Вы тут

Як падтрымліваецца прамысловая бяспека краіны


Галоўныя задачы Дзяржаўнага прамысловага нагляду — спецыяльная кантрольная дзейнасць у галіне прамысловай бяспекі, перавозкі небяспечных грузаў, папярэджанне аварый і інцыдэнтаў. Пра тое, якія меры прымаюцца для забеспячэння прамбяспекі ў краіне, расказалі спецыялісты дэпартамента.


Нагляд плюс дыягностыка

Як адзначыў намеснік начальніка Дзяржпрамнагляду Андрэй Кончык, зараз пад кантролем іх арганізацыі знаходзяцца больш за 51 тысячу ліфтаў, звыш 10 тысяч грузапад’ёмных збудаванняў рознага тыпу (пад’ёмныя, аўтамабільныя, вежавыя краны), аб’екты нафтахіміі, больш за 190 атракцыёнаў, а таксама ўсе піратэхнічныя вырабы 4-га—5-га класаў, якія ўвозяць у краіну.

Акрамя таго, асаблівая ўвага надаецца 65 інвестыцыйным аб’ектам, у тым ліку ААТ «Гродна Азот», Мазырскаму НПЗ, ААТ «Нафтан» і Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. «Нагляд ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дакументамі, якія кіруюць і рэгламентуюць кантрольна-наглядную дзейнасць», — адзначыў спецыяліст.

Адзін з асноўных кірункаў работы — тэхнічная дыягностыка. Абавязкова даследуецца абсталяванне, тэрмін службы якога падаўжаецца. Па словах Андрэя Кончыка, у лабараторыі для гэтых мэт прымяняецца сучасная апаратура, якую плануецца перааснасціць у далейшым: «Мы працуем даволі сур’ёзна ў гэтым кірунку. Удасканальваецца прававая база. Вядома ж, гэта дае вынік у галіне прамысловай бяспекі. Дзяржпрамнагляд ажыццяўляе нагляд у галіне прамысловай бяспекі больш за 159 тысяч суб’ектаў гаспадарання. Гэта ажыццяўляецца не толькі праверачнымі мерапрыемствамі, але і тэхнічным сведчаннем аб’ектаў. Летась у краіне аварый не зарэгістравана, аднак было 12 інцыдэнтаў. Пры гэтым шкода невялікая, пацярпелых не было».

Андрэй Кончык заўважыў, што спецыялісты Дзяржпрамнагляду таксама распрацоўваюць нарматыўныя дакументы. За апошнія гады іх падрыхтавана больш за 100. Сярод найважнейшых дакументаў — закон аб магістральным трубаправодным транспарце, унясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон «Аб прамысловай бяспецы».

Намеснік начальніка дэпартамента адзначыў, што прадстаўнікі Дзяржпрамнагляду паспяхова супрацоўнічаюць са спецыялістамі Растэхнагляду. 

Наладжана супрацоўніцтва з Узбекістанам і іншымі краінамі, вядзецца работа па тэхнічных рэгламентах Мытнага саюза.

«Прамысловая бяспека стала часткай агульнай сістэмы бяспекі і клопату пра людзей», — падкрэсліў Андрэй Кончык.

Увага — небяспечным грузам

Начальнік упраўлення нагляду за бяспекай пры перавозцы небяспечных грузаў Дзяржпрамнагляду Юрый Садоўнікаў адзначыў, што ўпраўленне працуе па чатырох кірунках — аўтамабільным, чыгуначным, унутраным водным і авіяцыйным транспарце. Небяспечныя грузы — гэта, як правіла, хімічныя рэчывы, якія валодаюць пэўнымі ўласцівасцямі, праяўленне якіх пры перавозцы можа прывесці да пажару і ўцечкі рэчыва. А гэта пацягне за сабой наступствы для навакольнага асяроддзя і для чалавека. Каб гэтага не адбылося, існуе шэраг патрабаванняў, якія забяспечваюць бяспеку. Яны датычацца падрыхтоўкі персаналу, належнага стану транспарту, прымянення бяспечнай тары і іншыя меры. «За мінулы год быў зафіксаваны толькі адзін інцыдэнт, звязаны з перавозкай небяспечных грузаў аўтамабільным транспартам. Гэта даволі высокія паказчыкі», — адзначыў эксперт.

Дэпартамент актыўна супрацоўнічае з Расіяй. Ужо падпісана дарожная карта ўзаемадзеяння да 2025 года. Сёлета спецыялісты з Растэхнагляду плануюць наведаць беларускія прадпрыемствы. Акрамя таго, у сферы прамбяспекі і тэхнічнага рэгламенту наладжана супрацоўніцтва з Узбекістанам і Казахстанам. «Дзяржаўная палітыка ў гэтым кірунку рэалізуецца ў тым ліку шляхам нарматыўнага замацавання тых ці іншых патрабаванняў. Асноўныя патрабаванні ў гэтай галіне ў нашай краіне адпавядаюць міжнародным стандартам», — падкрэсліў Юрый Садоўнікаў.

Ліцэнзіі для жыцця і здароўя

«Ліцэнзаванне неабходна ў мэтах забеспячэння абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, жыцця, здароўя, правоў і законных інтарэсаў грамадзян, навакольнага асяроддзя. Гэта досыць сур’ёзныя дакументы», — запэўніла намеснік начальніка ўпраўлення ліцэнзавання і дазвольнай работы, начальнік аддзела ліцэнзавання Дзяржпрамнагляду Аксана Чумакіна. Усё гэта ў поўнай меры датычыцца і дзейнасці ў галіне прамысловай бяспекі. Да яе адносіцца выраб і захоўванне прамысловых выбуховых матэрыялаў, выкананне выбуховых работ, выраб піратэхнічных вырабаў, эксплуатацыя небяспечных вытворчых аб’ектаў, праектаванне, мантаж, наладка, абслугоўванне, тэхнічнае дыягнаставанне і рамонт патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў і тэхнічных прылад.

«У цэлым, у нашай краіне дзейнасць у галіне прамысловай бяспекі ажыццяўляюць больш за 1,7 тысячы ліцэнзіятаў. У іх ліцэнзіях пазначана больш за 7,6 тысячы работ і паслуг, якія адносяцца да галіны прамысловай бяспекі», — паведаміла Аксана Чумакіна. У выніку работы з ліцэнзіятамі, накіраванай на выяўленне тых арганізацый, якія не выконвалі ліцэнзійныя патрабаванні, на працягу мінулага года выдадзена больш за 60 прадпісанняў. Прыпынена больш за 30 ліцэнзій, з іх 12 адноўленыя пасля праходжання экспертызы, што патрабуецца, ліквідацыі парушэнняў і інфармавання аб гэтым прадстаўнікоў Дзяржпрамнагляду.

У тэму

Тыдзень нулявога траўматызму ў арганізацыях Мінэнерга

Усе прафілактычныя мерапрыемствы, якія накіраваны на недапушчэнне выпадкаў вытворчага траўматызму, забеспячэнне бяспекі і здароўя работнікаў на рабочых месцах, адбудуцца з 26 лютага да 3 сакавіка, інфармавалі ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.

«На месцах у галіне будуць комплексна разгледжаны пытанні ўкаранення канцэпцыі нулявога траўматызму, — адзначылі ў ведамстве. — У калектывах шырока арганізуюць тлумачальную работу з дэманстрацыяй відэаролікаў па забеспячэнні бяспечных умоў і аховы працы. Акрамя таго, пройдуць тэматычныя панэльныя дыскусіі і інтэрактыўныя пляцоўкі».

Нулявы траўматызм — гэта якасна новы падыход да арганізацыі прафілактыкі няшчасных выпадкаў, які аб’ядноўвае тры кірункі: бяспека, гігіену працы і дабрабыт работнікаў на ўсіх узроўнях вытворчасці.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.