Вы тут

У Свіслачы прайшоў абласны фестываль «Дажынкі»


Наведвальнікі свята прайшліся па падворках, дзе ўсе раёны Гродзенскай вобласці прадэманстравалі свае кулінарныя далікатэсы.


Напрыклад, з Ваўкавыска прывезлі вырабы з казінага малака. Тут знаходзіцца самая буйная ў краіне казіная ферма. На гродзенскім падворку частавалі пончыкамі і хлебам сваёй выпечкі, ды яшчэ і з маслам. А таксама прадэманстравалі шлях хлеба ад млына да печы. Гаспадары фестывалю сустракалі гасцей салам і чаркай сапраўднай белавежскай настойкі. Бульбяныя далікатэсы прапанавалі на астравецкім падворку. Тут можна было падсілкавацца дранікамі з мачанкай, цэпелінамі і бульбянымі пірагамі. А таксама паглядзець фотавыстаўку аб зборы «другога хлеба» беларусаў. Смаргонь здаўна славіцца сваімі абаранкамі. Іх тут выпякаюць па асаблівым рэцэпце. А як правільна ўжываць, расказалі гасцям фестывалю самі кулінары на сваім святочным падворку. На іўеўскі падворак завезлі вырабы з памідораў. Добрым попытам карысталіся аджыка і леча розных гатункаў. На карэліцкім частавалі фірменнымі беляшамі і рыбай, фаршыраванай грыбамі і агароднінай. Сам падворак быў абсталяваны пад сялянскі падвал, дзе захоўваюцца прыпасы на зіму — яблыкі, бульба, капуста, розныя марынады і саленні. З Дзятлава прывезлі фірменныя сыры і мёд, а з Воранава — сальтысон і пірагі з курыцай. На мастоўскім падворку можна было пакаштаваць сапраўдную медавуху ў імправізаванай карчме, а на шчучынскім — грыбны суп, які варылі тут жа. З Бераставіцы прывезлі басейн, які зарыбілі карпам і карасём. Усе, хто пажадаў, мог злавіць рыбу і пайсці са сваім уловам.

Акрамя разнастайнай кухні, усе раёны прывезлі на фестываль у Свіслач свае святочныя караваі, выпечаныя з мукі новага ўраджаю. Усе вырабы без перабольшання можна назваць мастацкімі творамі і нават музейнымі экспанатамі. На адным «расцвіталі» сланечнікі, на другім — ружы, на іншых — рамонкі, валошкі, каласкі. Самым высокім аказаўся пяціярусны каравай, які выпяклі ў Ваўкавыску. Найлепшым яго прызналі самі наведвальнікі, якія галасавалі... абаранкамі. Па іх колькасці і вызначаўся пераможца.

Кожны раён прывёз на «Дажынкі» не толькі сваю кулінарную «фішку», але і адмысловую праграму. Былі тут і роставыя лялькі з Дзятлава, і віртуозы-гарманісты з Воранава, і рыцары з Ліды. Наведвальнікі маглі зрабіць падарожжа на «Свяце дуба» ці схадзіць на «Сяброўскі фэст». Агульную ўвагу прыцягнуў белавежскі падворак, куды запрашаў гасцей сам Дзед Мароз. Добры настрой падмацоўвалі яскравыя нумары святочнага канцэрта ў розных кутках вялікай фестывальнай пляцоўкі.

Асаблівым момантам свята стала адкрыццё памятнага знака ў выглядзе шпіля. Яшчэ ў ХVІІІ стагоддзі ў мястэчку Свіслач такі ж беласнежны чатырохгранны стоўб, увенчаны пазалачоным шарам і шпілем, быў устаноўлены графам Тышкевічам. Цяпер былы сімвал горада зноў устаноўлены на тым жа месцы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Смак і забавы кірмашу

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.