Вы тут

Хутка ў Беларусі пачнуцца цэнтралізаваныя выпрабаванні


На мінулым тыдні стартавала рэгістрацыя на цэнтралізаваны экзамен, якая працягнецца да красавіка. 9 красавіка пачнецца рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне. Гэта значыць, што ўступная кампанія ўшчыльную падышла да свайго старту. Час напружаны для настаўнікаў, педагогаў, выпускнікоў, абітурыентаў і іх бацькоў. У мінулым — рэпетыцыя цэнтралізаванага іспыту і два этапы рэпетыцыйнага тэсціраванні. Трэці этап РТ завершыцца ў красавіку. Па выніках двух мінулых этапаў можна зрабіць выснову, наколькі заўтрашнія абітурыенты гатовы прайсці адно з галоўных выпрабаванняў у сваім жыцці, якое вызначыць іх далейшы шлях. Пра гэта мы папрасілі расказаць дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрыя Міксюка.


Дырэктар рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк

— Юрый Іванавіч, час ляціць хутка. Не за гарамі самая галоўная пара для выпускнікоў школ і абітурыентаў — цэнтралізаваныя іспыт і тэсціраванне. Як вы ацэньваеце гатоўнасць да іх?

— Калі падводзіць папярэднія вынікі, у цэлым на рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену былі паказаны даволі добрыя веды. Школьнікі выйшлі на сярэдні бал больш за 50. Па асобных прадметах ён набліжаўся і да 60, 223 будучыя выпускнікі паказалі 100-бальныя вынікі. Былі і вельмі слабыя работы з нулявымі баламі. 35 чалавек не прайшлі выпрабаванні, і гэта зусім няшмат. Трэба ўлічваць і тое, што школьнікі на гэтай рэпетыцыі толькі спрабуюць сябе, вызначаюцца з профільным прадметам. І яшчэ толькі завяршаюць школьную праграму.

— Рэпетыцыйны экзамен праходзіць ужо другі год. Як мяняюцца вынікі ад этапу да этапу. І ці ёсць прагрэс?

— Відавочна, што вынікі становяцца ўсё лепшыя, расце колькасць стабальнікаў, добрых вынікаў, а дрэнных памяншаецца. Гэта дае падставу зрабіць выснову, што школьнікі сур’ёзна думаюць над тым, што балы за выпускны экзамен — не проста набор лічбаў у атэстаце, а іх пропуск у далейшае жыццё, будучую прафесію і поспех. Рыхтуюцца сур’ёзна.

— А як самі школьнікі ставяцца да рэпетыцыйнага выпрабавання? Ці няма незадаволеных бацькоў: дадатковыя нагрузкі, стрэс…

— Заўсёды будуць тыя, хто не задаволены, але не самім працэсам і яго арганізацыяй, а адзнакай за экзамен ці тэсціраванне. Самі школьнікі гэты фармат прынялі з натхненнем — такое ж выпрабаванне іх чакае наперадзе. А яны ўжо пабывалі ў адпаведным становішчы. 

І, такім чынам, не толькі праверылі свае веды і ў далейшым маюць час і магчымасць устараніць прабелы, але і падрыхтавацца да галоўнага — цэнтралізаваных экзамену і тэсціравання.

Калі вярнуцца да вынікаў, то для большасці яны чаканыя, бо кожны ведае свой узровень, свае моцныя і слабыя бакі. Часцей вучні да экзамену рыхтуюцца добрасумленна.

Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену — гэта ў цэлым вялікая карысць для ўсіх удзельнікаў, як для навучэнцаў, так і для арганізатараў, для тых, хто дае пляцоўкі для праходжання выпрабавання. У гэтым годзе ў Беларусі дзейнічаюць 144 пункты, дзе праходзілі рэпетыцыі ЦЭ. Гэта шмат. Сёлета ў працэс уцягнуты новыя выкладчыкі, арганізатары. Вядома, пытанні ўзнікаюць, у асноўным тэхнічнага характару. Таму і нам важны гэты дадатковы час, каб мы змаглі ўбачыць нейкія вузкія месцы і ліквідаваць праблемы, каб усё правесці на належным узроўні, у належных умовах.

Што датычыцца выпускнікоў, то яны, акрамя іншага, на рэпетыцыйным ЦЭ могуць ацаніць псіхалагічную атмасферу тэсціравання, адпрацаваць важныя арганізацыйныя і тэхнічныя нюансы, напрыклад, тэхналогію запаўнення бланка, адмены адказу і гэтак далей, каб падчас здачы экзамену сканцэнтравацца толькі на гэтым.

— Мяркуючы па тым, што вы ўжо расказалі, рэпетыцыя ЦЭ паказала шмат плюсоў і будзе прадоўжана ў далейшым.

— Гэта практыка паспяхова працягваецца ўжо другі год. Некалькі слоў непасрэдна аб цэнтралізаваных іспытах і тэсціраванні. Цэнтралізаваны экзамен даў школьнікам магчымасць выбару профільнага прадмета для выніковай атэстацыі, знізіў школьнікам нагрузку, прывёў формы здачы выпускных і ўступных экзаменаў да адной роўніцы. ЦТ і ЦЭ забяспечваюць незалежную ацэнку ведаў.

— Аднак сёння часта гучаць прапановы вярнуцца да ранейшай формы здачы экзаменаў.

— Ідэальнай сістэмы ацэнкі ведаў не існуе, таму да гэтага часу і працягваюцца дыскусіі. Калі казаць аб тэставай форме іспытаў, то галоўная яе перавага — здольнасць вырашыць адну з найважнейшых задач забеспячэння роўных умоў здачы экзаменаў для ўсіх. 

І, што яшчэ вельмі важна, адсутнічае суб’ектыўны фактар. Успомніце, колькі было спрэчак, крыўд, абвінавачванняў у прадузятасці, калі выпускнікі і абітурыенты здавалі іспыты пісьмова. Здаралася і такое, калі адзнаку за экзамен маглі паставіць дрэнны настрой або прадузятыя адносіны экзаменатара. Тэсціраванне падобныя моманты выключае. Таксама выключаецца несправядлівы фактар шанцавання.

— Разам з тым, пагадзіцеся, вопытны выкладчык-экзаменатар здольны з першага погляду вызначыць, што перад ім будучы спецыяліст. І нават калі сітуацыя для абітурыента складваецца не зусім удала, ён можа даць яму шанц.

— Гэта калі пашанцуе і экзамен будзе прымаць менавіта такі выкладчык. А калі не?.. Стрэс, нервы, камунікатыўныя праблемы таксама могуць паўплываць на адзнаку пры вуснай здачы іспыту. У гэтым плане ў тэсціравання ёсць плюс — рэжым тэставага выпрабавання. У залежнасці ад прадмета час праходжання тэста вар’іруецца ад паўтары да трох з паловай гадзіны. За гэты час выпускнік ці абітурыент можа сабрацца, супакоіцца, прывесці свае нервы і думкі ў парадак.

Згодны з вамі: пры тэсціраванні няма магчымасці прадэманстраваць логіку разваг, паказаць сваё нестандартнае мысленне. Але сёння выбудавана шмат траекторый паступлення ў ВНУ адораных школьнікаў. Гэта рэспубліканская і рэгіянальныя алімпіяды, якія праводзяць ВНУ. Гэта Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк і іншыя лакацыі для таленавітых дзяцей. Ёсць шмат магчымасцяў прадэманстраваць свае здольнасці, паказаць вынікі, вылучыцца, перамагчы. І атрымаць заслужаныя прэферэнцыі пры паступленні ў ВНУ. Такія моманты якраз і кампенсуюць фармалізаваны падыход пры цэнтралізаваным тэсціраванні.

— Пры якіх умовах школьнік можа не атрымаць атэстат?

— Калі выніковая лічба хаця б па адным прадмеце будзе меншая за тры балы. Але тым, хто ўсё ж захоча атрымаць дакумент і працягнуць вучобу далей, не варта адчайвацца — можна паўтарыць выпрабаванне праз год. Але лепш, вядома, пастарацца і атрымаць станоўчую адзнаку адразу, каб пакінуць школьныя сцены разам са сваімі аднакласнікамі.

— Калі, на вашу думку, школьніку трэба прыступаць да падрыхтоўкі да ЦЭ?

— Экзаменацыйныя тэсты не выходзяць за школьную праграму. Гэта, дарэчы, вельмі важнае патрабаванне, якое мы забяспечваем. Таму звычайных ведаў школьнай праграмы дастаткова. Абнавіць, асвяжыць іх, запоўніць наяўныя прабелы — усё гэта вучань школы можа зрабіць самастойна напярэдадні іспыту. А вось вучыцца на працягу ўсіх школьных гадоў трэба сістэматычна, з цікавасцю, каб атрымаць сур’ёзныя і глыбокія веды. Тады і праблем не будзе ні з выпускным экзаменам, ні з цэнтралізаваным тэсціраваннем.

— Ці рыхтуе інстытут яшчэ нейкія змены ў працэс ЦЭ і ЦТ у найбліжэйшай будучыні?

— Найлепшая навіна для выпускнікоў і абітурыентаў — гэта адсутнасць якіх-небудзь новаўвядзенняў. Работа ў нас вядзецца ўвесь час. Накіравана яна на якасць тэстаў, якія павінны быць на годным узроўні, не выходзіць за школьную праграму. Форма падачы пытанняў для школьнікаў таксама павінна быць ім знаёмая. Наша мэта — максімальна дапамагчы ім паказаць свае веды і стварыць для гэтага ўсе неабходныя ўмовы.

— І апошняе. Што вы пажадаеце беларускім выпускнікам 2024 года, іх настаўнікам і бацькам?

— Выпускнікам — поспехаў і добрага баявога настрою. Напярэдадні экзамену адпачыць. Не губляцца і ўмець супакоіцца. Глыбока ўдыхнуць, павольна выдыхнуць і працягнуць работу.

Настаўнікам жадаю атрымаць радасць і задавальненне ад вынікаў сваёй працы і экзаменаў вучняў: яны будуць, вядома, розныя, але заслужаныя. Чаканыя і нечаканыя — у найлепшым сэнсе.

Бацькам — не хвалявацца, таму што веды вашых дзяцей будуць ацэнены справядліва і аб’ектыўна.

Алена ВІНАГРАДАВА

Загаловак у газеце: Галоўныя фактары — аб’ектыўнасць і справядлівасць

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.