Вы тут

Аб чым расказалі касманаўты на перадстартавай прэс-канферэнцыі


Заўтра, 21 сакавіка, з касмадрома Байканур на борце касмічнага карабля «Саюз МС-25» стартуе экіпаж 21-й экспедыцыі наведвання Міжнароднай касмічнай станцыі. Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі ў космас паляціць яе грамадзянін. Дагэтуль ураджэнцы нашай краіны былі на арбіце, але і тут Марына Васілеўская будзе першай — першай жанчынай з Беларусі.


А напярэдадні былі таксама важныя і хвалюючыя падзеі. Дзяржаўная камісія зацвердзіла асноўны экіпаж у складзе касманаўта «Раскосмасу» Алега Навіцкага, удзельніцы касмічнага палёту беларускі Марыны Васілеўскай і астранаўта НАСА Трэйсі Дайсан, а таксама дублявальны экіпаж у складзе касманаўта «Раскосмасу» Івана Вагнера, удзельніцы касмічнага палёту беларускі Анастасіі Лянковай і астранаўта НАСА Дональда Петыта. «Для мяне сапраўды вялікі гонар быць прадстаўніком Рэспублікі Беларусь на Міжнароднай касмічнай станцыі. Да палёту гатова. У нас зладжаны і прафесійны экіпаж», — сказала Марына Васілеўская.

Пасля была перадстартавая прэс-канферэнцыя, падчас якой касманаўты расказалі аб сваіх планах і адказалі на пытанні журналістаў. Беларусцы Марыне Васілеўскай належыць выканаць шырокую навуковую праграму. «Мы ляцім на 12 дзён. Запланавана вялікая, шырокая навуковая праграма», — адзначыла Марына Васілеўская. Яна дадала, што трэба выканаць сем эксперыментаў. Сярод задач на арбіце — правесці дэталёвую фота- і відэаздымку Зямлі, выканаць шэраг работ, звязаных з пілатаванай касманаўтыкай і бялком лактаферынам.

У Марыны спыталіся пра музыку, якую яна будзе слухаць на МКС. Дзяўчына адказала, што гэта будуць патрыятычныя песні пра нашу родную Беларусь. Напрыклад, «Белавежская пушча». «Будзе адна песня, якую мне прысвяціла юная дзяўчына, наша спявачка. Я спадзяюся, што вы ўсе яе пачуеце, гэта цудоўная песня», — сказала ўдзельніца касмічнага палёту. І дадала з усмешкай, што плануе ўключыць і песню з «Брэменскіх музыкантаў»: «Яна будзе для нашага добрага настрою».

Марына Васілеўская таксама падзялілася эмоцыямі пасля размовы з Прэзідэнтам Беларусі па відэасувязі. «Вядома, размова з Прэзідэнтам па відэасувязі зарадзіла энергіяй. Размова была вельмі лёгкая, пазітыўная. Настрой у нас баявы, мы гатовы да палёту. І я разумею, што палёт у космас — гэта вялікі крок», — сказала Марына Васілеўская.

На пытанне, чым яна збіраецца заняцца пасля вяртання з космасу, Марына адказала: «Маё жыццё ўжо змянілася. І наведванне Міжнароднай касмічнай станцыі — гэта бясцэнны вопыт, якім я хачу падзяліцца з нашым народам, з нашай рэспублікай. Хачу зрабіць касмічны ўклад у нашу краіну». Але першачарговая мэты для яе цяпер — злётаць на МКС, выканаць усе пастаўленыя задачы і эксперыменты, а таксама спакойна і паспяхова вярнуцца на Зямлю.

Дзяўчына падзялілася сваімі эмоцыямі перад стартам: «Я думаю, што пагадзілася б і на больш працяглую экспедыцыю. Лічу, што гэта не страшна. Калі б мне было страшна, я б тут не знаходзілася. Космас — гэта проста неверагодна», — сказала Марына Васілеўская і тут жа дадала, што разам з тым гэта яшчэ і хвалююча, таму што гэта першы палёт. «Але ў мяне вельмі вопытны экіпаж. Для Трэйсі гэта ўжо трэці палёт, у нашага камандзіра — чацвёрты. У нас прафесійны і зладжаны экіпаж», — адзначыла яна.

Камандзір экіпажа Алег Навіцкі ў сваю чаргу заўважыў, што работа людзей з розных краін у замкнёнай прасторы, на МКС, дае імпульс развіццю навукі на Зямлі. «Вельмі выдатна, што ў нашага экіпажа ёсць работа, якую мы гатовы выканаць», — падкрэсліў ён.

Віктар ІВАНЧЫКАЎ

г. Байканур

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.