Вы тут

У чым небяспека прывязанасці да гаджэтаў?


Дарослыя адчуваюць стрэс, калі мабільнік разраджаны. Дзяцей дык і ўвогуле называюць пакаленнем dіgіtal natіves — «лічбавымі абарыгенамі», або народжанымі са смартфонам у руках. Са страхам адарвацца ад тэлефона сапернічае хіба што страх набраць лішнюю вагу — дзве гэтыя фобіі сталі сапраўднымі хваробамі стагоддзя. У чым небяспека прыхільнасці да гаджэтаў і як ад яе пазбавіцца?


Тэрмін «намафобія» ўзнік адносна нядаўна. Ён паходзіць ад англійскага «nomobіlephobіa» (можна перавесці і як «нетмафобія») і быў уведзены спецыялістамі для апісання стану турботы і нават панікі ў чалавека, які па тых ці іншых прычынах страціў магчымасць з дапамогай смартфона падтрымліваць кантакт з людзьмі.

— Псіхолагі часта параўноўваюць залежнасць ад тэлефона з алкагалізмам: пазбаўленне тэлефона, гэтак жа, як і алкаголю, выклікае паніку і сіндром адмены, ці абстынентны сіндром. Хоць намафобія не выклікае пагрозы для здароўя і жыцця чалавека, аднак яе ўплыў на паўсядзённае жыццё можа быць дастаткова сур’ёзным.

Сімптаматыка намафобіі заключаецца ў панічных атаках, галавакружэннях, недахопе кіслароду, млоснасці, патлівасці, пачашчаным сэрцабіцці, трэмары і болі ў грудзях. Прыкметы намафобіі рэзка абвастраюцца, калі чалавек раптам выяўляе, што не можа знайсці свой тэлефон, — расказвае ўрач ультрагукавой дыягностыкі 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Юлія Грыгор’ева.

Напэўна, вы часам заўважалі, як, замест таго каб уважліва слухаць вас, суразмоўца няспынна ўтыкаецца ў тэлефон, губляючы ніць размовы. А можа, асабіста вас ахоплівае паніка пры думцы аб тым, што мабільнік мог застацца дома і, нягледзячы ні на што, вы гатовы вярнуцца за ім?

Чаму ўзнікае боязь?

— У асноўным прычыны звязаны не з тэлефонам як такім, а з асобаснымі праблемамі. Часта залежнасць ад тэлефона ці боязь застацца без яго звязана з пачуццём адзіноты ці страхам перад ёй — наяўнасць мноства сяброў у сацсетках дазваляе чалавеку схаваць гэты страх углыб. Але пазбаўленне крыніцы сувязі зноў яго адкрывае, — тлумачыць Юлія Грыгор’ева.

Няўменне кантактаваць і падтрымліваць адносіны ў рэальнасці можа прымусіць перанесці ўсе зносіны ў віртуальны свет, стварыць сабе новы вобраз таго, кім хочацца быць.

Акрамя таго, гаджэты падтрымліваюць многія традыцыйныя варыянты ўцёкаў ад рэальнасці: на тэлефоне можна чытаць кнігі, глядзець фільмы, гуляць у гульні, працаваць або вучыцца.

У некаторых выпадках тэлефон дапамагае падтрымаць ілюзію важнасці і патрэбнасці, калі чалавеку ўвесь час хтосьці тэлефануе або піша.

У любым выпадку, апынуўшыся без тэлефона, чалавек адчувае пачуццё пустаты, што спараджае залежнасць і намафобію.

Як ад гэтага пазбавіцца?

Вось некалькі парад, якія дазволяць пазбавіцца ад гэтай залежнасці.

— Паразважайце, чаму вам так неабходны мабільны тэлефон, без якога яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму людзі выдатна абыходзіліся. Важна разабрацца з першапрычынай фобіі, наяўнасць якой многія нават не прызнаюць, тлумачачы яе звычкай, выгодай ці працоўнай неабходнасцю.

— Скарачайце час выкарыстання мабільнага. Кладзіце яго далёка ад ложка, каб пазбегнуць спакусы раніцай перш за ўсё паглядзець у экран. Не бярыце смартфон у ванную, а праз некаторы час перастаньце браць яго і на кухню.

— З часам адмоўцеся ад звычкі пераносіць яго за сабой па кватэры — няхай увесь час ляжыць на адным месцы.

— Адключыце гук для апавяшчэнняў і пакіньце сігнал толькі для званкоў, скараціце колькасць дадаткаў, якія могуць вас аб нечым апавяшчаць.

— Уявіце сябе без тэлефона ў дэталях: дзе вы знаходзіцеся, што робіце, каго бачыце і што адчуваеце. Затым адключыце тэлефон — для пачатку на гадзіну. З кожным днём можна дадаваць да гэтага часу па пяць хвілін. У рэшце рэшт правядзіце з адключаным тэлефонам дзень і вы адчуеце, што колькасць прапушчаных званкоў і інфармацыі не такая ўжо і вялікая.

— Універсальная парада — пошук захапленняў у рэальным свеце, асабліва такіх, якія маюць на ўвазе асабістыя зносіны. З’ездзіце на возера ці ў лес — туды, дзе няма сеткі. Атрымайце асалоду ад адпачынку без мабільнага. Сустрэньцеся з рэальнымі сябрамі, пакінуўшы тэлефон у сумцы ці кішэні, вы не проста выканаеце элементарную ветлівасць, але даведаецеся пра сябра значна больш, чым калі вы абодва будзеце сядзець побач, утыкнуўшыся ў смартфоны. 

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.