Вы тут

Сама сабе гаспадар... у вёсцы


Зараз ізноў загаварылі пра пільную патрэбу не страціць вёску, захаваць яе, не згубіць спрадвечны вясковы ўклад жыцця, які заўсёды служыў захавальнікам звычаяў, традыцый, а значыць, культурнага кода народа. На гэты раз пасыл ідзе з самага высокага ўзроўню, але ж названая тэма перыядычна ўзнікае ў СМІ, сацсетках, нават у размовах сярод калег, сяброў, знаёмых. Усім зразумела, што вёску страціць нельга, але не да канца зразумела, як гэта зрабіць. Вось і мне захацелася ўставіць, як той казаў, свае пяць капеек.


Кажу не пра аграгарадкі, цэнтры сельгаспрадпрыемстваў, сельсаветаў, у якіх будуецца жыллё, падтрымліваецца інфраструктура, сацкультбыт. Але пра вёскі, якія побач альбо наводдаль, якія на вачах пусцеюць і ад якіх, на жаль, нярэдка застаюцца толькі назвы. Апошнім часам ад многіх людзей, на розных узроўнях даводзілася чуць сцвярджэнне, што гараджане-дачнікі вёску не выратуюць. І гэта спрэчнае пытанне. Бо многія з тых дачнікаў паступова становяцца сталымі жыхарамі. А хто тады выратуе? Неяк спецыяльна стымуляваць перасяленне, як у сталыпінскія часы? Можа было б і нядрэнна, але ж такая кампанія патрабуе немалых сродкаў. А без сродкаў як?

Вось некалькі пыкладаў з журналісцкага блакнота апошніх гадоў, якія наводзяць на роздум. Знарок бяру толькі адзін раён — Пружанскі. І першым хочацца згадаць дзеда Тарасюка. Народны майстар Мікалай Тарасюк, якога ведаюць у краіне як самародка-рэзчыка па дрэву. Яго драўляны люд і ёсць своеасаблівы помнік вясковаму ўкладу, вясковаму чалавеку. Дзед Мікалай быў апошнім жыхаром сваіх Стойлаў. А на адной з яго кампазіцый красуецца подпіс: «Некалі мужычок па зямлі плакаў, а цяпер зямля па мужычку плача». Кожную вясну, пакуль мог, ён запрагаў свайго любімага каня Орліка і араў, колькі мог абрабіць той зямлі. Гэта і быў яго пратэст супраць таго, што пусцеюць і выміраюць вёскі, што не плывуць песні ўвечары над ракой. Дзеда Тарасюка ўжо няма, але, дзякуючы, яму застаўся ў Стойлах яго музей, іншыя людзі адкрылі побач аграсядзібу, фішкай якой зрабілі менавіта спадчыну Тарасюка. Цяпер туды заязджаюць турысты, там паявіліся арт-аб’екты. Хто ведае, можа, і не знікнуць Стойлы зусім.

Яшчэ адзін апошні жахар вёскі Немкавічы, якая, дарэчы, не вельмі далёка ад Стойлаў, Міхаіл Герасімчук, быў чалавек іншага кшталту. У мінулым калгасны трактарыст, перадавік, ардэнаносец, ён меў асабістую крыўду на былога кіраўніка краіны Брэжнева. Не больш, не менш. Міхаіл Юстынавіч расказваў аўтару гэтых радкоў, што паводле яго глыбокага пераканання, вёску загубіла палітыка 1970–1980 гадоў, калі ўсяляк стымулявалі моладзь ехаць у вялікія гарады. Вось і яго старэйшы сын, у якога бацька заўважаў задаткі селяніна, паехаў у горад, там загінуў даволі маладым. «А каб ён і яго таварышы тады засталіся, каб будавалі хоць крыху якое жыллё, усё было б зараз па-іншаму», — разважаў сталы ветэран працы. Міхаіла Юстынавіча ўжо няма, і Немкавічы канчаткова асірацелі...

Усяляе пэўны аптымізм той факт, што ў многіх населеных пунктах, асабліва бліжэй да Белавежскай пушчы, паяўляецца новая фармацыя жыхароў — тыя, хто пераязджае з горада. Найчасцей гэта людзі, якія выходзяць на пенсію і мяняюць гарадскую прапіску. У большасці сваёй — яны выхадцы з гэтых мясцін. Вось, як напрыклад, Валерый Жэдзь. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак адрадзіў бацькоўскую сядзібу ў Акольніку і пераехаў канчаткова. Акольнік не проста маляўнічая мясціна, тут уражваюць размах, маштабы, адчуванне заможнасці. Гаспадары будаваліся не побач адзін з адным, а на адлегласці, у кожнага была сядзіба з вялікім дваром, такім жа садам.

Валерый Аляксандравіч лічыць, што вёску можа выратаваць толькі наяўнасць работы для маладога пакалення, тады будуць жыць сем’і, нараджацца дзеці.

Але ж цяпер, як выглядае, адлегласці не становяцца праблемай. Усё больш адукаваных людзей, якія могуць працаваць дыстанцыйна, быў бы добры інтэрнэт. А ў глыбінцы ёсць магчымасць набыць альбо узвесці адносна недарагое жыллё і жыць на прыродзе, на чыстым паветры. Праўда, ужо дзяржава павінна клапаціцца пра стан дарог, транспартныя камунікацыі, той жа інтэрнэт, каб у вёсках падтрымліваць магчымасці для жыцця. І прыклады ёсць. Некаторыя дальнабачныя кіраўнікі гаспадарак стараюцца ўзводзіць жыллё для працаўнікоў не толькі і не столькі на цэнтральных сядзібах, колькі ў іншых вёсках. Дастаткова забяспечыць падвоз да работы альбо дзяцей да школы, і вёска будзе развівацца, хаця б не знікне. Асобная тэма, калі гараджане самі будуюць дамы ў сельскіх населеных пунктах і ездзяць на працу. Але гэта датычыць прыгарадных населеных пунктаў.

Шчыра кажучы, мяне здзіўляюць людзі, якія дзесяцігоддзямі жывуць у інтэрнатах, маласямейках вялікіх гарадоў без асаблівай перспектывы пабудаваць прыстойнае жыллё. Не ведаю, што перашкаджае набыць у вёсцы недарагі дом, паступова ўладкаваць яго і пачаць жыць свабодна, а не цясніцца ўсёй сям’ёй у адным пакоі. Так, працаваць давядзецца ў сельскай гаспадарцы. Дык і ў горадзе на прадпрыемствах, у камунальнай гаспадарцы, іншых сферах не вельмі лёгкая праца.

Зусім нядаўна ў адной з гаспадарак раёна расказалі пра жанчыну, якая пераехала аж з Казахстана. Ніхто дакладна не ведае, кажуць, нешта не заладзілася там з сямейным жыццём. Яна прыехала з дзецьмі, купіла вясковую хату. Юрысту па адукацыі — работы па спецыяльнасці не знайшлося, і наша гераіня ўладкавалася на ферму аператарам машыннага даення. Зарплата прыстойная, дзеці ходзяць у школу. Яна заўсёды ідзе з прамой спінай, дагледжаная, ні ад каго не залежыць, і ніхто, як выглядае, ёй ні ўказ.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.