Вы тут

Нагода азірнуцца на зробленае


Заўтра, 20 лютага, стартуе датэрміновае галасаванне дэпутатаў усіх узроўняў. Грамадзяне, якія па тых або іншых прычынах не змогуць прыйсці на ўчастак для галасавання 25 лютага — у адзіны дзень галасавання, ужо могуць аддаць свае галасы за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовых Саветаў дэпутатаў. Нагадаем, што адзіны дзень галасавання пройдзе ў нашай краіне ўпершыню, а электаральная кампанія 2024 года стане самай буйной за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. 4 красавіка вызначыцца склад Савета Рэспублікі, да 18 красавіка будуць аб’яўлены вынікі выбараў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. 


Такім чынам, на працягу двух месяцаў будуць сфарміраваны органы прадстаўнічай улады на найбліжэйшыя пяць гадоў.

Мы распыталі дэпутатаў, якія складаюць свае паўнамоцтвы, аб тым, што ім удалося зрабіць для сваіх выбаршчыкаў.

Як Горы сталі сталіцай сыраварэння

Дэпутат Горскага сельсавета Краснапольскага раёна і адначасова раённага Ірына Аляксеенка працуе ў Горах загадчыцай ФАПа. Работы хапае, але, як чалавек неабыякавы і ініцыятыўны, яна апошнія 14 гадоў была паглыблена ў грамадскую дзейнасць. Выпрабавала сябе ў якасці народнага абранніка ўсіх узроўняў, пачынаючы ад мясцовага і заканчваючы абласным. Тэрмін яе дэпутацкай дзейнасці заканчваецца, і яна з пачуццём выкананага доўгу сведчыць: час быў патрачаны не дарма.

Яе прынцып: пачні з сябе, астатнія падцягнуцца.

— Я, калі зразумела, што на нашай вуліцы неяк няўтульна і шэра, пачала з таго, што навяла прыгажосць каля свайго дома, — усміхаецца Ірына. — А праз два дні мой прыклад ужо распаўсюдзіўся па вуліцы. Нічога новага не прыдумала. Толькі скарысталася народнай мудрасцю: хочаш кагосьці пераканаць, пакажы прыклад. Зрабіў прыгожую агароджу, назаўтра сусед сабе не горшую паставіць. Калі чалавек бачыць, што сапраўды гэта добра і радуе вока, абавязкова адрэагуе.

За 14 гадоў дэпутацкай дзейнасці зроблена шмат карысных спраў. Гэта не ўлічваючы абавязковыя заўсёды рэагаванні на перагарэлыя лямпачкі, стыхійныя звалкі, непачышчаныя вуліцы або непакошаныя абочыны — для дэпутата такія пытанні — звычайная справа. Як і дзейнасць па навядзенні парадку на зямлі, стварэнне для насельніцтва камфортных умоў пражывання.

Па-сапраўднаму бурнае грамадскае жыццё прыпала на перыяд праектнай дзейнасці. У 2017 годзе ў Горах утварылася ініцыятыўная група, якая шмат чаго зрабіла ў самазанятасці насельніцтва.

— Пачыналі з вырошчвання агародніны, — расказвае народная абранніца. — У сельскай мясцовасці гэта заўсёды запатрабавана. Кожную вясну прадпрымальнікі прыязджалі і на «ўра» гандлявалі расадай і саджанцамі. Мы вырашылі заняць гэтую нішу. Шмат праходзіла адукацыйных семінараў, уцягваліся розныя катэгорыі насельніцтва. Да нас падключыліся каля 15 грамадзян.

У Горах наогул жывуць вельмі працавітыя людзі. Шмат хто кароў трымае. І Ірына Аляксеенка разам з паплечніцамі прапанавала заняцца сыраварствам. На той час ужо Слаўгарад грымеў гэтай дзейнасцю, скептыкі сумняваліся, што дасягнуць у гэтым кірунку нейкіх вынікаў. Але дэпутат верыла, што атрымаецца не горш. І насельніцтва будзе пры рабоце. Тыя, хто яе падтрымаў, не памыліліся.

— Запрашалі дасведчаных людзей, праводзілі семінары, трэнінгі, — успамінае яна, як усё пачыналася. — Справа стала наладжвацца. Ездзілі вучыцца сыраварству ў Чэрыкаўскі і Слаўгарадскі раёны, свае традыцыі адраджалі. «Камунгас» нам выдзеліў былы будынак КБА, мы там размясцілі «Цэнтр сыраварства і сельскага маркетынгу». Сталі кліенцкую базу пашыраць, грошы зарабляць. Сёння нашы сыравары вядуць свае старонкі ў сацыяльных сетках і без заказаў не застаюцца. А ў мяне сэрца радуецца, што я і мая каманда не падвялі землякоў.

Ірына Аляксеенка ўзначаліла жаночы кааператыў сыравараў  «Горская скарбніца» і шмат чаго зрабіла на яго карысць. Рабіла дэпутацкі запыт у раён, каб падкармілі пашу, дзе каровы горскія пасуцца. І там, вядома, адгукнуліся. Сёння кааператыў грыміць на ўсю вобласць. Пазалетась яго наведаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка і быў задаволены дзейнасцю актыўных удзельніц.

Дэпутатка заўсёды падтрымлівала тыя справы, якія звязаны з захаваннем народных традыцый, блізкія і дарагія сэрцу яе землякоў. Разам яны пасадзілі ясеневы гай, аднавілі крынічку і адрадзілі нават народнае свята «Дзесятуха».

— Яно толькі ў нас праводзіцца, — запэўнівае суразмоўніца. — Калі добраўпарадкавалі крыніцу, правялі тут свята ўраджаю. Весела і шматлюдна атрымалася. Майстры падцягнуліся — нехта вышыўкай займаецца, нехта — вязаннем, а адна жанчына робіць незвычайна прыгожыя шалі. Усё гэта попытам карыстаецца. Народ яшчэ і падзарабіць змог. Вось мы і вырашылі працягваць традыцыю. Гэта свята ў нас адзначаецца ў дзясятую пятніцу пасля Вялікадня. Шмат народу збіраецца, песні спяваем, гандлюем, жыццю радуемся.

У 2019 годзе дэпутатцы пашчасціла трапіць у групу такіх жа, як яна, апантаных у добрым сэнсе слова сялянак і з’ездзіць у Еўропу для пераймання вопыту. Там яе захапіла адна ідэя, і яна прапанавала аднавяскоўцам рэалізаваць яе на сваёй тэрыторыі.

— У Горах была пустая пляцоўка, дзе калісьці будынак знеслі, і мы яе акультурылі, — расказвае суразмоўніца. — Пасадзілі парк друідаў — 22 дрэвы, якія сімвалізуюць чатыры стыхіі — ваду, агонь, паветра, зямлю. У нас там кедр расце, ядловец, туі. Некаторыя рэдкія дрэвы падарылі старшыня Краснапольскага райсавета Анжаліка Гоман, экс-дэпутат парламента Таццяна Кананчук.

З добрых спраў, пра якія ўспомніць не сорамна, і стварэнне санітарных умоў на беразе Палужскага вадасховішча, дзе кожнае лета размяшчаюцца дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Гэта была адна са шматлікіх грамадзянскіх ініцыятыў, якую падтрымаў Глабальны экалагічны фонд. Падчас яе былі пабудаваны душавыя кабінкі, сталы, прыбіральні. Усё гэта зрабіла жыццё дзяцей і іншых адпачывальнікаў больш зручным і камфортным.

— Калі б мы ўсё гэта рабілі з-пад палкі, нічога б не атрымалася, — пераканана Ірына Аляксеенка. — Мы ж гарэлі, калі браліся за справу, быў нейкі кураж і жаданне зрабіць усё на найвышэйшым узроўні. У мяне ёсць пачуццё задавальнення ад таго, што дэпутацкую місію я выконвала не фармальна. Спадзяюся, мае паслядоўнікі зробяць для сваёй малой радзімы і наогул краіны не менш добрых спраў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва гераіні


У сельскага Савета нямала памочнікаў

Сваю дэпутацкую дзейнасць старшыня Нязбодзіцкага сельскага Савета Свіслацкага раёна Марыя Качко пачала амаль чвэрць стагоддзя таму. І ўвесь гэты час яе жыццё было непарыўна звязана з маляўнічай мясцовасцю на ўскрайку Белавежскай пушчы. Але не толькі хараство прыроды прывабіла сюды жанчыну. Перш за ўсё яе клопаты былі скіраваны на тое, каб жыхары беларускай глыбінкі не адчувалі сябе адарванымі ад «вялікай зямлі».

Сёлета Марыя Фёдараўна прыняла рашэнне сысці са сваёй клапатлівай пасады. «Няхай маладыя папрацуюць, новыя ідэі ўвасабляюць», — заўважае яна ў гутарцы. Магчыма, здольнасці старшыні яшчэ прынясуць карысць на іншым участку работы, а вось на якім, жанчына пакуль не бярэцца афішыраваць. Адно можна сказаць — яна па спецыяльнасці педагог замежных моў і пачынала свой працоўны шлях менавіта ў сферы адукацыі. З цягам часу актыўную настаўніцу заўважылі і абралі дэпутатам сельскага Савета. З таго часу яна вось ужо 24 гады ўзначальвае сельскі Савет і сельвыканкам.

Марыя Фёдараўна не тоіць: працаваць цяпер хоць і складана, але заўважны вынік. У сельскага Савета нямала памочнікаў. Па-першае, гэта сельскі дэпутацкі корпус, у склад якога ўваходзіць 11 чалавек. Усе яны неабыякавыя да жыцця сваёй малой радзімы. Гэта працаўнікі сельскагаспадарчай, медыцынскай галіны, сферы абслугоўвання, прадстаўнікі воінскай часці.

Асабліва плённым у рабоце сельскага Савета выдаўся мінулы год. На сесіях і пасяджэннях сельвыканкама было разгледжана каля 70 надзённых пытанняў. Гэта і добраўпарадкаванне населеных пунктаў, і знос пустых і старых дамоў, і прафілактыка правапарушэнняў, і пытанні зямельнага заканадаўства, і ўдасканальванне медыцынскай дапамогі, і шэраг іншых праблем.

Другім важным звяном Марыя Фёдараўна лічыць органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, ці, папросту кажучы, старастаў. Іх па сельскім Савеце абрана 14 — па колькасці вёсак. А ўсяго на тэрыторыі Нязбодзіцкага сельсавета пражывае крыху больш за 800 чалавек. Як правіла, стаж дзейнасці старастаў даволі працяглы. Гэта людзі, якія карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам у насельніцтва, яны ў курсе патрэб аднавяскоўцаў, гатовы своечасова паведаміць аб праблемах.

— Старасты не толькі інфармуюць сельскія ўлады, але і прапаноўваюць вырашэнне тых ці іншых пытанняў. Напрыклад, па арганізацыі дзейнасці гандлёвых аб'ектаў, бытавога абслугоўвання, устаноў адукацыі, ФАПаў. Пры дапамозе старастаў мы сфарміравалі банк даных грамадзян сталага ўзросту, якія на зімовы час едуць да сваіх дзяцей ці сваякоў. Таксама нашы старасты трымаюць пад увагай адзінокіх людзей, тэлефануюць ім штодзень альбо заходзяць іх праведаць. Цяпер у сельскім Савеце амаль 250 чалавек сталага ўзросту пражываюць адны, — расказвае Марыя Качко.

Яна зазначае, што тут, як і паўсюдна ў Беларусі, ушаноўваюць памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі сельсавета шэсць памятных месцаў, дзе пахаваны байцы і мірныя жыхары, у тым ліку настаўнікі і камсамольцы, расстраляныя падчас нямецкай акупацыі. Памятны знак устаноўлены і на месцы гібелі экіпажа савецкага самалёта ў аграгарадку Грынкі. Штогод жыхары сумесна з сельскім актывам праводзяць касметычны рамонт і прыборку тэрыторый. Летась на рамонт помніка загінулым землякам у вёсцы Стокі выдаткавана 7 тысяч рублёў.

Звычайна работа мясцовых органаў улады вызначаецца па тым, як выглядае населены пункт. Для Марыі Фёдараўны гэта пытанне ў ліку прыярытэтных. Таму для сезонных работ наймаецца рабочы, які абкошвае тэрыторыю, а таксама займаецца вырубкай кустоў і аварыйных дрэў. Між тым і самі жыхары, лічыць старшыня, не павінны заставацца ўбаку. Напрыклад, летась выдадзена 35 прадпісанняў аб навядзенні парадку на сваіх сядзібах. У кожнай вёсцы праведзены сходы, на якіх разглядаліся пытанні павышэння адказнасці за стыхійныя сметнікі. Вядуць тут і барацьбу з сумнікам, яго выдалілі на плошчы ў 27 гектараў. Ліквідавалі 11 несанкцыянаваных сметнікаў, адрамантавалі і пафарбавалі агароджы. Дарэчы, на тэрыторыі сельсавета закрыты ўсе міні-палігоны, а вываз смецця ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дагаворам.

Апошнім часам набыла актуальнась і значна актывізавалася работа з пустымі дамамі. Гэтаму спрыяе і нарматыўная база, якая пастаянна ўдасканальваецца. У Свіслацкай глыбінцы колькасць такіх дамоў расце. Напрыклад, у Нязбодзіцкім сельсавеце яны складаюць амаль 60 %. Значная частка такіх дамоў мае нашчадкаў-уласнікаў і даглядаецца. Безгаспадарчыя сядзібы ўносяцца ў рэестр і разбіраюцца. За апошнія 15 гадоў іх знесена больш за сотню. У мінулым годзе ва ўласнасць сельвыканкама перададзена сем жылых пустых дамоў, пяць прададзены за адну базавую велічыню.

Не забываюць у сельскім Савеце і пра вольны час. Мясцовы тэатр-студыя «Карагод» радуюць сваімі творчымі праграмамі і сваіх жыхароў, і навакольных. Яны выступаюць на розных знакавых імпрэзах і фэстах раёна і вобласці з гульнёй-забавай «Вясковая аптэка». Вядзецца работа па адраджэнні беларускіх нацыянальных страў, вынік якой прадстаўлены падчас вясковага свята. Сельскі Савет такія ініцыятывы заўсёды падтрымлівае.

Вясковая ўлада на чале з Марыяй Качко дбае аб тым, каб гэты куток Свіслацкага краю і надалей развіваўся. І такія перспектывы ёсць. Абумоўлена гэта яшчэ тым, што на тэрыторыі сельскага Савета знаходзіцца частка нацыянальнага парку «Белавежская пушча» з унікальнай флорай і фаўнай. Гэта вабіць сюды турыстаў. У сваю чаргу, мясцовыя аграсядзібы прапануюць ім камфортны адпачынак. Іх на тэрыторыі сельсавета шэсць. Па словах Марыі Фёдараўны, назіраецца асаблівы інтарэс гараджан да адпачынку ў традыцыйных вясковых дамах.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота старшыні Нязбодзіцкага сельсавета


«Заўсёды адчувала сябе побач з выбаршчыкамі»

Валянціна Бегеба, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Пінскай выбарчай акрузе № 15:

— Вядома, для дэпутата парламента самай галоўнай справай з’яўляецца работа над законамі, іншымі словамі заканатворчая дзейнасць. Толькі ў 2023 годзе можна гаварыць пра 16 пасяджэнняў Палаты прадстаўнікоў, у якіх я прыняла ўдзел, пра 57 законапраектаў, прынятых у першым чытанні, 58 — у другім, у адным чытанні — 49, у тым ліку па ратыфікацыі міжнародных дагавораў, пагадненняў — 47, у двух чытаннях прыняты тры законапраекты. Але гэта калектыўная праца. З яе вынікамі можна падрабязна азнаёміцца на электронных рэсурсах парламента.

У Палаце прадстаўнікоў з’яўляюся намеснікам старшыні камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання, чарнобыльскай катастрофы. Давялося працаваць у складзе камісій, дэлегацый, рабочых груп. І ў гэтым кірунку зроблена нямала. Але зараз хачу сказаць пра іншае: увесь свой дэпутацкі тэрмін я адчувала цесную сувязь з акругай, з маімі выбаршчыкамі. Маю на ўвазе не толькі асабістыя прыёмы, прамыя лініі, пісьмовыя і вусныя звароты, якія давялося разглядаць. Хоць пералічанае таксама надзвычай важна. Кожны са зваротаў быў разгледжаны, іх аўтары атрымалі адказы, многае ўдалося вырашыць аператыўна.

На працягу склікання імкнулася заўсёды быць у курсе спраў сваёй акругі. Пры першай магчымасці ўдзельнічала ў рабоце сесій райсавета, у пасяджэннях райвыканкама. А яшчэ ішла ў навучальныя ўстановы, працоўныя калектывы, гаварыла з людзьмі. Вось, скажам, у нас, на Піншчыне, асабліва «баліць» тэма мінулай вайны. Страшныя падзеі адбываліся, калі гэты край аказаўся пад акупацыяй нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яны ўчынілі сапраўдны тэрор мірнага насельніцтва і генацыд біблейскіх маштабаў. Дастаткова сказаць, што на Піншчыне было забіта больш людзей, чым пражывала ў горадзе да вайны. Паводле найноўшых даследаванняў, у рэгіёне карнікамі знішчана каля 72 тысяч людзей розных нацыянальнасцяў, у тым ліку ваеннапалонных. Сёння гэтаму ваеннаму злачынству беларускай дзяржавай удзяляецца асаблівая ўвага. Наш агульны абавязак — не дазволіць сцерці памяць пра загінулых ды нявінна забітых і не дапусціць паўтору чорных старонак гісторыі мінулага. Лічыла сваёй святой справай удзельнічаць ва ўсіх памятных мерапрыемствах. А яшчэ надзвычай важнай была размова на пазначаную тэму з маладымі людзьмі ў розных аўдыторыях. Размаўляла і бачыла водгук у іх вачах, адчувала, што зерне трапляе на добрую глебу. Зноў і зноў прыходжу да высновы, што ў нас добрая моладзь, з ёю трэба гаварыць на роўных, не баяцца любых пытанняў, у тым ліку і вострых. І гэта абавязак дэпутата любога ўзроўню.

Абавязкова трэба бываць там, дзе жывуць выбаршчыкі, асабліва калі гаворка ідзе пра сельскую акругу. У мінулым годзе мне давялося займацца пытаннем гандлёвага абслугоўвання малых населеных пунктаў раёна. Яшчэ раней ад грамадзян паступалі звароты-скаргі на недастатковы асартымент аўтакрам, на тое, што не заўсёды дакладна вытрымліваўся графік прыезду. Не раз даводзілася ўзнімаць гэтыя пытанні на розных узроўнях. Добра, што сітуацыя памянялася. Калі мы выехалі з кіраўніцтвам гандлёвай арганізацыі ў вёскі мінулай вясной, то пачулі ад людзей словы падзякі. Ды і на свае вочы ўбачылі прыстойны асартымент магазінаў на колах. З вяскоўцамі гаварылі таксама пра розныя аспекты жыцця. Асабліва сёння хвалюе людзей медыцынскае абслугоўванне, добра, што ў гэтым пытанні вялікіх нараканняў не было. Амаль усе жыхары невялікіх вёсак гаварылі аб міры як самай галоўнай каштоўнасці цяперашняга часу.

Думаю, што для дэпутата надзвычай важна ведаць і адчуваць, чым жывуць выбаршчыкі ў акрузе.

Запісала Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота сайта газеты «Пінскі веснік»


На карысць людзей і малой радзімы

Паравоз у аграгарадку Опса

На працягу 14 гадоў Ніна Антонаўна Пучынская з’яўляецца старшынёй Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў, прыкладна столькі яна сумесна са старшынямі сельсаветаў займаецца добраўпарадкаваннем населеных пунктаў раёна.

На Браслаўшчыне дзевяць сельскіх Саветаў, на карце раёна каля 600 населеных пунктаў. Тэндэнцыя вымірання вёсак, як і ў іншых рэгіёнах краіны, прыйшла і сюды — амаль у трохстах пражываюць менш за пяць чалавек. Нягледзячы на тое, што Ніна Антонаўна актыўна займаецца добраўпарадкаваннем аграгарадкоў, маленькія аддаленыя вёскі таксама знаходзяцца ў полі яе зроку: пусціць грэйдар, падсыпаць дарогу да могілак, дапамагчы з ачысткай калодзежа. Тым больш што апошнім часам прыемна цешаць душу старшыні факты вяртання маладых сем’яў у бацькоўскія дамы.

Сёння ў большасці вёсак, дзе пражывае да дзесяці чалавек, фактычна не засталося сельскіх клубаў, дзе б вяскоўцы маглі бавіць час. А сабрацца ўсім разам, адзначыць святы народнага календара ці проста адпачыць хочацца. Таму на Браслаўшчыне прыдумалі добраўпарадкоўваць месцы грамадскага адпачынку з альтанкамі і лаўкамі, звычайна там, дзе жыхары чакаюць аўтакраму. Да кожнага такога міні-праекта падыходзяць рацыянальна: каб адным махам і хмызняк убраць, і камфортную пляцоўку стварыць. У вёсцы Дзірнічы таксама ўладкавалі такую, а наступным днём бабуля-актывістка там разбіла кветнік.

«Канешне, вялікую дапамогу нам аказваюць старэйшыны, без якіх паміж вяскоўцамі і органамі мясцовага самакіравання не было б такой эфектыўнай сувязі. У Вайнюнцах востра ўстала пытанне з вадой, выйшла са строю помпа. Дык вось старэйшына Святлана Ракель арганізавала людзей, разам сабралі сродкі і набылі новую. Цяпер вяскоўцы самі назіраюць за воданапорнай вежай», — расказвае Ніна Антонаўна.

Браслаўшчына неаднойчы станавілася пераможцам абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў, Опсаўскі сельсавет таксама нядаўна стаў лідарам. Ахрэмавіцкі і Відзаўскі былі ў ліку пераможцаў рэспубліканскага конкурсу па добраўпарадкаванні. Але і само кіраўніцтва раёна пад рэалізацыю найбольш цікавых праектаў мясцовых актывістаў вылучае сродкі з бюджэту. Так, у 2024 годзе ў сельсаветы плануюць накіраваць больш за 400 тысяч рублёў.

У аграгарадку Опса, які знаходзіцца на прыграніччы з Літвой і Латвіяй, мясцовыя ўлады стварылі інфраструктуру не горш за краявіды райцэнтра. Акрамя інфармацыйных стэндаў, акуратных туй, падсветкі, якая ўражвае дальнабойшчыкаў, тут у вяскоўцаў ёсць свая славутасць — помнік паравозу. Гэты аб’ект, які з’яўляецца копіяй старадаўняга транспарту, што звязваў Беларусь і Літву, вырабілі майстры з Відзаўскага каледжа. Тут у 1939 годзе перастала працаваць вузкакалейка, пазней разнеслі рэйкі, застаўся толькі насып, на які і паставілі гістарычную каштоўнасць, побач з якой сёння размяшчаецца сажалка з лілеямі.

У вёсцы Пагошча стварылі зону адпачынку для дарослых і дзяцей, праект выйграў грант Віцебскай асацыяцыі мясцовага самакіравання, дадалі і асабістыя сродкі. Адметнасцю работы ў сваім раёне Ніна Антонаўна называе тое, што на ініцыятыву адгукаюцца талакой і працуюць на агульны вынік. Вось і пры добраўпарадкаванні дзіцячага гарадка значную падтрымку аказаў мясцовы СВК «Маяк Браслаўскі». Цяпер амаль у 600 тутэйшых і жыхароў суседняй вёскі ёсць свая каляровая прастора з горкамі, альтанкай, а яшчэ да пляцоўкі вядзе цудоўны драўляны мост.

«Калі людзі зацікаўлены ў тым, каб зрабіць свой куток лепшым, вёскі будуць жыць. А органы мясцовага самакіравання павінны ўмець чуць і адгукацца на прапановы насельніцтва. Знойдуцца сродкі, час і сілы — было б толькі жаданне!» — усміхаецца Ніна Пучынская.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з адкрытых крыніц


І гонар, і вялікая адказнасць

Дырэктар Дуброўскай сярэдняй школы,  дэпутат Светлагорскага райсавета Таццяна Стукач  ушаноўвае вяскоўцаў падчас Дня вёскі ў Дуброве

Своечасовая дапамога, падстаўленае плячо, сумленне, цярпенне, разуменне, неабыякавасць да людзей, да жыцця ў сваёй вёсцы, раёне, вобласці, краіны ў цэлым... Без гэтага не можа адбыцца дэпутат, пераканана жыхарка Светлагоршчыны Таццяна Стукач.

Таццяна Іванаўна — дэпутат Светлагорскага раённага Савета дэпутатаў.

У свой час была абрана дэпутатам у сваім сельсавеце, і вось ужо чатыры скліканні — у раённым Савеце дэпутатаў.

Па сваёй асноўнай дзейнасці народная абранніца — педагог. Таццяна Іванаўна ўсё сваё жыццё прысвяціла рабоце з вясковымі дзецьмі. Хутка 19 гадоў, як яна працуе на пасадзе дырэктара ясляў-сада — сярэдняй школы ў аграгарадку Дуброва. Выхоўваецца і вучыцца тут 118 дашкалят і школьнікаў. Гэта дзеці не толькі з Дубровы, але і сямі суседніх вёсак.

Родны населены пункт Таццяны Іванаўны, дарэчы, — адзін з буйных у раёне. Тут жыве амаль 500 чалавек. На тэрыторыі — амбулаторыя, Дом культуры, бібліятэка. Аграгарадок — цэнтр буйной гаспадаркі «Дубрава-Агра», дзе працуе шмат мясцовых жыхароў.

— Асноўная праца і як дэпутата, і як кіраўніка ўстановы адукацыі — гэта ў тым ліку клопат пра сем’і, узаемадзеянне з усімі дзяржустановамі на вёсцы, кіраўніцтвам гаспадаркі. Разам выступаем з ініцыятывамі і прымаем непасрэдны ўдзел у іх ажыццяўленні. Працуем і вырашаем усе хвалюючыя пытанні. Не ўсё, безумоўна, удаецца хутка і станоўча вырашыць, але мы імкнёмся, не застаёмся раўнадушнымі да праблемных сітуацый, — адзначае Таццяна Стукач.

Дэпутат з радасцю зазначае, што цяпер у абласную праграму па добраўпарадкаванні дарог уключаны іх аграгарадок Дуброва. Якасць дарог — вельмі значнае для мясцовых жыхароў пытанне, якое, безумоўна, хвалюе людзей, і дэпутаты звяртаюць на гэта ўвагу. Раней з удзелам дэпутатаў у Дуброве вырашалі пытанне водазабеспячэння. Яно пакуль не вырашана на 100%, але пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання, і якасць вады палепшылася.

У Таццяны Стукач — багаты вопыт работы і ў складзе аглядальных камісій на тэрыторыі свайго сельсавета. Давялося ёй разбірацца і ў асабістых зваротах людзей, калі была патрэбна падтрымка, дапамога, у тым ліку сацыяльная шматдзетным сем’ям, адзінокім пенсіянерам.

Таццяна Іванаўна згадвае, што за амаль 15 гадоў дзейнасці ў якасці дэпутата райсавета плён працы вялікі.

— Зроблена шмат, безумоўна, не толькі мной асабіста, але і пры падтрымцы многіх калег-дэпутатаў, нашых мясцовых жыхароў. Гэта і добраўпарадкаванне, развіццё сацыяльна значнай інфраструктуры, удзел ва ўсіх рэспубліканскіх, абласных, раённых акцыях, арганізацыя і правядзенне мноства мерапрыемстваў. Адзін з прыкладаў — штогод, вось ужо на працягу больш чым дзесяці гадоў, мы ў Дуброве арганізоўваем свята вёскі, — падзялілася дэпутат.

Менавіта Таццяна Іванаўна выступіла ініцыятарам правядзення такога надзвычай папулярнага мерапрыемства сярод сваіх землякоў.

— Свята вёскі адзначаем сапраўды масава. Прыязджаюць, збіраюцца і былыя, і сённяшнія жыхары аграгарадка. Далучаюцца і ўсе нашы сацыяльныя ўстановы: школа, амбулаторыя, Дом культуры, бібліятэка і калектыў нашай гаспадаркі. Ушаноўваем вяскоўцаў, якія паказваюць сябе ў працы, вылучаюцца актыўнай грамадскай работай на карысць роднай вёскі. Штогод аб’яўляем шмат самых розных намінацый, узнагароджваем людзей. Ушаноўваем, у тым ліку, працоўныя дынастыі землякоў, якія працуюць ва ўсіх сферах, — шчыра дзякуе дэпутат вяскоўцам, што яны падтрымліваюць гэту традыцыю.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота газеты «Светлагорскія навіны»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.