Вы тут

Выданні XVI стагоддзя пакажуць у гарадах, звязаных са Скарынам


Вільнюс і Кракаў, Прага і Падуя, натуральна, Полацк — тут у розны час жыў і працаваў Францыск Скарына. Менавіта гэтыя гарады стануць прыпынкамі на шляху вялікага міжнароднага выставачнага праекта «Шляхамі Скарыны з Белгазпрамбанкам», што быў прадстаўлены Нацыянальнай бібліятэкай і Белгазпрамбанкам.


— Увесь 2017 год будзе прысвечаны святкаванню 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, і наш банк не мог застацца ўбаку ад такой значнай падзеі, мы далучыліся да свята, набыўшы «Малую падарожную кніжыцу», — зазначыў старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар БАБАРЫКА. — Рыхтуючыся да юбілею, думалі таксама, як падкрэсліць значнасць Скарыны не толькі для беларускай, усходнееўрапейскай культуры, але паказаць яго важнасць для ўсяго кантынента. Таму падумалі, чаму б не зладзіць вялікі тур па гарадах, звязаных з жыццём і працай першадрукара.

— У вялікім выставачным праекце мы аб'яднаем магчымасці і патэнцыял дзвюх устаноў: кансерватыўнасць бібліятэкі і наватарства, інфармацыйныя тэхналогіі банка, — кажа дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, доктар педагагічных навук Раман МАТУЛЬСКІ. — Адметна, што з набыццём унікальнага асобніка «Малой падарожнай кніжыцы» Белгазпрамбанкам рэйтынг Беларусі як захавальніцы кніжнай спадчыны Скарыны значна ўзрос. Сёння мы займаем трэцяе месца пасля Расіі і Украіны, таму вырашылі паказаць гэтую спадчыну ў арыгінале як у Беларусі, так і ў тых краінах, дзе жыў і працаваў першадрукар.

І сапраўды, праект «Шляхамі Скарыны з Белгазпрамбанкам» унікальны. У яго межах у вандроўку выправяцца кніжныя рарытэты, якія ўвогуле надзвычай рэдка пакідаюць межы ўстановы, дзе захоўваюцца, а вандруюць з краіны ў краіну — у самых выключных выпадках. Наведвальнікі выставак, што пройдуць ва ўніверсітэтах, бібліятэках, музеях Еўропы, змогуць пабачыць арыгіналы скарынаўскіх выданняў — «Кнігу Іова», выдадзеную ў Празе ў 1517 годзе, з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі і ўнікальную «Малую падарожную кніжыцу», надрукаваную ў Вільні ў 1522 годзе, што не так даўно папоўніла карпарацыйную калекцыю Белгазпрамбанка. У межах праекта таксама будзе прадстаўлены дакументальны фільм пра першадрукара, а госці выставак з дапамогай шлема віртуальнай рэальнасці атрымаюць магчымасць трапіць у старажытную друкарню. Мяркуецца, што «скарынаўская» частка будзе дапаўняцца мясцовымі матэрыяламі і расказваць пра развіццё друкарскай справы ў кожным з гарадоў-прыпынкаў. Завершыцца тур у верасні ў Мінску падчас вялікай выстаўкі «Францыск Скарына і яго эпоха».

Вік­тар БА­БА­РЫ­КА і Ра­ман МА­ТУЛЬ­СКІ прад­стаў­ля­юць кні­гі,  якія вы­пра­вяц­ца ў ванд­роў­ку па Еў­ро­пе ў ме­жах пра­ек­та  «Шля­ха­мі Ска­ры­ны з Бел­газп­рам­бан­кам».

Дарэчы, «Малая падарожная кніжыца», не так даўно набытая Белгазпрамбанкам, — унікальная для Беларусі. Падчас прэзентацыі выставачнага праекта яна была прадстаўлена публіцы ўпершыню. Гэта адзіны экзэмпляр, які захоўваецца ў нашай краіне. Назва выдання цалкам адпавядае яго прызначэнню: кніга свецкая, невялікага фармату і прызначаецца яна для вандроўнікаў. Канвалют адметны тым, што ўключае акафісты, якія вершавана выклаў сам Францыск Скарына, — гэта вялікае адкрыццё для гісторыі беларускай літаратуры. Таксама кніга досыць добра захавалася: змяшчае 18 частак з 21.

Скарынаўскія кнігі выправяцца ў вандроўку з Мінска ўжо ў маі. Першым прыпынкам праекта стане Вільнюс. Выстаўка «Шляхамі Скарыны з Белгазпрамбанкам» з 4 мая па 4 чэрвеня будзе працаваць у Палацы вялікіх князёў літоўскіх.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Скарына крочыць па Еўропе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.