Вы тут

Аліна Гарнасько трыумфальна вярнулася на міжнародны памост


Гераіня тыдня. У Афінах скончыўся першы этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы 2024 года, удзел у якім узяла лідар беларускай зборнай Аліна Гарнасько. У фінале практыкаванняў са стужкай Аліна набрала 31,550 бала — і гэта, безумоўна, перамога. У мнагаборстве Аліна Гарнасько набрала 125 балаў, што дазволіла ёй стаць бронзавым прызёрам турніру.

Кубак свету па мастацкай гімнастыцы не з’яўляецца кваліфікацыйным турнірам на Алімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы. Нашы гімнасткі выступіць на Алімпіядзе ўжо не змогуць. Апошняя ліцэнзія ад Еўропы будзе разыграна на чэмпіянаце кантынента ў маі, на які беларускія і расійскія спартсменкі не дапушчаны. Наступны этап Кубка свету пройдзе з 12 па 14 красавіка ў Сафіі.


Герой тыдня. Беларус Іван Літвіновіч выступіў на пятым этапе Кубка свету па скачках на батуце, які прайшоў у нямецкім Котбусе. За сваё выступленне ён атрымаў 61,330 бала і заняў трэцяе месца. Гэта адзіны медаль для беларускай зборнай на гэтым турніры. У мужчын 19-е месца ў паўфінале заняў Андрэй Буйлаў, а Станіслаў Яскевіч і Алег Рабцаў не прайшлі кваліфікацыю. Сярод жанчын на выніковай, 12-й, пазіцыі размясцілася наша Віялета Бардзілоўская, яе сяброўкі па камандзе Кацярына Яршова, Марыя Сяргеева і Злата Мініяметава не здолелі пераадолець адборачны бар’ер.

Лічба тыдня. Шэсць ліцэнзій на Паралімпійскія гульні ў Парыж заваявалі беларускія плыўцы: пяць у мужчын і адна ў жанчын. Ліцэнзіі не імянныя, хто канкрэтна будзе выступаць на галоўных стартах, вызначыцца пазней.

Няўдача тыдня. Другая ракетка свету Арына Сабаленка пакідае турнір Mіamі Open на стадыі 1/16 фіналу. Гэта яе трэцяя няўдача запар на буйным турніры пасля перамогі на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. У матчы супраць украінкі Ангеліны Калінінай беларуская тэнісістка ўступіла з вынікам 4:6, 6:1, 1:6. Матч працягваўся дзве гадзіны тры хвіліны.

Турнір тыдня. У Салігорску стартуе паўфінальная стадыя плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі сезона 2023/24. Першую пару паўфіналістаў сфарміравалі «Шахцёр» і «Брэст». «Гарнякі» сталі пераможцамі рэгулярнага чэмпіянату, а ў першым раўндзе плэй-оф у чатырох матчах прайшоў наваполацкі «Хімік». Брэсцкія хакеісты выйшлі ў паўфінал Кубка Прэзідэнта ўпершыню ў гісторыі клуба. У рэгулярным чэмпіянаце яны занялі сёмае месца і прабіваліся ў плэй-оф праз стадыю плэй-ін, дзе двойчы абгулялі «Ліду», а затым сталі пераможцамі серыі з «Віцебскам». За другую пуцёўку ў фінал Кубка Прэзідэнта ў «палескім дэрбі» паспрачаюцца «Гомель» і «Металург». Гамяльчане выбілі з барацьбы гродзенскі «Нёман», выйграўшы серыю з лікам 4:2, а прадстаўнікам Жлобіна для перамогі над «Юнацтвам» і ўвогуле хапіла пяці матчаў.

Каманда тыдня. Беларуская зборная з перамогі пачала адборачны турнір чэмпіянату Еўропы па футболе сярод маладзёжных камандаў. У першым матчы беларусы з вынікам 1:0 абыгралі грэкаў. Гэта гульня была першай і для трэнера нашай «маладзёжкі» Сяргея Яромкі. Аўтарам адзінага забітага мяча ў гульні стаў нападаючы «Арэнбурга» Цімафей Мартынаў, які рэалізаваў пенальці на 57-й хвіліне. Яшчэ два паядынкі ў групе G былі згуляныя 21 сакавіка. Партугальцы абыгралі зборную Фарэрскіх астравоў — 4:0, а зборная Андоры ўступіла камандзе Харватыі — 0:3. Турнірная табліца цяпер выглядае так: 1. Партугалія — 15 ачкоў (6 сустрэч). 2. Харватыя — 13 (5). 3. Грэцыя — 11 (7). 4. Фарэрскія астравы — 7 (6). 5. Беларусь — 6 (9). 6. Андора — 3 (7). У фінальную стадыю ЧЕ адбяруцца пераможцы дзевяці «пулек» і тры найлепшыя каманды з ліку тых, якія фінішуюць другімі. Астатнія шэсць уладальнікаў другіх месцаў разыграюць яшчэ тры пуцёўкі.

Гульня тыдня. На фінішную прамую выйшаў чэмпіянат Беларусі па гандболе. У мужчынскім чэмпіянаце ўжо адбыліся першыя чвэрцьфінальныя сустрэчы. «Мяшкоў Брэст» разграміў выхаванцаў РДУАР з лікам 47:35. Гандбалісты мінскага СКА перамаглі «Бусел Кітая» — 35:25. Магілёўскі клуб «Машэка» абыграў на выездзе сталічны БДУФК-СКА з розніцай у 11 мячоў — 38:27. Матчы за выхад у паўфінал пройдуць 27 сакавіка. Чвэрцьфінальныя серыі працягнуцца да дзвюх перамог адной з камандаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.