Вы тут

Свята вынасу ёлкі


«З гадамі толькі тое і робіш, здаецца, што прыбіраеш ёлку ды разбіраеш», — радок калегі Валянціны Доўнар запаў у душу яшчэ тады, як ёлку збіраліся ставіць, і вось зноў узнік у памяці, як давялося яе разбіраць. Здавалася б, звычайная справа, найлепшая ілюстрацыя адвечнай мудрасці, што ўсё на свеце праходзіць: ёлка пастаяла, трэба яе выкінуць. Але чамусьці агортвае нешта сумнае, невядома адкуль бярэцца шкадаванне, нават водбліск роспачы заўважаю зараз у гэтым будзённым абрадзе. Можа, справа ва ўзросце, а можа, цяперашні свет спрыяе іншаму ўспрыманню прывычнага.


Некалі, як дзеці былі малыя, мы называлі гэты дзень святам вынасу ёлкі. У скрынку з цацкамі на самае донца пхалі запіскі з пажаданнем на наступны год. Абавязковай умовай было не глядзець іх аж да наступнай ёлкі. Гэтая завядзёнка знікла сама сабой недзе пасля пераходу дзяцей з пачатковых класаў у сярэднія. Але ўсё роўна ёлку разбіралі разам, згадвалі, што добрага адбылося за навагоднія дні, якія праблемы ўзніклі альбо вырашыліся. А цяпер... Ёлку разбіраю, калі выдалася свабодная гадзіна, і міжволі згадваю: пакуль яна стаяла, адзін наш знаёмы памёр, другі захварэў, трэці трапіў у бяду. Скажаце — нагнятаю, варта паглядзець на падзеі з іншага боку. Ну, і я так падумала, адкрыла стужку навін ды чытаю. Адразу натыкаюся на паведамленне, што ў адной з замежных лабараторый стварылі вірус са смяротнасцю 100 працэнтаў.

Указаны вірус называюць стрыечным братам вядомага нам COVІD-19. 

І цяпер, па ўсім выходзіць, тыя вучоныя, што тады не дабралі забойнай сілы свайму дзецішчу, навярсталі «ўпушчанае». І што з таго, што многія эпідэміёлагі свету выказваюць апасенні наконт падобных эксперыментаў. Яны вядуцца і працягваюць весціся, магчыма, не ў адной толькі лабараторыі, пра «поспехі» якой, не выключана што, выпадкова прасачылася інфармацыя. Вядома, усе будуць пераконваць, што ў іх поўная гарантыя бяспекі, ніякі вірус з прабіркі век не вылезе. Часцей за ўсё так бывае гадамі, дзесяцігоддзямі, але бываюць і выключэнні, як здарылася ў 2019 годзе. Чым абярнулася тая ўцечка, мы ўсе ведаем, як і рызыкі новых падобных распрацовак разумеем. Вось толькі не зразумела, навошта так гуляюць з агнём тыя, хто замаўляе і фінансуе падобныя распрацоўкі. Няўжо яны думаюць, што ў выпадку чаго, іх абыдзе імі ж створаная навала?

Тады ім варта пачытаць яшчэ адну навіну са стужкі таго ж дня. Астраномы знайшлі найстарэйшую з вядомых чорную дзірку. Яна паглынае сваю галактыку-гаспадара. Так, дарэчы, найчасцей здараецца са стваральнікамі рознага кшталту «чорных дзірак». І ў сусвеце, і ў прыродзе, і ў грамадстве. Напрыклад, усім вядомы крылаты выраз аб тым, што ўсялякая рэвалюцыя зжырае сваіх дзяцей. Сведчанні таму можна знайсці ў любым падручніку гісторыі. Звычайна ахвярамі становяцца рэвалюцыйныя рамантыкі, якіх прыбіраюць з дарогі больш прагматычныя персанажы. І ў гэтым кантэксце летапісцы падзей часта згадваюць фразеалагізм аўтарства дзеяча французскай рэвалюцыі Дантона. Радзей успамінаюць яго шкадаванне, агучанае ў апошнім слове перад рэвалюцыйным трыбуналам, які прыгаварыў яго да гільяціны: «Гэта ж я заснаваў ваш подлы трыбунал, няхай даруюць мне Бог і людзі». Але ў Бога, як пісаў адзін дасціпны літаратар, асаблівае пачуццё гумару, ён можа жорстка спытаць за пралікі.

Я ўсё гэта да чаго? Ну, не магу я ўцяміць, не хапае разумення, чаму людзям не жывецца па-людску ў трэцім дзесяцігоддзі новага века. Навошта развязваць войны, падтрымліваць штучнае напружанне, множыць трагедыі, беды, калі можна жыць іначай?! Ну, як не ўсяленскія «мір, дружба, жвачка», то хоць бы балансаваць недзе на мяжы, каб не звальвацца за край і не цягнуць за сабой іншых. Кажуць, за любой вайной, рэвалюцыяй, усялякім крызісам стаяць эканамічныя складовыя. Хутчэй за ўсё, так і ёсць. Але на якую халеру тыя эканамічныя бонусы, калі не зможаш проста спакойна жыць, без страху і аглядкі, сустракаць світанні, прыбіраць ёлку — спачатку з дзецьмі, потым з унукамі, паказваць ім рэкі, мора, горы, любавацца, як цвіце сакура альбо сіні васілёк! Гэта ўжо, што ў каго расце... 

А можа, усё як-небудзь выраўнуецца, усталюецца, супакоіцца — вельмі ж хочацца верыць. І хуткі бег гадоў заўсёды звяраць будзем па тым, як ставім ды выносім ёлку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.