Вы тут

Права на якасць тавараў і паслуг


Больш чым на 500 тысяч рублёў кампенсавана летась матэрыяльная і маральная шкода беларускім спажыўцам. Пра гэта напярэдадні Дня спажыўца расказала старшыня ГА «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» Ганна Суша. Сёлета Дзень спажыўца пройдзе пад дэвізам «Спажывец і прадпрымальнік: давер для развіцця». Тэма зацверджана Еўразійскай эканамічнай камісіяй у якасці прыярытэтнай на 2024 год у Еўразійскім эканамічным саюзе, бо стварэнне спрыяльных умоў для развіцця адносін паміж прадпрымальнікамі і спажыўцамі — адзін з найважнейшых фактараў устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, падкрэсліла спецыяліст.


Дзень спажыўца ў нашай краіне штогод адзначаецца 15 сакавіка вось ужо больш за два дзясяткі гадоў, а ў апошнія гады ў свята з’явілася і тэма.

— Тэма «Спажывец і прадпрымальнік: давер для развіцця» заклікана прыцягнуць увагу грамадства да праблем узаемадзеяння спажыўцоў і прадпрымальнікаў, умацавання прасторы даверу паміж імі ў мэтах эфектыўнага функцыянавання эканомікі, — адзначыла старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў. — Падмурак такой работы закладзены Праграмай сумесных дзеянняў дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў сферы абароны правоў спажыўцоў. Для дасягнення гэтай мэты запланаваны маштабныя інфармацыйныя і тлумачальныя мерапрыемствы для спажыўцоў і прадстаўнікоў бізнесу. Гэта дасць магчымасць пашырыць і ўкараніць новыя механізмы развіцця дабратворных адносін паміж удзельнікамі спажывецкага рынку.

Безумоўна, тэма Дня спажыўца — 2024 патрабуе ад бізнесу пэўных крокаў і ўсведамлення сваёй адказнасці, дадала Ганна Суша. Важна бачыць у спажыўцу партнёра, які садзейнічае развіццю бізнесу, паважаць яго права на належную якасць і бяспеку тавараў, работ, паслуг. І гэта асабліва актуальна ў 2024 годзе, аб’яўленым Годам якасці, звярнула ўвагу спецыяліст.

Ведай свае правы

Беларускае таварыства абароны спажыўцоў, у сваю чаргу, будзе працягваць рэалізоўваць праграмы, работа па якіх была распачата яшчэ ў 2000 годзе, падкрэсліла спікер.

— Гэта мерапрыемствы па павышэнні спажывецкай пісьменнасці, інфармаванні грамадзян аб важнейшых механізмах дзяржаўнай і грамадскай абароны спажывецкіх правоў, аб магчымасцях насельніцтва па абароне сваіх правоў. І, вядома, практычныя дзеянні па прадстаўленні правоў і інтарэсаў спажыўцоў.

Штогод напярэдадні Дня спажыўца Таварыства падводзіць вынікі працы за год, сказала Ганна Суша. У 2023 годзе Беларускім таварыствам абароны спажыўцоў і яго арганізацыйнымі структурамі было пададзена 336 іскаў, расказала яна. Заяўлена 186 прэтэнзій. У пошуках справядлівасці ў Таварыства абароны спажыўцоў звярнулася больш за 20 тысяч грамадзян (улічваючы званкі на гарачую лінію і звароты на электронную пошту). І — самае галоўнае — у мінулым годзе паміж спажыўцамі і вытворцамі тавараў і паслуг, якія ўступілі ў канфлікт, было заключана 58 міравых пагадненняў.

Работа па выхаванні спажывецкай пісьменнасці вядзецца не першы год. У прыватнасці, летась тэмай Дня спажыўца была якраз «Пісьменны спажывец і адказны бізнес». Але далёка не заўсёды і сёння людзі ў поўнай меры ведаюць свае правы, адзначыла Ганна Суша. Таму важныя і юрыдычная дапамога, і абарона спажывецкіх інтарэсаў у судзе. У 2023-м юрысты Беларускага таварыства абароны спажыўцоў самі ініцыявалі аднаўленне правоў пацярпелых і заявілі 18 іскаў у суд для спагнання грашовых сродкаў на карысць спажыўцоў.

— У мінулым годзе спажыўцам было кампенсавана матэрыяльнага і маральнага ўрону на больш чым 500 тысяч беларускіх рублёў, — паведаміла кіраўнік Беларускага таварыства абароны спажыўцоў. 

Напрыклад, у Мінску матэрыяльнай шкоды было кампенсавана спажыўцам каля 155 тысяч рублёў, маральнай — на суму 17 тысяч 300 рублёў. Па законе на суму іску накладаецца таксама стапрацэнтны штраф, з якога 90 працэнтаў ідзе ў мясцовы бюджэт і 10 працэнтаў — арганізацыі, якая прадстаўляе спажыўца.

Але і для прадпрымальніка, і для спажыўца мірнае вырашэнне канфлікту і недавядзенне справы да суда заўсёды больш пераважна, сказала старшыня Таварыства абароны спажыўцоў.

Вельмі важны аспект, на які варта звярнуць увагу сёння з пункту гледжання абароны правоў спажыўцоў, — тое лічбавае асяроддзе, у якім жыве (і ў тым ліку з’яўляецца пакупніком тавараў і паслуг) сучасны чалавек. Нарматыўная база не павінна адставаць ад цыфравізацыі, падкрэсліла спецыяліст.

У 2024 годзе дэвіз Сусветнага дня правоў спажыўцоў — «Справядлівы і адказны штучны інтэлект для спажыўцоў», дадала Ганна Суша.
— Гэтыя тэхналогіі аказваюць уплыў на жыццё людзей, на тое, як мы працуем, будуем зносіны. Штучны інтэлект будзе мець вялікія наступствы для насельніцтва ўсяго свету. Арганізацыі спажыўцоў розных краін выступаюць за тое, каб тэхналогія, якая ствараецца, была заснавана на прынцыпах справядлівасці і адказнасці, — сказала яна.

Ад тэорыі — да практыкі

Такім чынам, што рабіць, калі вы лічыце, што вашы правы, як спажыўца, парушаны, а прадавец ці выканаўца паслугі адмаўляе ў задавальненні вашых патрабаванняў, адлюстраваных у прэтэнзіі ці пакінутых у «Кнізе заўваг і прапаноў»? Самы просты шлях — звярнуцца ў Беларускае таварыства абароны спажыўцоў. Спецыялісты Таварыства вывучаць вашу сітуацыю, азнаёмяцца з дакументамі, якія маюць да гэтай сітуацыі дачыненне, будуць прадстаўляць вашы інтарэсы перад прадаўцом або выканаўцам для мірнага ўрэгулявання сітуацыі ці пры звароце ў суд. Таварыства абароны спажыўцоў мае магчымасць праводзіць экспертызу тавараў, работ і паслуг, даваць на бязвыплатнай аснове кансультацыі па пытаннях абароны правоў, звяртацца па вашым даручэнні з прэтэнзіяй да вытворцы (прадаўца, пастаўшчыка, прадстаўніка, выканаўцы, рамонтнай арганізацыі) аб ліквідацыі парушэнняў і кампенсацыі спажыўцу прычыненых гэтымі парушэннямі страт і, нарэшце, звяртацца ў суд з іскам аб абароне вашых правоў, прадстаўляць і абараняць у судзе вашы законныя інтарэсы.

Далёка не заўсёды нават сучасны, спрактыкаваны і адукаваны спажывец поўнасцю дасведчаны аб сваіх правах. Менавіта на адукацыю спажыўцоў у Год якасці ў Беларускага таварыства абароны спажыўцоў накіраваны шэраг мерапрыемстваў.

— Тое, што гэты год аб’яўлены Годам якасці, для нас вельмі знамянальна, — падкрэсліла Ганна Суша.

Якасць працы вытворцаў тавараў і паслуг, а таксама веданне сваіх правоў спажыўцамі дае магчымасць захаванне балансу інтарэсаў прадпрымальнікаў і грамадства. 

З якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца грамадзяне да спецыялістаў Беларускага таварыства абароны спажыўцоў?

«У пад'ездзе ўстанавілі дамафон. Я быў супраць і паслугу не аплачваў. Цяпер я не магу патрапіць ва ўласную кватэру. Як быць?»
Аказваецца, навязваць паслугу ніхто не мае права — так адказваюць спецыялісты таварыства. Спажыўцу павінен быць выдадзены бясплатна камплект ключоў.

«У хімчыстцы сапсавалі дублёнку. Што я магу запатрабаваць?»

Спажывец мае права запатрабаваць выплаты двухразовага кошту дублёнкі з улікам працэнта зносу, а калі пры прыёмцы быў узгоднены рэшткавы кошт рэчы, то двухразовы памер рэшткавага кошту.

«У цырульні пры афарбоўванні валасоў фарбавальнік патрапіў на маё адзенне. Касцюм сапсавалі. Загадчыца цырульні сказала, што нічым дапамагчы не можа. Што рабіць?»

«У спажыўца ў такой сітуацыі ёсць права запатрабаваць ліквідацыі недахопу, які ўзнік па віне майстра, а ў выпадку немагчымасці ліквідаваць недахоп — на даванне такога ж касцюма або кампенсацыі яго кошту».

«Пры куплі курыных дыетычных яек я звярнула ўвагу прадаўца, што ў адпаведнасці з нанесенай маркіроўкай на яйка з моманту знясення прайшло два тыдні і яйка не можа быць дыетычным, на што прадавец мне адказала, што тэрмін прыдатнасці яек дыетычных — 30 дзён. Ці так гэта?»

«Тэрмін прыдатнасці яек можа складаць 30 дзён, аднак дыетычным яйка застаецца на працягу сямі сутак з даты знясення. Па заканчэнні сямі сутак яйка пераходзіць у разрад сталовага. Паколькі якасць яек дыетычных і сталовых адрозніваецца, то і кошт дыетычнага яйка вышэйшы за сталовае».

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.