Вы тут

Наталля Качанава наведала ААТ «Камволь»


З мэтай кантролю за выкананнем даручэнняў Прэзідэнта Старшыня Савета Рэспублікі пабывала ў цэхах, дзе азнаёмілася з вытворчай дзейнасцю прадпрыемства, пагутарыла з супрацоўнікамі. Спікер пацікавілася, ці задаволены яны ўмовамі працы і ці падабаецца ім тут працаваць. Упаўнаважанаму прадстаўніку кіраўніка дзяржавы ў г. Мінску, а таксама іншым службовым асобам, сярод якіх — старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў і старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна, прадэманстравалі новыя калекцыі вырабаў, якія выпускаюцца на прадпрыемстве. Асобным пунктам у маршруце візіту стала наведванне дызайн-цэнтра ААТ «Камволь», дзе ствараюцца сучасныя мадэлі мужчынскага і жаночага адзення з інавацыйных высокаякасных тканін. Актуальныя пытанні развіцця прадпрыемства абмеркавалі падчас нарады. 


Свой летапіс вядучае прадпрыемства тэкстыльнай галіны, якое ўваходзіць у склад канцэрна «Беллегпрам», вядзе з 5 сакавіка 1947 года, калі Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў было прынята рашэнне аб замацаванні за Міністэрствам тэкстыльнай прамысловасці БССР зямельнага ўчастка. На ім (на сучаснай вуліцы Маякоўскага) было запланавана будаўніцтва баваўнянай фабрыкі, якая затым будзе пераўтворана ў легендарны камвольны камбінат. Першыя метры тканіны былі выпушчаны 30 жніўня 1955 года — з гэтага дня на камбінаце пачалася актыўная вытворчая дзейнасць. За гады свайго існавання прадпрыемства зведала шэраг трансфармацый (у 1996 годзе перайменавана ў ААТ «Камволь»), у выніку якіх толькі прымножыла свае дасягненне і, самае галоўнае, захавала высокую якасць прадукцыі. 

Асаблівую ўвагу прадпрыемству ўдзяляе Прэзідэнт. Ён неаднаразова наведваў камвольную вытворчасць. Падчас візіту ў 2012 годзе на ААТ «Камволь» Аляксандр Лукашэнка даў канкрэтныя даручэнні па мадэрнізацыі прадпрыемства, яго далейшым развіцці. 

У размове з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што самае галоўнае, што тыя задачы, якія былі пастаўлены Прэзідэнтам, павінны выконвацца. «Гэта прадпрыемства — адзінае ў нашай краіне, якое выпускае такія тканіны і такі шырокі асартымент, — адзначыла Наталля Качанава. — Мы павінны выйсці на тыя параметры, якія былі вызначаны раней».

Спікер верхняй палаты парламента не хавае: пэўныя праблемныя моманты ў рабоце прадпрыемства ёсць. Таму і наведала ААТ «Камволь» сумесна са старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю, каб паглядзець, што зроблена, якія новыя віды тканін выпускаюцца, якую прадукцыю шые дызайн-цэнтр. Дарэчы, стварэнне апошняга з’яўляецца даручэннем кіраўніка дзяржавы. «Не проста выпускаць тканіны і аддаваць іх у продаж, а і ствараць гатовыя вырабы, што павышае дабаўленую вартасць і, адпаведна, паляпшае эканоміку на прадпрыемстве», — канкрэтызавала даручэнне Прэзідэнта Наталля Качанава і звярнула ўвагу, што вырабы, якія шыюцца дызайн-цэнтрам, карыстаюцца папулярнасцю ў нашага насельніцтва. Яна дадала, што паспяхова ажыццяўляецца і вытворчасць суконнай тканіны, якую на ААТ «Камволь» пачалі выпускаць у красавіку 2023 года. 

Па словах спікера, асартымент тканіны, якая ствараецца на прадпрыемстве, уражвае. «Ён дастаткова шырокі, — удакладніла ўпаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў г. Мінску. — Мы бачым, што спажыванне тканіны „Камволь“ павялічваецца ўнутры нашай краіны. Аднак трэба больш актыўна працаваць і на экспарт». 

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што на прадпрыемстве працуе выдатны калектыў. «Тут людзі працуюць па шмат гадоў, — расказала спікер. — Я прыязджаю сюды не першы раз. Мы нават сталі добрымі знаёмымі з жанчынамі, якія працуюць тут звыш 20 гадоў. Зусім нядаўна сустрэла жанчыну, якая 46 гадоў працуе на гэтым прадпрыемстве». 

Наталля Качанава лічыць важным, што на ААТ «Камволь» працуе моладзь. Па яе словах, больш вопытныя супрацоўнікі навучаюць моладзь і з’яўляюцца ім добрымі настаўнікамі. «Радуе, што тут створана жаночая арганізацыя, людзі жывуць жыццём свайго прадпрыемства, — падзялілася спікер. — Мне заўсёды прыемна сюды прыязджаць, бо тут добры калектыў, ёсць традыцыі. Калі яны будуць перадавацца моладзі, якая сёння прыйшла сюды працаваць, вядома, у гэтага прадпрыемства — цудоўная будучыня. Але патрэбна эканоміка. Будзе добрая эканоміка, будзе і большая заработная плата, і магчымасці яшчэ пашыраць гэтую вытворчасць, выпускаць тыя пагонныя метры, якія запланаваны».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


Меркаванне

Ачышчальнік тканін вырабаў Кацярына Сяргеева працуе на прадпрыемстве 21 год. Гэта першае і адзінае працоўнае месца жанчыны. 

«Калектыў у нас добры, умовы — таксама, — падзялілася яна. — Цёпла, гэта ж не на вуліцы працаваць. Дабірацца на работу зручна: транспарт пастаянна ідзе. Кіраўніцтва ў нас маладое, добрае. Заўсёды можна паразмаўляць на любую тэму, папрасіць парады». 

За гады працы на прадпрыемстве Кацярына Сяргеева працавала на розным абсталяванні. На сучасным абсталяванні, вядома, выконваць свае прафесійныя абавязкі больш камфортна і хутчэй. Таксама яна звярнула ўвагу на якасць тканін, якія, дарэчы, чысцяцца ўручную. Жанчына спадзяецца, што цеплыня, якую супрацоўнікі ўкладваюць у сваю працу, перадаецца пакупнікам швейных вырабаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.