Вы тут

У Міжнародны дзень роднай мовы прайшла рэспубліканская дыктоўка


У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі Міжнародны дзень роднай мовы адзначылі традыцыйнай рэспубліканскай дыктоўкай па беларускай мове.


— Асноўная мэта дыктоўкі — гэта, канечне, магчымасць праверыць узровень валодання нормамі беларускай літаратурнай мовы, — адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў. — Але гэта яшчэ і магчымасць звярнуць увагу на прыгажосць, мілагучнасць роднага слова, адчуць смак, водар, самабытнасць, музыку беларускага слова, а таксама прадэманстраваць сваю павагу, любоў да роднай зямлі, краіны, яе культуры, духоўнай спадчыны. 

Сёлета тэма дыктоўкі была цесна звязана з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў. Такім чынам тэкст фарміраваўся з улікам гэтай знамянальнай даты. «Памяць і гонар» — менавіта такая назва была ў яго, але цікава, што ў адрозненне ад мінулых гадоў за аснову браўся зборны публіцыстычны тэкст, а не мастацкі.

Па словах Ігара Капылова, з кожным годам колькасць удзельнікаў павялічваецца, а геаграфія пашыраецца. Так, сёлета на рэспубліканскую дыктоўку зарэгістравалася больш за тысячу людзей. Сярод іх ёсць удзельнікі з Кітая, Японіі, Латвіі, Эстоніі, Канады і ЗША, а таксама з некаторых іншых еўрапейскіх краін. Спецыяльна для тых, хто пісаў дыктоўку анлайн, вялася трансляцыя каналам «Культура» Беларускага радыё і YouTube-каналам «Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа».

У аўдыторыі сапраўды быў ажыятаж. Некаторыя нават пісалі дыктоўку стоячы — не хапала месцаў! У канцы мерапрыемства ўсе ўдзельнікі самастойна праверылі свае тэксты. Кожны атрымаў сертыфікат аб удзеле, а самым пісьменным уручылі апошнія выданні Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа: «Тлумачальны слоўнік сучаснай беларускай літаратурнай мовы» ў двух тамах, «Беларуска-рускі слоўнік» і «Слоўнік новых запазычаных слоў беларускай мовы».

Трэба адзначыць, што напярэдадні Дня роднай мовы ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа з’явілася шмат цікавых навінак.

— Наш Інстытут актыўна працуе і планамерна займаецца даследваннем сучаснага стану беларускай мовы, беларускіх народных гаворак, акрамя таго, мы актыўна ўкараняем сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў даследванні мовы, — падзяліўся Ігар Капылоў. — Так, мы стварылі сінтэзатар беларускага маўлення з удзелам штучнага інтэлекту. Таксама нядаўна ў нас запрацавала моўная даведка. Цяпер кожны жадаючы можа задаць пытанне, атрымаць кваліфікаваны адказ і анлайн-кансультацыю.

Таксама ён адзначыў і такую фундаментальную працу, як «Граматычная база беларускай мовы», якая ўвайшла ў трыццатку самых буйных слоўнікаў свету. Калі яго перавесці ў папяровы фармат, то атрымаецца прыкладна 60 тамоў.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.