У Вілейцы па вуліцы Вадап’янава, 35 некалі месцілася рэдакцыя раённай газеты, яшчэ раней у гэтым памяшканні працавала звычайная друкарня. Зараз будынак становіцца гісторыка-краязнаўчым аб’ектам, дзе з часам будуць ладзіцца адмысловыя экскурсіі. Ужо сёння тут паказваюць, як выраблялася папера з льну, як друкаваліся аркушы першых беларускіх кніг. Паспрабаваць сябе ў ролі першадрукароў змаглі наведвальнікі прыватнага музея кнігадрукавання ў дзень свята — 6 жніўня.
Сталыя ўдзельнікі розных асветніцкіх імпрэз, у прыватнасці Дня беларускага пісьменства, традыцыйных лютаўскіх кніжных выставак у Мінску, ведаюць Уладзіміра Ліхадзедава як чалавека, які ўзнаўляе старадаўнія традыцыі беларускага кнігадрукавання. А 6 жніўня 2017 года (застаецца толькі запомніць гэтую дату!) лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», вядомы калекцыянер і мецэнат прэзентаваў у Вілейцы, на Міншчыне, першую чаргу прыватнага музея гісторыі кнігадрукавання. Падзея супала са святам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Вітаць калекцыянера і сучаснага асветніка, гісторыка з пачаткам такой высакароднай справы прыйшлі цікаўныя да кнігадрукавання людзі, кіраўніцтва Вілейскага райвыканкама, госці з Мінска, журналісты, музейныя работнікі. Уладзімір Ліхадзедаў расказаў шмат цікавага з гісторыі беларускага кнігадрукавання. Сваімі развагамі пра маштабы збіральніцкай дзейнасці філакартыста, гісторыка кніжнай справы ў Беларусі падзяліліся Генадзь Аляксеенка, Ігар Зялёны, Віктар Кот, Уладзімір Багданаў, Барыс Цітовіч.
— Мне імпануе тое, што менавіта з Вілейшчынай звязана руплівая грамадская дзейнасць Уладзіміра Ліхадзедава, — сказаў старшыня Вілейскага райвыканкама Віктар Кот. — Яшчэ, здаецца, і год не прайшоў з таго часу, як Уладзімір Аляксеевіч набыў гэтае памяшканне, а ўжо колькі зроблена. Ужо можна пачынаць экскурсіі. Спадзяюся, што ў музей пойдуць школьнікі, моладзь. Станкі, якія тут знаходзяцца, розныя прылады друкарскай справы стануць добрай ілюстрацыяй да інфармацыі, ведаў, якія дзеці бяруць з падручнікаў, кніг.
Нагадаем, што пастаянную інфармацыйную, арганізацыйную падтрымку дзейнасці беларускага калекцыянера на працягу многіх гадоў аказвае газета «СБ. Беларусь сегодня». А ў Выдавецкім доме «Звязда» (раней — у рэдакцыйна-выдавецкай установе «Літаратура і Мастацтва») не аднойчы выходзілі кнігі з серыі «У пошуках страчанага» (згадаем іх назвы — «У пошуках страчанага», «Знічкі Айчыны», «Падарожжа ў часе»), у якіх Уладзімір Ліхадзедаў змясціў рэпрадукцыі з выявамі старых паштовак з уласнай калекцыі. А на старонках часопіса «Маладосць» яшчэ некалькі гадоў назад выходзілі публікацыі гісторыка-краязнаўчых нарысаў, эсэ з рэпрадукцыямі паштовак. Чытачы мелі магчымасць ажыццяўляць адмысловае віртуальнае падарожжа па розных мясцінах.
Мікола БЕРЛЕЖ
Фота Уладзіміра БАГДАНАВА
Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці.
Карэспандэнты «Звязды» пабачылі, як праходзяць рэпетыцыі.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.