Вы тут

Прафесійны летапіс урача з Лівана


Усе жывёлы любяць ласку і пяшчоту — у гэтым перакананы ветэрынарны ўрач з Лівана Халіл Балут, які ўжо некалькі гадоў асвойвае прафесію ў Віцебскім раёне. Каровы, якіх у яго сям’і на далёкай радзіме некалькі дзясяткаў, з’яўляюцца для маладога чалавека не толькі падапечнымі, але і сябрамі з разумным чалавечым позіркам.


У Сінявокую 26-гадовы ліванец паехаў вучыцца ўслед за таварышам, які атрымліваў дыплом Віцебскай ветакадэміі. З дзяцінства Халіл хацеў лячыць братоў нашых меншых, а яшчэ беларускі дыплом на яго радзіме мае вялікую каштоўнасць. Але жаданне ветурача працаваць з жывёламі прыйшло не само па сабе, правільней сказаць — перадалося ў спадчыну. Яго бацька таксама медык, усё жыццё трымаў і цяпер трымае фермерскую гаспадарку, якая спецыялізуецца на малочнай вытворчасці. Сёння ў сям’і Халіла 30 рагуль. Занятак жывёлагадоўляй, прадукцыя якой запатрабавана ў Ліване, з’яўляецца іх невялікім сямейным бізнесам, таму пра цяжкасці і адначасова прыемныя моманты абыходжання з каровамі Балут ведаў з юнацтва. А яшчэ хлопцу давялося на сваёй радзіме дапамагаць сябрам у ветэрынарнай клініцы.

Сёння малады чалавек шчыруе ветэрынарным урачом у агракомплексе «Адраджэнне» ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка». Ахінае клопатам каля 970 рагуль, і гэта толькі дойнага статку. Нягледзячы на тое, што Халіл спецыялізуецца на гінекалогіі, ён з лёгкасцю выконвае хірургічныя маніпуляцыі, лечыць уколамі. Кіраўніцтва агракомплексу адзначае, што такіх маладых спецыялістаў, якія гараць сваёй справай, няшмат і ўсе яны вельмі цэняцца ў гаспадарцы. Акрамя высокай зарплаты, для высокакваліфікаваных кадраў будуюць арэнднае жыллё. Вось і цяпер агракомплекс плануе ўзвесці дамы для сваіх работнікаў у аграгарадку Кіраўская, і Халіл — адзін з першых у чарзе на атрыманне ключоў. Калегі па цэху таксама адзначаюць, што эфектыўнасць узнаўлення з прыходам ветурача вырасла з 28 да 60 працэнтаў.

Халіл вучыўся ў Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны шэсць гадоў. Да прыезду ў Беларусь хлопец ведаў родную арабскую, а яшчэ англійскую і французскую мовы, якія вывучаў у школе. Цяпер ён амаль свабодна размаўляе на рускай. Выдаюць госця з Блізкага Усходу толькі акцэнт і прамяністая ўсмешка, якая ўдала падкрэслівае карыя вочы. «У Віцебску да паступлення ў акадэмію я на працягу сямі месяцаў вучыў рускую мову. І яна мне даволі лёгка далася, бо разумеў, што, калі я хачу атрымліваць веды, трэба старацца», — расказвае Халіл.

Практыку па спецыяльнасці ён праходзіў у Ноўцы Віцебскага раёна і ў Ліване, аднак вяртацца на радзіму не спяшаецца. Пасля акадэміі пачынаў свой прафесійны летапіс на вытворчым участку «Вымна» УП «Рудакова», а пасля перайшоў у «Адраджэнне». Там, на першым працоўным месцы, у яго былі падапечныя з надта цікавымі мянушкамі: Тэкіла, Талерка, Тазік. Але і цяпер сярод рагуль, якія штодзень сустракаюць свайго ўрача, ёсць Мурка і іншыя, нетыповыя для кароў мянушкі.

У Беларусі, лічыць ліванец, створаны ўсе ўмовы для камфортнага жыцця: добрая зарплата ў параўнанні з адносна невысокімі цэнамі, магчымасць рухацца па кар’ернай лесвіцы адразу пасля атрымання дыплома, развітая інфраструктура, багацце прыроды і экалагічна чыстыя прадукты. А яшчэ малады чалавек адзначае, наколькі вялікае шчасце жыць у спакойнай і мірнай краіне, і беларусы гасцінныя і адкрытыя.

Сярод таго, чым наша краіна ўразіла замежнага госця, — беларускія класічныя дранікі. Хоць у Ліване бульбу вырошчваюць таксама, такой стравы там не ведаюць. Халіл за столькі гадоў жыцця ў паўночным рэгіёне і сам асвоіў гэты няхітры кулінарны шэдэўр. Яшчэ на сваёй радзіме малады чалавек захапляўся рыбалкай, былі ў яго і асабістыя рэкорды. А вось Беларусь здзівіла тым, што тут замярзаюць азёры, таму падлёдная рыбалка стала яго хобі, Балут нават паспеў паўдзельнічаць у раённых спаборніцтвах па зімовай лоўлі. А на лета ветурач прыкупіў сабе гумавую лодку, марыць наведаць Браслаўшчыну з яе знакамітымі азёрамі.

Нягледзячы на тое, што дома хлопец бывае нячаста, часцінка яго сям’і — сястра Рыма, якая вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім каледжы, — жыве побач з ім у паўночнай сталіцы. Аб сваёй абранай прафесіі Балут не шкадуе, ён перакананы, што працаваць з жывёламі цікавей, бо яны не могуць сказаць, дзе баліць. «Трэба ўмець слухаць, назіраць і нават чытаць па вачах. Жывёлу не падманеш, яна лёгка адчувае твае намеры і настрой», — дзеліцца ліванец ліванец сакрэтам паспяховай працы.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Витьбичи»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.