Вы тут

ў Віцебскім дзяржуніверсітэце адбылася дыялогавая пляцоўка


На мінулым тыдні ў Віцебскім дзяржуніверсітэце імя П. М. Машэрава адбылася дыялогавая пляцоўка «Генацыд беларускага народа: памяць і боль віцебскай зямлі». У размове са студэнтамі ўзялі ўдзел прадстаўнікі пракуратуры паўночнага рэгіёна, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці, а таксама кіраўнікі і педагогі ВНУ.


«Як аказалася, у нашай краіне вырасла не адно пакаленне, якое проста не ведае праўды аб самай страшнай вайне ў гісторыі чалавецтва, калі генацыд быў узведзены ў разрад дзяржаўнай палітыкі асобных краін цяперашняга «калектыўнага Захаду». Сярод беларускай моладзі, чые розумы і сэрцы, у першую чаргу, падвяргаліся негатыўнаму ўздзеянню, распальвалася варожасць па палітычных і ідэалагічных матывах, злачыннасць нацызму нівеліравалася. І толькі дзякуючы своечасоваму ўмяшанню дзяржавы дадзеная тэндэнцыя ў Рэспубліцы Беларусь не набыла масавы характар», — звярнуўся да ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец.

Ён расказаў прысутным, што падчас расследавання злачынстваў нямецка-фашысцкіх акупантаў і калабарацыяністаў высветлілася, што ў гады акупацыі на тэрыторыі нашай рэспублікі забілі тры мільёны чалавек і больш за 300 тысяч сагналі ў рабства. Больш чым 200 гарадоў былі разбураны. У 1944 годзе ў Віцебску менш як 120 чалавек сустракалі пераможцаў. Калі гаварыць пра матэрыяльны ўрон, у сённяшнім эквіваленце ён складае звыш 2,3 трыльёна долараў.

У ходзе следства па крымінальнай справе па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, якое працягваецца больш за два гады, устанаўліваюцца новыя факты жахлівых злачынстваў нацыстаў на беларускай зямлі. Беларусь пазнала ўсе формы генацыду, прадугледжаныя Канвенцыяй ААН «Аб папярэджанні злачынстваў генацыду і пакаранні за яго». У рамках шырокамаштабнай работы па выхаванні грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь, у першую чаргу, моладзі ў духу патрыятызму арганізоўваюцца наведванні месцаў правядзення пошукавых мерапрыемстваў. Працягваецца работа і па ўвекавечанні памяці загінулых мірных жыхароў і абаронцаў Айчыны, захаванні гістарычнай праўды, недапушчэнні гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых.

Як адзначыў начальнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці Андрэй Пазнякоў, напярэдадні святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы ўсе павінны прыкласці максімум намаганняў, каб захаваць, усё, што маем.

Рэктар навучальнай установы Валянціна Багатырова, звяртаючыся да сваіх студэнтаў, падкрэсліла: факты генацыду трэба вывучыць і запомніць. Гэта дапаможа зразумець важнасць міру і стабільнасці. «У нашай дзяржаве створаны ўсе магчымасці для таго, каб жыць годна, атрымліваць адукацыю, рэалізоўваць сябе ў прафесіі і грамадскім жыцці», — заключыла Валянціна Васільеўна.

Аляксандра ГВОЗДЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.