Вы тут

Рэпетыцыя ў студзені дазволіць будучым абітурыентам лепш здаць цэнтралізаваны экзамен у маі


Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену (РЦЭ) для выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі адбудзецца ў гэтую суботу, 27 студзеня. Яна стане «поўнай копіяй» цэнтралізаванага экзамену, які пройдзе ў маі 2024 года. Для праходжання рэпетыцыі ЦЭ ужо зарэгістравалася 55,2 тысячы адзінаццацікласнікаў.


Сам жа цэнтралізаваны экзамен, паводле пастановы Міністэрства адукацыі, адбудзецца 27 і 30 мая — даты ўжо вызначаныя. Чакаецца, што ўдзел у экзамене гэтай вясной прымуць каля 58 тысяч выпускнікоў устаноў сярэдняй адукацыі (паводле папярэдніх ацэнак, свае сілы і веды на гэты раз вырашацца праверыць на 5 тысяч больш маладых людзей і дзяўчат, чым летась).

— У 2023 годзе выпускнікі школ упершыню прайшлі выніковую атэстацыю ў форме цэнтралізаванага экзамену. Як паказала практыка, такая форма правядзення іспыту грамадскасцю падтрымана. Сёлета ЦЭ пройдзе другі раз, — адзначыла начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі — намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова. — Мы вывучалі меркаванне грамадскасці аб тым, якія ж змены неабходна ўнесці ў арганізацыю правядзення цэнтралізаванага экзамену. Маніторынг паказаў: глабальныя змены не патрабуюцца, але ёсць невялікія хібы ў частцы арганізацыі. Яны датычацца, у прыватнасці, тэрмінаў правядзення ЦЭ. Сёлета сам цэнтралізаваны экзамен пройдзе таксама ў маі, але пасля 25 чысла і ў буднія дні. Другая прапанова, якая паступіла з месцаў, — скарачэнне часу прыбыцця ў пункт правядзення цэнтралізаванага экзамену.

Іншымі словамі, самы нервовы час — чаканне пачатку іспыту — педагогі вырашылі скараціць.

— У мінулым годзе адзінаццацікласнікі прыбывалі за 60 хвілін да пачатку іспыту, у гэтым годзе ў пункце правядзення экзамену трэба быць за 30 хвілін да яго пачатку.

Цэнтралізаваны экзамен пачнецца ў 11.00, як ужо гаварылася, 27 і 30 мая.

Атмасфера — рабочая

Ну, а ў студзені адзінаццацікласнікі змогуць «у рэжыме пробы» прайсці праз усе этапы цэнтралізаванага экзамену, пачынаючы з прыезду (падвозу для школьнікаў з сельскай мясцовасці) і запаўнення бланкаў і да непасрэдна экзаменацыйных заданняў. Мэта рэпетыцыі — адпрацоўка механізмаў правядзення іспыту, падкрэсліла спікер.

— Рэпетыцыя пройдзе ў строгай адпаведнасці з Інструкцыяй па арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага экзамену, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі. Дзеці змогуць апрабаваць свае веды, прайсці цэнтралізаваны экзамен па ўсіх вучэбных прадметах, па якіх прадугледжаны ЦЭ, уключаючы рускую і беларускую мовы.

Для правядзення рэпетыцыі задзейнічаюць тыя ж пункты, дзе ў маі адбудзецца ЦЭ (гэта 144 пункты ва ўсіх рэгіёнах краіны, ад найбуйнейшага — БДУ, да самага невялікага — Расонскай сярэдняй школы).

— Пункты правядзення цэнтралізаванага экзамену размешчаны ў кожнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы, то-бок за межы свайго раёна навучэнцам выязджаць не давядзецца як падчас рэпетыцыі, так і падчас самога цэнтралізаванага экзамену, — запэўніла прадстаўнік Міністэрства адукацыі. — Падчас ЦЭ будзе забяспечана цэнтралізаваная дастаўка навучэнцаў у пункты правядзення экзамену ў суправаджэнні педагагічнага работніка. Для вучняў сельскіх устаноў адукацыі будзе забяспечана дастаўка школьнымі аўтобусамі да самага пункта правядзення экзамену. У гарадскіх населеных пунктах навучэнцы будуць карыстацца грамадскім транспартам, суправаджэнне іх педработнікам таксама будзе забяспечана.

Відавочна, што нават рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену — гэта стрэс для школьнікаў. Таму на кожным пункце яе правядзення будзе медработнік.

— Акрамя таго, традыцыйна будуць створаны ўсе ўмовы для бяспекі ўдзельнікаў ЦЭ. У прыватнасці, Дзяржаўтаінспекцыя забяспечыць паркоўку школьных аўтобусаў, якія суправаджаюць, каля пунктаў правядзення экзамену. Будзе наладжана ўзаемадзеянне з тэрытарыяльнымі органамі МНС і медыцынскімі работнікамі, — адзначыла Ірына Каржова.

Прадстаўніца Міністэрства адукацыі расказала, што ўваход у пункт правядзення цэнтралізаванага экзамену будзе ажыццяўляцца на падставе дакумента, які сведчыць асобу (важна памятаць: дакумент павінен мець тэрмін дзеяння, сапраўдны на момант правядзення рэпетыцыі/экзамену), і пропуска.

— Староннім асобам уваход у пункт правядзення ЦЭ будзе забаронены, — папярэдзіла яна.

Мова на выбар і заданні «з зорачкай»

Асаблівасць рэпетыцыі гэтага года — тое, што яна пройдзе па ўсіх прадметах па выбары навучэнцаў, уключаючы дзяржаўную мову (беларускую або рускую).

— Школьнікі змогуць апрабаваць свае веды, прайсці цэнтралізаваны іспыт па ўсіх вучэбных прадметах, па якіх прадугледжаны ЦЭ, уключаючы беларускую і рускую мовы. Нагадаю, што летась рэпетыцыя праходзіла толькі па профільных навучальных прадметах, — патлумачыла прадстаўніца Мінадукацыі.

Большасць школьнікаў зарэгістраваліся на рэпетыцыю экзамену па рускай мове і матэматыцы. На трэцім месцы па папулярнасці сёлета біялогія.

Педагогі падкрэсліваюць: у гэтым навучальным годзе як пры правядзенні першага этапу рэпетыцыйнага тэсціравання, так і пры правядзенні наступных, а таксама на рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену будуць выкарыстаны тэсты з уключанымі заданнямі пятага ўзроўню складанасці. Гэта значыць, з’явяцца задачы «з зорачкай». Мэта — прывесці ў поўную адпаведнасць крытэрыі ацэнкі ў школе да крытэрыяў ацэнкі цэнтралізаванага экзамену — выніковай формы атэстацыі выпускнікоў.

У цэлым, «проба» дазволіць прыйсці да цэнтралізаванага экзамену ў маі больш спакойнымі і больш падрыхтаванымі — у тым ліку маральна і псіхалагічна. Структура і складанасць тэстаў на рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену будуць поўнасцю адпавядаць структуры і складанасці тэстаў пры правядзенні як цэнтралізаванага экзамену, так і цэнтралізаванага тэсціравання ў гэтым навучальным годзе, падкрэслілі прадстаўнікі сферы адукацыі.

Нечаканасцяў не будзе

У гэтым запэўніў, гаворачы аб тэставых заданнях, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк: тэставыя заданні адпавядаюць школьнай праграме.

— Усе заданні, якія будуць на рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену, той жа складанасці, што будуць і на самім цэнтралізаваным экзамене. Ацэнка вынікаў будзе праводзіцца па ўжо вядомых і апублікаваных табліцах. Ніякіх нечаканасцяў для дзяцей не будзе.

Наколькі паспяховай была рэпетыцыя, будучыя абітурыенты і іх бацькі змогуць даведацца ўжо ў лютым: апрацоўка вынікаў будзе праведзена ў двухтыднёвы тэрмін, у трохтыднёвы — вынікі давядуць да ўдзельнікаў. Пры гэтым самі вынікі рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену ні на што не ўплываюць, бо сапраўдны іспыт — толькі ў маі.

Усе неабходныя матэрыялы, якія датычацца цэнтралізаванага экзамену і яго рэпетыцыі, можна знайсці на сайце Міністэрства адукацыі ва ўкладцы «Цэнтралізаваны экзамен 2024 года», у тым ліку нарматыўна-прававыя дакументы, памяткі для педагагічных работнікаў і для ўдзельнікаў цэнтралізаванага экзамену. Таксама на сайце Міністэрства адукацыі размешчана інфармацыя для абітурыентаў, якія будуць паступаць на мэтавую форму падрыхтоўкі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.