Вы тут

Вясна прыйдзе і развее...


Прачытала заклік Алены Ляўковіч прачынацца ад зімовай спячкі насустрач вясне і ўсміхнулася: вам, мінчанам, якраз вясну гукаць! У вас там яшчэ снег ляжыць, а пад снегам — дзе-нідзе лёд. А ў нас тут... Першага лютага я ехала ў Жабінку, ад снегу нідзе і следу, азімыя прыгожа зелянелі. Ужо тыдні паўтары, як у асобных гаспадарках паўднёвых раёнаў тэхніка на палі выйшла. А ў суботу калега з Гродна даслала здымак падснежнікаў, якія вылезлі на клумбе. Значыць, у нас, па вызначэнні, павінны ўжо быць. У іх жа, у Гродне, век халадней было, чым у нас. Памятаю, як сын служыў там, дык вечарам патэлефануе, расказвае, што днём снег чысцілі, прыбіралі. А мы дзівіліся, тут яго і блізка не было.


І ўсё ж мінулымі выхаднымі Брэст учыстую прайграў сталіцы. Мінская каляжанка тэлефануе і расказвае: «Прыгожы, сонечны дзень выдаўся, і да таго светла зрабілася на душы, проста нейкае адчуванне, што хочацца ўзняцца і ляцець». А ў нас — і дождж, і вецер, і суцэльная цямнеча, канца якой ніяк не відаць. Гэтым разам неяк асабліва чакаю вясну. Можа, таму, што восень выдалася надзвычай цяжкай, не нашмат лепшай была зіма...

Як высветлілася, не адна я чакаю. Прынамсі, у нашым доме яе чакае яшчэ адзін чалавек. Трохгадовы. Ён зайшоў раніцай у ліфт крыху нібы заплаканы і зусім невясёлы. Бацька яго расказаў, што зранку капрызіў, тупаў нагамі, у садок не хацеў збірацца. Маці ўгаворвала, супакойвала, а потым нарэшце спытала: «Ну чаму ты сёння так дрэнна сябе паводзіш?» — «Таму што вясна не наступае», — выдаў выпускнік ясельнай групы. Выходзіць, у кожнага свае рахункі з вясной.

Бо яна, здаецца, прынясе палёгку, новыя ўражанні, новыя спадзяванні. Абавязкова павінна прынесці. Інакш што гэта за вясна? Неўзабаве заедзем у вёску, а там, можа, ужо мае гіяцынты павылазілі з зямлі, а ў суседзяў прачнуліся цюльпаны. Потым прыляціць бусел з заморскіх краёў. Але гэта крыху пазней, звычайна ў канцы сакавіка. А ў пачатку, да якога, лічы, тыдзень застаўся, з’яўляецца першы бярозавік.

Адзін з самых светлых вясновых успамінаў маладосці звязаны менавіта з бярозавым сокам. Яшчэ ў час работы ў «раёнцы», а значыць, даўным-даўно, цэлай кампаніяй выбраліся на дзялянку, дзе можна было нарыхтоўваць сок. Адсюль выснова — раней таксама бывалі раннія вёсны. Мы паехалі 7 сакавіка, на пярэдадні свята. Вось так раптоўна нехта кінуў ідэю, сабраліся за пяць хвілін і паехалі. Не ведаю, як гэта расказаць: паветра, пахі, першыя зялёныя парасткі, — адным словам, лес яшчэ не быў вясновы, але ён ужо дыхаў вясною. Хлопцы смяяліся: «Нармальныя мужчыны ўжо выпіваюць ды жанчын віншуюць, а мы дзяўчат у лес вывезлі ды прымусілі жалязякі насіць». Мы і сапраўды дапамагалі ў клопатах, бярозу падсочыць інструмент патрэбны, а яшчэ адпаведны посуд і ўсё такое. Паднесці, падаць, патрымаць тады не ўяўлялася цяжкім. Але ж пахадзіць па лесе, злавіць тое самае першае імгненне абуджэння стала асаблівай радасцю. Вось як мінская калега гаварыла: «Стан душы такі, што ўзляцець хочацца». Мы сталі шукаць кветкі. Самыя рацыянальныя з нашай кампаніі казалі, што яшчэ не час. Але я знайшла пад леташнімі рудымі лісцямі амаль празрыстыя яшчэ парасткі сіняй пралескі.

Потым, вядома, развялі касцёр, пасядзелі, пагаварылі, паспыталі першы найсвяжэйшы бярозавік. А яшчэ зварылі гарбату на бярозавым соку. Здаецца, у той вечар гучалі вершы. Нешта накшталт Багдановічавага: «Гукне вясна, і як ветрам развее // Гора-нуду» альбо Коласавага: «Зашуміць трава густая, // Кветкі ў лузе засмяюцца. // Вясна прыйдзе маладая, // Ўсюды песні панясуцца».

Вось вам і адказ, чаму вясны хочацца. Бо яна асацыіруецца з маладосцю года, маладосцю зямлі, маладосцю адчуванняў, якія хіба толькі сапраўдны паэт і можа выказаць родным словам. Дарэчы, сёння Дзень роднай мовы. Добра, што ён адзначаецца ў гэтую пару, напярэдадні вясны. Па радыё адзін чыноўнік нядаўна так прыгожа, аргументавана, пераканаўча гаварыў пра важнасць роднай мовы як асновы ўсяго, як сродку перадачы звычаяў, традыцый, крыніцы падтрымання сувязі паміж мінулым, сучасным і будучым. На чыстай рускай гаварыў. І гэта вельмі па-нашаму. Дык са святам вас! І хай вясна гаворыць з намі мовай ручаёў, пяшчотнай зеляніны, першай пралескі!

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.