Вы тут

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная


Што такое баршчэўнік Сасноўскага, мне некалі давялося спасцігнуць на сваёй скуры. Вопыт быў выпадковы, але надзвычай запамінальны. На другі дзень пасля таго, як пазмагалася з невядомай мне вялікай травой на дачы сваякоў, рукі да плеч пакрыліся вялікімі пухірамі. Пабегла да дэрматолага, які паведаміў, што трэба звяртацца ў апёкавае аддзяленне.

Цяпер гэтую расліну заўважаю здалёк. Бачу яе сёння, у асноўным, калі выязджаю за мяжу. Вось у Расію нядаўна ездзіла — там проста зараснікі ўздоўж дарог, у тым ліку каля чыгункі. Здавалася б, у нас на Гомельшчыне баршчэўніку зусім няма. Аднак спецыялісты Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя запэўніваюць: ёсць. На пачатак года было выяўлена амаль 100 гектараў ва ўсіх раёнах вобласці. Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім. А ў Ельскім, дзе дагэтуль яго не знаходзілі, сёлета з'явіліся асобныя ўчасткі з раслінамі.


Індыкатар безгаспадарлівасці

Цяпер, відаць, нікому не трэба расказваць, наколькі небяспечная трава — баршчэўнік Сасноўскага. (І «Звязда» піша пра гэта рэгулярна.) А яшчэ нядаўна яе лічылі перспектыўнай кармавой культурай для жывёл. Некалі актыўна засявалі і як добры меданос. Сёння ж барацьба з ім ідзе нежартоўная.

— На знішчэнне сёлета з абласнога бюджэту было выдаткавана 23 тысячы рублёў. Потым і з раённых дабавілі — на закупку гербіцыдаў. Усяго атрымалася 27,8 тысячы рублёў, — расказвае начальнік аддзела Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Павел НОВІКАЎ. — На жаль, штогод мы выяўляем у сярэднім каля 15 новых месцаў, дзе расце баршчэўнік Сасноўскага. Звычайна ў такіх цяжкадаступных кутках, куды ніхто не заглядваў: уздоўж рачулак, на балотах. А яшчэ часта знаходзім яго там, дзе ёсць трухлявае жыллё або безгаспадарчыя дзяржаўныя пабудовы. Цяпер пад гэтым пустазеллем застаецца 83 гектары. Без увядзення зямель у сельскагаспадарчы абарот значных змен мы не даб'ёмся.

Баршчэўнік Сасноўскага сёння называюць яшчэ і індыкатарам безгаспадарлівасці. Згодна з законам, знішчэннем баршчэўніку, як і іншых інвазійных раслін, павінен займаецца землекарыстальнік. Зараз усе намаганні аб'яднаны, гаворыць старшыня Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй СУШЧЭВІЧ:

— Праведзена вялікая работа па ацэнцы тых месцаў, дзе растуць інвазійныя віды раслін. Барацьба вядзецца сістэмная, і мы адчуваем дапамогу з боку абласных выканаўчых уладаў. Неабходна ўцягваць землі ў гаспадачы абарот. Калі сельгаспрадпрыемства пачынае вырошчваць па інтэнсіўнай тэхналогіі кукурузу ці бульбу, пры правядзенні хімпраполкі аўтаматычна забіваюцца ўсе інвазійныя расліны. Гэта асноўны шлях, які ўжо дазволіў на 20—24 працэнты знізіць плошчы папуляцыі баршчэўніку.

Там, дзе з'яўляецца гаспадар, — знікае баршчэўнік. Спецыялісты камітэта расказваюць, як у Гомельскім раёне месца, захопленае агрэсіўнай травой, нядаўна аддалі фермерскай гаспадарцы «Сэрвіс-Альянс». Чалавек пайшоў на вялікія затраты, але знішчыў расліну і пасля гэтага засеяў карыснымі культурамі вызваленую зямлю.

— А на нядбайных гаспадароў уздзейнічаем вялікімі штрафамі, — працягвае Андрэй Мікалаевіч. — Тут важна, каб змагаліся разам: прадстаўнікі сельскай гаспадаркі, леснікі, сельвыканкамы і проста грамадзяне. На жаль, расліна мае вялікую здольнасць да размнажэння, нават калі яе сёлета прыбралі, яна можа з'явіцца заўтра на тым жа месцы ці побач. Правераны спосаб барацьбы — хімічная апрацоўка, прымяняць якую неабходна своечасова і некалькі разоў за сезон. Як і калі гэта рабіць — праінструктаваны ўсе ўлады на месцах.

Што хачу, тое і вырошчваю?

Між тым актывізуюцца і іншыя заморскія расліны, якія навукоўцы адносяць да шкодных. Сумнік канадскі і гіганцкі расце ледзь не на кожным дачным агародзе. Раслінай з касматымі жоўтымі кветкамі ўпрыгожваюць палісаднікі. Яна непатрабавальная да глебы і таму часта расце на могілках. А адтуль ужо самастойна перасяляецца куды заўгодна. (Калі ехала на дачу, нават спыніла машыну, заўважыўшы яркую прыгажосць на фоне соснаў.)

— Асноўная шкода ў тым, што сумнік актыўна заваёўвае тэрыторыю і выцясняе нашы абарыгенныя віды раслін, — тлумачыць сітуацыю Павел Новікаў. — Пагаршаецца разнатраў'е, а значыць, і кармавыя якасці пашы. Мы цяпер працуем з сельсаветамі, растлумачваем пра шкоду расліны, якая змяняе структуру глебы. Канешне, людзей цяжка пераконваць, што сумнік можа яе нанесці. Таму выдаём прадпісанні, каб знішчылі расліну. За невыкананне грамадзян трэба прыцягваць да адказнасці. Тут часта бывае адмоўная рэакцыя: «Мая зямля, вырошчваю тыя кветкі, якія хачу!»

Калі раней многія шкодныя расліны за зіму вымярзалі, то сёння з-за пацяплення яны першыя па вясне пускаюць парасткі. Неўміручыя агрэсіўныя ўласцівасці маюць і іншыя, некалі завезеныя ў Еўропу з Амерыкі, «госці». Такія, як клён ясенялісты і рабінія (ілжэакацыя), якую паўсюдна называюць проста акацыяй. Сёння гэтыя віды дрэў афіцыйна забаронены для распаўсюджвання ў арганізацыях азелянення. Аднак як высекчы ў гомельскім палацава-паркавым ансамблі той жа клён, калі ён там займае да 30 працэнтаў ад усёй плошчы? У такіх выпадках распрацоўваюцца мерапрыемствы па паэтапным замяшчэнні шкодных дрэў на карысныя. Дарэчы, эколагі ўважліва назіраюць і за тым, як распаўсюджваюцца віды раслін, пакуль што афіцыйна не занесеныя ў пералік інвазійных. Не выключана, што спіс агрэсараў флоры ў Беларусі будзе папаўняцца.

Спецыялісты гавораць, што складаней за ўсё змагацца з раслінай, якая мае біялагічную назву эхінацысціс лопасцевы. Яго ўсе ведаюць як «шалёны агурок». Дэкаратыўная ліяна сёння проста запаланіла берагі рэк. Складанасць барацьбы з ёй у тым, што тэхнікай у мясціны, якія яна палюбіла, не дабрацца. А гербіцыды выкарыстоўваць там, дзе праточная вада, забараняецца. Такую толькі ўручную можна знішчыць. А на гэта часта не хапае ні сіл, ні сродкаў.

На Гомельшчыне эколагагі апошнім часам пачалі выкарыстоўваць квадракоптар. Абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя набыў яго ў тым ліку для барацьбы з інвазійнымі відамі пустазелля. Там, дзе пад'ехаць немагчыма, вока маленькага апарата-летуна добра заўважае белыя шапкі квітнеючага баршчэўніку. А калі ачаг выяўлены, лягчэй прымаць неадкладныя меры.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Квадракоптар супраць «захопнікаў»

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.