзе падатковымі рэзідэнтамі нашай краіны і якія атрымалі даходы з-за мяжы або за мяжой.

Рэзідэнты — гэта тыя асобы, якія фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі ў каляндарным годзе больш за 183 дні. Да часу фактычнага знаходжання на тэрыторыі краіны адносіцца час непасрэднага знаходжання чалавека ў краіне, а таксама час, на які ён выязджаў за межы краіны: на лячэнне, у камандзіроўку ў адпаведнасці з заканадаўствам, на адпачынак, — пры ўмове, што час знаходжання на такім адпачынку ў сукупнасці па ўсіх выездах за межы краіны на працягу каляндарнага года складае не больш за 60 каляндарных дзён.

Прыкладам даходаў, атрыманых з-за мяжы або за мяжой, могуць быць наступныя даходы: ад працы па найму (кантракце); ад продажу акцый або іншых каштоўных папер; ад продажу долі ў статутных фондах замежных арганізацый; у выглядзе працэнтаў па рахунках (укладах) у замежных банках; атрыманыя ў дар ад замежных грамадзян і іншыя.

Асноўная маса даходаў з-за мяжы — гэта заработная плата, дывідэнды, працэнты па рахунках і ўкладах у замежных банках, выйгрышы ў замежных анлайн-казіно і на рынку «Форэкс». Дык вось, фактычна выплачаная сума падатку ў замежнай дзяржаве падлягае заліку пры вызначэнні сумы падаходнага падатку. Тут галоўнае — падаць неабходныя дакументы. Гэты дакумент павінен быць завераны падатковай службай замежнай дзяржавы.

Вялікі пласт займаюць і грашовыя пераводы ад іншых грамадзян. Калі гэта блізкія родзічы (бацькі, дзеці, родныя браты і сёстры, дзядулі і бабулі, унукі), то падаходным падаткам гэтыя даходы не абкладаюцца незалежна ад іх памеру і падаваць падатковую дэкларацыю не патрабуецца. Тое ж адносіцца і да блізкіх сваякоў сужэнца. Калі мама вашай жонкі вам нешта падорыць з-за мяжы, вы падатак з гэтай сумы плаціць не будзеце.

Будаўніцтва спынена, а вам давалі сацыяльны падатковы вылік

Па выніках года дэкларуецца і даход, атрыманы грамадзянінам праз механізм вяртання раней унесеных сродкаў пры спыненні будаўніцтва жылля, а таксама ў выпадку патаннення такога будаўніцтва альбо выбыцця фізічнай асобы з членаў арганізацыі забудоўшчыкаў.

Спецыялісты Міністэрства па падатках і зборах адзначаюць, што вернутыя пры гэтым грашовыя сродкі, у тым ліку паявыя ўзносы, абкладаюцца падаходным падаткам у выпадку, калі на такія ўзносы раней была прадастаўлена льгота ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Трэба дэклараваць таксама і даходы, якія былі атрыманы ў выглядзе грашовых сродкаў пры датэрміновым пагашэнні жыллёвых аблігацый, а таксама ў выглядзе вяртання грашовых сродкаў, унесеных у аплату кошту жылога памяшкання шляхам набыцця жыллёвых аблігацый, у выпадку невыканання забудоўшчыкам абавязацельстваў па дагаворы. Дэкларацыя падаецца ў тым выпадку, калі па ўнесеных сумах для набыцця жыллёвых аблігацый раней быў праведзены маёмасны падатковы вылік.

Такі ж механізм прадугледжаны, калі адмяняецца вылік на даходы ў выглядзе лізінгавых плацяжоў, якія аплачаны па дагаворы фінансавай арэнды, што прадугледжвае выкуп прадмета лізінгу — аднакватэрнага жылога дома або кватэры, у выпадках, калі такі дагавор не завяршыўся выкупам маёмасці або ў дагавор былі ўнесены змены, якія выключаюць ўмовы выкупу прадмета лізінгу.

Такім чынам, былы забудоўшчык, які атрымаў у мінулым годзе такія грашовыя сродкі, абавязаны заплаціць падаходны падатак у дачыненні да сум, на якія яму раней была выдзелена льгота ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Спартсмены, літаратары і не толькі

Сярод нас ёсць і тыя, хто можа падаць у інспекцыю дэкларацыю з мэтай атрымання падатковых вылікаў. У прыватнасці, гэта датычыцца людзей, якія атрымлівалі ў мінулым годзе аўтарскія ўзнагароджанні або ўзнагароджанні за стварэнне, выкананне ці іншае выкарыстанне твораў навукі, літаратуры і мастацтва, выплаты аўтарам вынаходак, карысных мадэляў, прамысловых узораў і іншых вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці.

Дэкларацыю варта запоўніць таксама спартсменам і іх трэнерам, якія атрымлівалі даходы ад асабістай дзейнасці за ўдзел у спартыўных спаборніцтвах пры ўмове, што такая дзейнасць ажыццяўлялася імі не ў рамках каманднага ўдзелу.

Вяртаем пераплачаны падатак

Для гэтага спачатку трэба падаць у інспекцыю падатковую дэкларацыю за мінулы год і выявіць у ёй звесткі аб атрыманых даходах. Да дэкларацыі абавязкова павінна быць прыкладзеная даведка ад падатковага агента аб налічаным даходзе і ўтрыманым падатку па ўстаноўленай форме. Далей трэба ўказаць у падатковай дэкларацыі звесткі аб праве фізічнай асобы на атрыманне пэўных падатковых ільгот.

Да дэкларацыі абавязкова павінны быць прыкладзены дакументы, якія пацвярджаюць права фізічнай асобы на атрыманне падатковых ільгот. Пасля таго як падатковы орган зробіць пераразлік падаходнага падатку і разлічыць суму падатку да вяртання, трэба напісаць заяву на вяртанне падатку па пэўнай форме.

Вяртанне падатку ажыццяўляецца двума спосабамі: на рахунак, адкрыты ў банку, уключаючы карт-рахунак; наяўнымі грашовымі сродкамі з касы банка, у якім абслугоўваецца падатковы орган.

Калі фізічная асоба жадае вярнуць падатак на свой банкаўскі рахунак, то ў заяве на вяртанне падатку неабходна ўказаць рэквізіты банкаўскага рахунку: нумар і тып рахунку, найменне банка, код банка, код валюты. На працягу 15 рабочых дзён з моманту падачы заявы на вяртанне падатку трэба атрымаць грошы.

І яшчэ. Для плацельшчыкаў, якія падаюць падатковую дэкларацыю выключна з мэтай атрымання падатковых вылікаў па падаходным падатку, тэрмін яе прадстаўлення не абмежаваны 31 сакавіка. Дата атрымання вылікаў можа быць адвольнай.

Лепш — праз асабісты кабінет плацельшчыка

Ёсць тры асноўныя спосабы падачы падатковай дэкларацыі: асабіста шляхам наведвання падатковага органа, па пошце і ў электронным выглядзе. У першым выпадку фізічная асоба запаўняе дэкларацыю і з пашпартам звяртаецца ў падатковы орган. У нас дзейнічае прынцып экстэрытарыяльнасці абслугоўвання. Гэта значыць чалавек звяртаецца ў любую інспекцыю незалежна ад таго, дзе ён пражывае, дзе зарэгістраваны, дзе знаходзіцца на падатковым уліку. Напрыклад, калі вы прапісаныя ў Ляхавічах, але жывяце і працуеце ў Мінску, можаце спакойна звярнуцца ў любую падатковую, як вам будзе зручна. Там усё зробяць, паведамленне на выплату вы атрымаеце.

Другі спосаб — падача дэкларацыі праз паштовую сувязь. 

З любой даведачнай сістэмы альбо з афіцыйнага сайта падатковых органаў можна загрузіць бланк дэкларацыі, запоўніць яго ўручную або на камп’ютары, раздрукаваць, падпісацца і накіраваць па пошце. У гэтым выпадку дата падачы дэкларацыі — дзень паштовага адпраўлення. Калі хтосьці не паспявае звярнуцца ў падатковы орган, ён можа 31 сакавіка адправіць дэкларацыю. Хоць яна прыйдзе ўжо ў красавіку, чалавек тэрмін не парушыць.

Самы перспектыўны на сёння спосаб — падача ў электронным выглядзе. Тут ёсць важная асаблівасць. Чалавеку неабходна аднаразова звярнуцца ў любы падатковы орган з пашпартам, каб зарэгістравацца ў асабістым кабінеце плацельшчыка, атрымаць уліковы запіс і пароль. Вялікая перавага ў тым, што дэкларацыю ў электронным выглядзе можна падаць з любога пункту свету, не трэба нікуды ездзіць. Другі вельмі важны плюс у тым, што такім плацельшчыкам бліжэй да канца студзеня ўжо прадстаўляецца папярэдне запоўненая форма дэкларацыі. Пры неабходнасці яе трэба толькі падправіць.

Парушальнікам на заметку

Калі кліент падатковай «забыўся» падаць дэкларацыю, па якой ён павінен аплаціць падаткі і пратэрміноўка склала больш за 30 рабочых дзён, яму выставяць штраф у памеры 0,5 базавай велічыні з павелічэннем яго на 0,5 БВ за кожны поўны месяц пратэрміноўкі, але не больш за 10 базавых велічынь.

А калі чалавек спазніўся з выплатай падаходнага падатку — у такім выпадку, калі нявыплачаная або не цалкам выплачаная сума падатку перавышае адну базавую велічыню (40 рублёў), гэта цягне накладанне штрафу ў памеры 15% ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за 0,5 (20 рублёў) базавай велічыні.

Для супербагатых — 25% па выніках гэтага года, а заплацяць — у 2025-м

Стаўка падаходнага падатку ў дачыненні да часткі даходаў звыш 200 тысяч рублёў за каляндарны год складзе 25%. Павышаная стаўка будзе прымяняцца ў дачыненні да сукупнасці даходаў (па працоўных дагаворах, грамадзянска-прававых дагаворах, у выглядзе дывідэндаў), якія перавысілі за падатковы перыяд 200 тысяч рублёў. Лічыцца, што павышанае падаткаабкладанне можа закрануць каля дзвюх тысяч чалавек.

Пры гэтым варта адзначыць, што пад павышанае падаткаабкладанне не трапляюць даходы, якія абкладаюцца па паніжаных стаўках падаходнага падатку і, у прыватнасці, даходы, атрыманыя фізічнымі асобамі па працоўных дагаворах ад рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці гэтага індустрыяльнага парка, сумеснай беларуска-кітайскай кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка.

Акрамя таго, стаўка падаходнага падатку 25% не будзе распаўсюджвацца на дывідэнды, якія абкладаюцца па льготных стаўках у выпадках неразмеркавання прыбытку на працягу трох (стаўка 6%) або пяці (0%) гадоў, што будзе з’яўляцца дадатковым стымулам накіроўваць чысты прыбытак на рэінвеставанне на працягу 3–5 гадоў.

А як у іх?

Напрыклад, у Германіі дзейнічае прагрэсіўная шкала і нават ёсць мінімальны памер даходу, з якога падатак наогул не ўтрымліваюць, — 9,75 тысячы еўра ў год. Далей стаўка расце ад 14% да 42%, апошні бяруць з зарплаты ў 58 тысяч еўра ў год і вышэй. Самы вялікі падатак — 45% — у людзей з прыбыткам вышэй 274,6 тысячы еўра ў год.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?