Вы тут

У Гомельскім раёне прайшлі дэбаты «Моладзь і выбары: формула адказнасці»


Паспрабаваць свае сілы ў выкарыстанні прыёмаў доказаў ці абвяржэння, прызываючы на дапамогу сродкі палемікі... Незвычайнае па фармаце мерапрыемства для моладзі арганізавалі ў Гомельскім раёне. Маладыя людзі выступілі ў ролі спікераў дэбатаў і паспаборнічалі ва ўменні адстойваць сваю грамадзянскую пазіцыю.


Дэбаты «Моладзь і выбары: формула адказнасці» ў Гомельскім раёне арганізавалі ў рамках дыскусійнай платформы «Беларусь будучыні» Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі. Вялі мерапрыемства старшыня Гомельскага раённага аб’яднання прафсаюза Ларыса Леглік і старшыня камісіі па рэгіянальнай палітыцы і ўзаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі Станіслаў Сямёнаў. Ход дэбатаў ацэньвалі запрошаныя эксперты — старшыні Гомельскага і Добрушскага раённых Саветаў дэпутатаў Вікторыя Ладуцька і Уладзімір Маліноўскі, дэпутат Гомельскага абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, дырэктар Гомельскага доследнага лясгаса Ігар Дзягцярык, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Гомельскага райвыканкама Кацярына Лоская і дырэктар Гомельскай абласной арганізацыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Лілія Шахлянкова.

Назіраць за ходам дэбатаў і задаваць хвалюючыя пытанні спікерам маглі і госці сустрэчы — жыхары сельвыканкамаў, моладзь ад працоўных калектываў, прадпрыемстваў і арганізацый Гомельскага раёна.

Для ўдзелу ў дэбатах свае каманды вылучылі маладзёжны Савет Гомельскага раённага Савета дэпутатаў і маладзёжны Савет Гомельскага раённага аб’яднання прафсаюзаў. Маладым людзям неабходна было справіцца з заданнямі трох тураў. Яны адпаведна вызначаліся пытаннямі, вынесенымі для абмеркавання: «Удзел у выбарах — права кожнага грамадзяніна. Удзел у выбарах — не права, а абавязак кожнага грамадзяніна». «Кожны чалавек мае магчымасць паўплываць на сітуацыю ў краіне. Кожны чалавек не мае магчымасці паўплываць на сітуацыю ў краіне». «Кожны дэпутат павінен несці персанальную адказнасць перад сваімі выбаршчыкамі. Кожны дэпутат не павінен несці персанальную адказнасць перад сваімі выбаршчыкамі».

У кожным туры ўдзельнікам трэба было або абараніць, або абвергнуць сцвярджэнне. Шляхам жараб’ёўкі паміж камандамі вызначалася, які бок яны прымуць: за ці супраць. На падрыхтоўку выступлення маладым людзям давалася пяць хвілін, а пасля кожны ўдзельнік каманды павінен быў абараніць сваю пазіцыю. Пры падрыхтоўцы выступлення можна было карыстацца даведнікамі, абапірацца на цытаты з Канстытуцыі і Выбарчага кодэкса. Разам з аргументамі ўдзельнікі дэбатаў маглі прыводзіць прыклады са свайго жыцця, вядомыя статыстычныя даныя. Эксперты і госці ў зале пасля выступлення мелі магчымасць задаць пытанне наконт пазіцыі, якую абараняў той ці іншы прамоўца.

Па выніках дэбатаў перамогу атрымала каманда «Маладыя выбаршчыкі» маладзёжнага савета Гомельскага раённага Савета дэпутатаў. Пераможцамі ў намінацыі «Найлепшая аргументацыя» сталі прадстаўнік гэтай жа каманды, памочнік пракурора Гомельскага раёна Аляксандр Асадчы і прадстаўніца каманды «Прафсаюзы — за» намеснік дырэктара Чонкаўскай базавай школы Гомельскага раёна Таццяна Цурко. У намінацыі «Самае яркае выступленне» найлепшым прызнаны актывіст каманды маладзёжнага Савета Гомельскага раённага аб’яднання прафсаюзаў загадчык філіяла «Урыцкі дом культуры» Юрый Лянкоў. Спецыяльныя прызы ў намінацыі «За волю да перамогі» атрымалі маладыя педагогі Гомельскага раёна — настаўніца Даўгалескай сярэдняй школы Алена Заяц і настаўніца Чонкаўскай базавай школы Юлія Ціткова.

— Напярэдадні Адзінага дня галасавання ўзнятыя моладдзю пытанні вельмі актуальныя. Дэбаты дазволілі не толькі ўдзельнікам каманд, але і гасцям сустрэчы больш глыбока зразумець тэму, прааналізаваць яе і вырашыць, у якім напрамку рухацца далей. Сустрэча аказалася вельмі цікавай і плённай. Наша моладзь чарговы раз даказала, што ёй неабыякавы лёс краіны, — падзялілася ўражаннямі ад мерапрыемства старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька.

Як звярнуў увагу старшыня камісіі па рэгіянальнай палітыцы і ўзаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі Станіслаў Сямёнаў, унікальнасць дыялогу, які прайшоў у фармаце дэбатаў, у тым, што ў ім бралі ўдзел каманды маладзёжных Саветаў Гомельскага раённага Савета дэпутатаў і Гомельскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, а таксама эксперты — прадстаўнікі органаў улады.

— Гэта трохбаковы погляд на адно пытанне. Атрымалася цікава і пазнавальна, — падкрэсліў Станіслаў Сямёнаў. — Важна, што ўдзельнікі выказвалі розныя меркаванні аб тым, якім яны бачаць будучага дэпутата, чаго моладзь чакае ад яго. Узнімаліся пытанні магчымасці анлайн-сустрэч з дэпутатамі. Вельмі шмат гаварылі і аб тым, каб дэпутаты былі актыўнымі карыстальнікамі сацыяльных сетак, вялі свае асабістыя старонкі, тым самым станавіліся бліжэй да моладзі і былі з ёй «на адной хвалі».

На тое, што важнасць выбараў сёння нельга недаацэньваць, звярнула ўвагу моладзі і старшыня Гомельскага раённага аб’яднання прафсаюза Ларыса Леглік:

— Апошнім часам некаторыя краіны сутыкаюцца з праблемай, калі больш чым палова насельніцтва не бярэ ўдзел у выбарах. Нельга проста ігнараваць тое, што людзі зусім адмаўляюцца ад выканання свайго грамадзянскага абавязку. Важна, каб наша моладзь не забывала, што і ад яе актыўнай пазіцыі, удзелу ў галасаванні залежыць, якой будзе краіна найбліжэйшыя пяць гадоў.

Самыя актыўныя ўдзельнікі дэбатаў атрымалі памятныя прызы, галоўны з якіх — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Таксама галоўны закон краіны ў падарунак атрымалі госці сустрэчы — навучэнцы раённых каледжаў і ліцэяў, якія будуць упершыню ўдзельнічаць у выбарах.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У фармаце дэбатаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.