Вы тут

Чакаецца ўздым захваральнасці на грып


Медыкі ацэньваюць інтэнсіўнасць захворвання на ВРІ і грып як сярэднюю з тэндэнцыяй да павелічэння ва ўсіх рэгіёнах краіны. У сувязі з гэтым звяртаюць увагу, што ў паліклініках працягваецца вакцынацыя супраць грыпу, і рэкамендуюць шэраг мер, якія дапамогуць засцерагчыся ад рэспіраторных хвароб.


Штогод у Беларусі ў перыяд з кастрычніка да красавіка адзначаецца сезонны ўздым захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, у тым ліку на грып. Цяпер інтэнсіўнасць эпідэмічнага працэсу ВРІ ацэньваецца як сярэдняя з тэндэнцыяй да павелічэння ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. У структуры захварэлых удзельная вага дзіцячага насельніцтва ва ўзросце да 18 гадоў складае больш як 50 працэнтаў, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Вынікі лабараторных даследаванняў сведчаць аб цыркуляцыі вірусаў грыпу А (H1N1), A (H3N2), А (нетыповага), В і негрыпозных рэспіраторных вірусаў (вірусы парагрыпу, адэнавірусы, рынавірусы, РС-вірусы, сезонныя каранавірусы, CoV-2), што абумоўлівае рызыку распаўсюджвання ўзбуджальнікаў і ўзнікненне выпадкаў захворвання, у тым ліку лакальныя ўспышкі.

У Беларусі праводзіцца пастаянны малекулярна-генетычны скрынінг варыянтаў віруса SARs-CoV-2 з мэтай адсочвання і кантролю за з’яўленнем новых варыянтаў, якія цыркулююць у краіне.

Па наяўных у краіне даных, варыянт «Пірола» шырокага распаўсюджвання не атрымаў. У цяперашні час працягваецца пераважная цыркуляцыя двух рэкамбінантных формаў віруса: ХВВ.1.16 «Арктурус» і EG.5.1.1 «Эрыс».

Такім чынам, развіццё эпідэмічнай сітуацыі па грыпе і ВРВІ ў краіне адпавядае перспектыўнаму прагнозу на эпідэмічны сезон 2023-2024 гадоў. На падставе даных малекулярна-біялагічных даследаванняў можна казаць аб тым, што ў Беларусі адзначаецца сумесная цыркуляцыя вірусаў сезоннага грыпу, SARS-CoV-2 і іншых рэспіраторных вірусаў.

Эпідэміёлагі адзначаюць, што эпідэмічны ўздым захворвання на ВРІ, абумоўлены распаўсюджваннем вірусаў грыпу, можна чакаць у бліжэйшыя тыдні.

— Развіццё ўздыму захворвання на ВРІ, асацыяванага з эпідэмічным распаўсюджваннем грыпу ў канцы студзеня — пачатку лютага, з’яўлялася характэрным па шматгадовых назіраннях для краіны ў дапандэмічны перыяд, што сведчыць аб стабілізацыі сезоннай актыўнасці вірусаў грыпу. Эпідэмічны ўздым захворвання грыпу 2023-2024 гадоў будзе абумоўлены цыркуляцыяй вірусаў грыпу А. Улічваючы дамінаванне віруса грыпу В папярэдняга эпідсезона і даныя глабальнага нагляду, можна меркаваць, што вірус грыпу В будзе цыркуляваць з меншай інтэнсіўнасцю, — адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Сярод захварэлых будуць пераважаць дзеці да 14 гадоў. Рызыкуюць захварэць таксама цяжарныя і асобы старэйшыя за 65 гадоў, а таксама людзі, якія ўваходзяць у групу рызыкі развіцця захворвання і постгрыпозных ускладненняў.

Медыкі звярнулі ўвагу, што ў арганізацыях аховы здароўя працягваецца вакцынацыя.

Усе вакцыны зарэгістраваны і дазволены для прымянення на тэрыторыі Беларусі, яны змяшчаюць актуальныя штамы.

Як засцерагчыся?

Спецыялісты рэкамендуюць выконваць шэраг мер, накіраваных на мінімізацыю рызыкі распаўсюджвання рэспіраторных інфекцый:

  • пазбягайце ці скараціце да мінімуму час знаходжання ў месцах масавага збору людзей;
  • выкарыстоўвайце сродкі аховы органаў дыхання (маскі, рэспіратары) пры немагчымасці захавання сацыяльнай дыстанцыі 1-1,5 м, калі ў вас рэспіраторныя сімптомы (насмарк, кашаль, чханне) або вы знаходзіцеся ў месцах масавага збору людзей;
  • пазбягайце цесных кантактаў з людзьмі, якія маюць прыкметы рэспіраторнага захворвання;
  • рэгулярна і старанна мыйце рукі з мылам, абавязкова пасля вуліцы і грамадскага транспарту. Выкарыстоўвайце пры неабходнасці антысептычныя сродкі;
  • праводзьце рэгулярнае праветрыванне і вільготную прыборку памяшкання, у якім знаходзіцеся;
  • прытрымлівайцеся здаровага, збалансаванага харчавання, фізічнай актыўнасці (часцей гуляйце на свежым паветры) і не забывайце пра паўнавартасны сон.

Пры з’яўленні сімптомаў рэспіраторнага захворвання (павышэнне тэмпературы цела, кашаль, насмарк, галаўны боль, боль у горле і іншых) неабходна заставацца дома і выклікаць урача.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.