Вы тут

«Гэта цудоўная пляцоўка, дзе выбудоўваюцца добрыя адносіны паміж рэгіёнамі»


Гэта найважнейшае мерапрыемства, якое праходзіць пад эгідай верхніх палат парламентаў дзвюх краін, даўно прадэманстравала сваю эфектыўнасць. Прычым не толькі з эканамічнага пункту гледжання (на пляцоўках форуму падпісваюцца ўзаемавыгадныя кантракты і пагадненні). Ва ўдзельнікаў мерапрыемства ёсць унікальная магчымасць наладзіць кантакты са сваімі партнёрамі з іншай дзяржавы, пазнаёміцца з гісторыяй, культурай і традыцыямі таго ці іншага рэгіёна Беларусі або Расіі. 


Сёлета Форум рэгіёнаў прымае наша краіна. Упершыню ў гісторыі ён пройдзе адразу ў трох гарадах — Віцебску, Полацку і Наваполацку. Плануецца, што яго тэматыка будзе прысвечна ролі міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў выбудоўванні інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы. 

Эканамічны і сацыяльны складнікі форуму 

Падрыхтоўку да гэтай маштабнай падзеі абмеркавалі ў Савеце Рэспублікі. Зацверджаны лагатып форуму, тэматыка секцыйных пасяджэнняў, папярэдне вызначаны пагадненні і камерцыйныя кантракты, якія плануюцца да падпісання. 

Як нагадала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, папярэдні, X Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў ва Уфе, па выніковасці пабіў усе рэкорды. «Было падпісана больш за 100 пагадненняў на 110 млрд. расійскіх рублёў, — канкрэтызавала яна. — А ўвогуле за гады работы форуму падпісана каля 600 пагадненняў і кантрактаў на суму 570 млрд. расійскіх рублёў».

Па словах спікера верхняй палаты парламента, Форум рэгіёнаў — гэта цудоўная пляцоўка, дзе падпісваюцца кантракты, пагадненні, выбудоўваюцца добрыя адносіны паміж рэгіёнамі. Спікер паставіла задачу — у Год якасці, аб’яўлены ў нашай краіне, правесці Форум рэгіёнаў на самым высокім узроўні. 

«Для нас вельмі важны эканамічны складнік гэтага мерапрыемства, але не менш важная і сацыяльная накіраванасць Форуму рэгіёнаў: калі падпісваюцца кантракты паміж гарадамі-пабрацімамі, калі губернатары прымаюць непасрэдны ўдзел і падпісваюць пагадненні аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў і вытворчасцяў, у гуманітарнай сферы мы дастаткова актыўна працуем па ўсіх кірунках, — канкрэтызавала Наталля Качанава. — Форум дазваляе нам лепш даведацца магчымасці і патэнцыял расійскіх рэгіёнаў. Роўна як і нашым калегам з Расійскай Федэрацыі — лепш даведацца патэнцыял, гісторыю, культуру нашай краіны, калі мы праводзім гэты форум у Беларусі».

Старшыня Савета Рэспублікі даручыла кіраўнікам дзяржаўных органам кіравання, якія прысутнічала на пасяджэнні, зрабіць усё для таго, каб гэты форум прайшоў магутна, цікава і запамінальна. «Павінны быць такія мерапрыемствы, якія раскрываюць гісторыю нашай краіны, — канкрэтызавала спікер. — Чаму мы і хочам паказаць Полацк. Вы ведаеце, гэта наша Мека, адкуль пачалася гісторыя нашай дзяржавы, адкуль нашы гістарычныя карані».

Не толькі цікава, але і вынікова 

Гарады, якія стануць пляцоўкай ΧΙ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, ужо актыўна рыхтуюцца да маючага адбыцца мерапрыемства. Наталля Качанава спынілася на аспектах, якія патрабуюць асаблівай увагі пры падрыхтоўцы. Гэта бяспека ўдзельнікаў форуму, іх размяшчэнне і харчаванне, арганізацыя для гасцей культурнай праграмы, інфармацыйнае суправаджэнне мерапрыемства. На кантролі — і прапрацоўка лагістыкі, і добраўпарадкаванне аб’ектаў, і эстэтызацыя гарадскога асяроддзя. На пляцоўках форуму плануецца функцыянаванне выставы беларускіх дасягненняў, што таксама патрабуе сур’ёзнай падрыхтоўкі. 

Спікер падкрэсліла, што форум павінен быць арганізаваны на найвышэйшым узроўні. «Нам трэба зрабіць усё, каб мы раскрылі культурны, гістарычны патэнцыял сваёй краіны, каб правядзенне секцый, якія запланаваны ў першы дзень, прайшлі не толькі цікава, а каб быў вынік, — заўважыла Наталля Качанава. — Мы павінны насычаць Форум рэгіёнаў мерапрыемствамі, якія будуць садзейнічаць далейшаму ўзаемадзеянню нашых краін, умацаванню нашага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы і ў рамках узаемадзеяння паміж парламентарыямі нашых краін, што вельмі важна ў цяперашняй сітуацыі, і паміж мясцовымі выканаўчымі, заканадаўчымі органамі ўлады ў нашай краіне і ў Расійскай Федэрацыі».

З дакладамі на тэму падрыхтоўкі чарговага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі выступілі члены Савета Рэспублікі, намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. 

У размове з журналістамі Наталля Качанава звярнула ўвагу, што да пыдрыхтоўкі ΧΙ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прыступілі адразу пасля заканчэння папярэдняга форуму. «Мы разумеем, якая гэта знакавая падзея для нашых краін у плане рэгіянальнага супрацоўніцтва, супрацоўніцтва ў эканоміцы нашых краін, у развіцці Саюзнай дзяржавы, — падкрэсліла яна. — Форумы рэгіёнаў праходзяць пры непасрэдным удзеле прэзідэнтаў нашых краін Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна. Для нас вельмі важна зрабіць усё, каб гэтыя мерапрыемствы, як заўсёды, прайшлі зладжана, арганізавана, але самае галоўнае, каб быў вынік».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.