Па тонкім лёдзе


Па тонкім лёдзе

...У аднаго з маіх аднакласнікаў бацька працаваў бухгалтарам. Для вёскі гэта, па-першае, начальства (і немалое), а па-другое, прыгожае, бо той бацька быў рослы, спрытны, дужы, востры на язык... А што 40 гадоў чалавеку — дык гэта ж хіба ўзрост? Заглядаліся на Міхася маладыя даяркі ды бібліятэкарка, любіла затрымацца каля яго і дакторка з ФАПа. 

Але не больш за тое, бо жонка ў Міхася была не брыдкая, не дурная — гаспадыня, якіх пашукаць...

Вось Міхась і не шукаў — як на тое ліха, сама знайшлася: маладая ўдава. У суседняй вёсцы жыла. Спявала вельмі хораша, гатавала смачна (на ўсе вясковыя вяселлі яе за кухарку бралі), дом у парадку трымала. А ўжо што складная ды прыгожая — дык не расказаць!

...Тым майскім цёмным вечарам вырашыў Міхась яе наведаць. Жонка рана спаць уклалася. Ён прычапурыўся і гайда...

Павячэралі разам з Палінай, трошкі выпілі, як быццам насмяяліся-нагаварыліся — ужо і дадому пара.

А калгас тады не сказаць каб багаты быў: заробкі ў людзей — больш чым сціплыя. І таму ў вёсцы што ні падворак, то кароўка (а то і дзве), не кажучы ўжо пра свіней, авечак, гусей, курэй...

Да таго ж на кожным гародзе, апроч бульбы, цэлыя плантацыі пад агуркі — на продаж. І цяпліц тады яшчэ не было: капаліся неглыбокія канаўкі, у іх высаджвалася расада, а нейкім шклом, каб хутчэй падрастала, яе мала хто закрываў...

Дык вось, спяшаецца Міхась дадому (раптам жонка прачнецца, а яго няма), у вёсцы збочвае са сцежкі — крочыць напрасткі, праз чужую сядзібу і... Што гэта? Нешта трашчыць пад нагамі... Чым далей, тым гучней...

Прыпыніўся чалавек, паслухаў, падумаў: што за халера? Ці не здурнеў ён, пагасціўшы ў Паліны? Май жа на дварэ, а тут лёд пад нагамі. І не канчаецца...

Сяк-так дабраўся Міхась дадому. У хату зайшоў — жонка, дзякуй богу, не прачнулася. Ён ціхенька раздзеўся-разуўся і ў ложак. Толькі лёг ды прыснуў — на дварэ галасы пачуліся.

— Што здарылася? Які нячысцік цябе прынёс? — спытаў у суседа.

— Не... Гэта ты мне зараз адкажаш, — ішоў у наступ Антось, — які чорт цябе на мой агарод загнаў?! Уся расада знішчана! Усё шкло пабітае... Што я сёлета прадаваць павязу?.. І не адпірайся — да цябе сляды прывялі!

Пярэчыць і сапраўды сэнсу не мела. Нідзе не дзеўся Міхась — у якасці кампенсацыі страт уступіў суседу ладнага кабанчыка.

...З жонкай дамовіцца куды цяжэй было: прыйшлося адказваць, куды ён ноччу хадзіў. А Міхась, бедны, не мог ні схлусіць, ні праўду сказаць. 

Нерат, у які непазбежна трапляе той, хто ходзіць налева. 

Ніна ГОРГУЛЬ

г. Мінск


А зараз — дзіч,

альбо Хто ў хаце гаспадар?

Малюнак Анатоля ГАРМАЗЫ

Напэўна, усе чытачы «Звязды» глядзелі (а то і не раз) кінакамедыю Леаніда Гайдая «Брыльянтавая рука». Без сумневу, бачыў яе і Васіль (так я назаву героя), бо якраз адтуль узяў знакамітую фразу пра дзіч.

Калі па парадку, то ён, Васіль, чалавек сур’ёзны, жанаты, працаваў ветэрынарам у адным з калгасаў. Справу сваю ведаў і выконваў сумленна: як да спецыяліста прэтэнзій да яго не было. Як да чалавека...

Тут ёсць пытанні: любіў ён лішнюю чарку ўзяць, а потым (ці ў «працэсе») завесці сваю любімую пласцінку: што называецца, растапырыць пальцы ды расказаць, што дома ён — цар, бог і воінскі начальнік, што жонка ў яго — не больш чым пакаёўка, а то і прыслуга...

Калі б сям’я ветэрынара жыла недзе далёка, калі б Васеву Марыю ніхто не ведаў, дык гэтага выхваляку, можа, яшчэ і слухаў бы, а так...

Жонка Васіля — сур’ёзная жанчына — працавала настаўніцай у мясцовай школе. Вучні вельмі паважалі яе за справядлівасць, вёска — за рашучасць.

Якраз гэтыя рысы і праявіліся ў адным эпізодзе.

Справа пачалася з таго, што ў Васілёвай лазні задыміла печка — за рамонт яе сам гаспадар не ўзяўся. Ну, сапраўды, навошта, калі можна запрасіць спецыяліста і «па сумяшчальніцтве» свайго сябра?

Той, Сцяпан, вядома ж, прыйшоў. Мужчыны ўдвох досыць дружна папрацавалі — зрабілі ўсё, што трэба. Марыя за гэты час сабрала на стол, дзе была не толькі скварка, але і чарка.

Работнікі выпілі — і па адной, і па другой...

Пасля трэцяй захмялелы гаспадар стаў караскацца, залазіць на свайго любімага канька — даводзіць, што гэта ён у хаце гаспадар, што жонка ў яго — хіба збоку-прыпёку.

Сцяпан як мог спыняў сябрука, наступаў на нагу, стараўся напомніць, што яны выпіваюць не ў садзе, што Марыя дома і можа пачуць...

Васіль жа не чуў нічога. Ён ведаў, што ў духоўцы павінна быць бляха са смажанай курыцай. І таму цяпер — гуляць дык гуляць! — гучна загадаў: «Марыя, дзіч!»

...Што далей было, да Сцяпана (таксама ж пад градусам) дайшло толькі потым: каля стала ў міг вока, як той казаў, узнікла гаспадыня... Перад носам і над галовамі ў мужчын нешта бліснула (ці не патэльня?) і тут жа апусцілася — на плячо, на спіну Васіля.

Сцяпан на ўсякі выпадак куляй выскачыў з хаты!

...Пра вось гэты інцыдэнт ён, вядома ж, нікому нічога не сказаў — быццам не было яго! А вось наступствы засталіся: Васіль, у прыватнасці, стаў куды радзей зазіраць у чарку, стараўся трэцяй не выпіваць, а значыць, і не расказваць, хто ёсць хто ў яго доме.

Аляксандр МАТОШКА

Расонскі раён


У сям’і і каша смачнейшая...

Будзем спадзявацца, што маразы ды завеі ўжо прамінулі, але ж яны паспелі напомніць (і, напэўна, не толькі мне) далёкія зімы дзяцінства, засыпаныя снегам палі і вёскі, замеценыя дарогі.

У школу-дзесяцігодку мы хадзілі амаль за 12 кіламетраў. На шчасце, не кожны дзень: пры школе быў інтэрнат. Так што днём мы вучыліся, а пасля ўрокаў займаліся ў гуртках, чыталі, хадзілі ў кіно, ладзілі танцавальныя вечары, падчас якіх (вядома, старшакласнікі) ужо з’яўляліся, праяўляліся першыя сімпатыі, а то і каханне.

...Яно, самае сапраўднае, напаткала тады Санька, выпускніка нашай школы: на адным з вечароў ён запрасіў на танец прыгажуньку Валю і, што называецца, прапаў... Заставалася «драбяза» — дачакацца, калі дзяўчына скончыць школу і дабіцца ўзаемнасці.

Хлопец стараўся як толькі мог: прыбіраўся, купляў Валі кветкі ды розныя прысмакі, па суботах — заўсёды — праводзіў дадому, а гэта ж 12 кіламетраў!

Санёк іх, здаецца, не баяўся: штотыдзень хадзіў і туды, і потым — можна сказаць, адразу ж — назад, бо па няпісаных вясковых правілах праважатых дамоў не запрашалі. Каля веснічак сваіх Валя магла сказаць яму «Пачакай!», знікнуць у хаце, пакінуць там свой школьны партфель, на хаду схапіць з патэльні (мама ж чакала!) гарачых дранікаў, каўбаскі, квашанай капусткі ды пабегчы назад — да Санька.

Таму ж, беднаму, куды цяжэй было: кругам ішла галава (і ад шчасця — само сабой). Але не толькі: ад Валі так пахла рознай смакатой!..

Хлопец каўтаў слінку, цярпеў, думаў і наступным разам быў ужо трохі разумнейшы: у вялікія кішэні кажушка загадзя клаў так званы сухі паёк: пару лустаў хлеба, штук колькі пернікаў, добрую жменю сушак і — у паперцы — некалькі кавалачкаў рафінаду... Валя бегла ў хату на падмацунак, ён сілкаваўся на вуліцы...

Пасля вяселля яны елі ўжо разам: у сям’і — з каханым, з каханай, з дзецьмі — яно ж і каша смачнейшая.

Што ўжо казаць пра дранікі ды каўбаску.

Таццяна РАМАНАВА

г. Наваполацк


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.