Вы тут

Рэспубліканскі каравай-фэст «Бацькава булка» пройдзе ў Свіслачы 19 жніўня


Ідэя фэсту ўзнікла пасля наведвання Прэзідэнтам мясцовай пякарні ў чэрвені пазамінулага года. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў смак свіслацкага хлеба, асабліва — здобнай пляцёнкі. Гэта стала свайго роду пасылам для раскруткі булкі, якая ў хуткім часе атрымала афіцыйную назву «Бацькава булка». Летась у гонар славутай здобы ў Свіслачы зладзілі рэспубліканскі фэст. Сёлета свята пройдзе другі раз.


Фота з адкрытых крыніц.

Падрыхтоўку вядзе спецыяльна створаны аргкамітэт пры Гродзенскім абласным упраўленні культуры. Асноўная праграма распрацавана Свіслацкім цэнтрам культуры і народнай творчасці. Кожны наведвальнік зможа адчуць сябе не толькі гледачом, але і паўнавартасным удзельнікам вясёлага і забаўляльнага шоу.

— Свята становіцца вельмі папулярным, бо яго тэма блізкая кожнаму, — зазначае намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры Святлана Дзянісава. — Важнасць гэтага прадукту відавочная, а восем назваў хлебабулачных вырабаў увайшлі ў склад нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Усе яны будуць прадстаўлены на каравай-фэсце ў Свіслачы. Таксама падрыхтавана нямала пякарскіх конкурсаў як для аматараў, так і для прафесіяналаў гэтай справы.

На выстаўцы-конкурсе «Бацькаўшчына», напрыклад, прафесійныя пекары прадставяць у выпечцы гістарычныя аб'екты Беларусі. Летась тут знайшлі адлюстраванне і Белавежская пушча, і гродзенскія замкі, і старажытныя сядзібы.

Адным з самых цікавых абяцае стаць конкурс «Матулін каравай». Прыняць удзел у ім змогуць усе ахвотныя, у тым ліку пекары-аматары і хатнія гаспадыні. На свята пададзена 23 заяўкі. Сваё майстэрства ў кулінарным спаборніцтве можна будзе прадэманстраваць у дзвюх намінацыях: «Традыцыйны каравай» і «Сучасны каравай».

Кожны ўдзельнік павінен прадставіць адзін выраб вагой не менш за кілаграм. Калі гэта «Традыцыйны каравай», то ў хатніх умовах па традыцыйным рэцэпце гатуецца пірог, каравай ці булка. Вітаецца наяўнасць сямейнай гісторыі, якая звязана з вырабам.

У намінацыі «Сучасны каравай» прапануецца прадставіць кандытарскія вырабы на тэму «Вяселле». Гэта можа быць пірог ці торт, які гатуецца без выпечкі з ужо гатовых інгрэдыентаў, напрыклад, пернікавы ці зефірны. Тут кожны можа прыкласці ўсю фантазію і здольнасці. Прадстаўлены на конкурс выраб павінен мець арыгінальную назву. Але мала толькі прыгатаваць. Яшчэ трэба яго цікава прэзентаваць, расказаць пра тэхналогію, рэцэптуру, гісторыю, чаму менавіта такі выраб стаў у сям'і традыцыйным, у чым яго адметнасць.

Пераможцы будуць вызначаны ў спецыяльных намінацыях. Гэта «Кулінарная спадчына», «Смак дзяцінства», «Самы вялікі каравай», «Арыгінальная прэзентацыя», «Незвычайнае спалучэнне інгрэдыентаў», «Арыгінальнае афармленне». Па выніках конкурсу найлепшыя работы атрымаюць узнагароды — дыпломы і грашовыя прэміі.

Асобны конкурс адбудзецца для прафесійных пекараў і кандытараў. Яны прадставяць вялікі асартымент вырабаў, якія трапляюць да спажыўцоў не толькі вобласці, але і краіны. Вядома, не абыдзецца без дэгустацыі.

Падчас фэсту будзе працаваць шэраг цікавых лакацый. Напрыклад, лаўнж-зона для адпачынку, дзе булка-гадалка ў жартоўнай форме прадкажа лёс.

Экскурсія з майстар-класам паведаміць аб шляху зерня да хлеба. Тут адбудзецца дэманстрацыя старажытных сельскагаспадарчых прылад. А на старых млынарных колах можна нават памалоць зерне. Экскурсійны майстар-клас завершыцца прыгатаваннем «Бацькавай булкі». Госці фестывалю змогуць пакаштаваць духмяную хлебную выпечку, а таксама прыняць удзел у конкурсе па пляценні «Бацькавай булкі», якая будзе ўручацца пераможцу.

Усе конкурсы так ці іначай звязаны з «хлебнай» тэмай. Напрыклад, у эстафеце «Бацькава міля» каманды будуць перавозіць мяхі з зернем. У конкурсе «Каравай, каравай, каго хочаш — выбірай» кожная пара ўдзельнікаў з завязанымі вачыма адной рукой павінна будзе ўпакаваць булку. Арганізатары спадзяюцца, што ўсіх наведвальнікаў свята зацікавіць праграма пад назвай «Булка-байкер-шоу», у склад якой уваходзіць манеўраванне і фігурнае катанне на матацыклах.

Не абыдзецца без захапляльнага спартыўнага спаборніцтва. На баскетбольную пляцоўку выйдуць каманды старшыні Гродзенскага аблвыканкама і Свіслацкага райвыканкама. Дарэчы, гульня пройдзе на пляцоўцы, адкрыццё якой адбудзецца напярэдадні матча. Такі падарунак гораду падчас свята ладзіцца ўпершыню.

У праграме — выступленні артыстаў беларускай і расійскай эстрады, марафон песень аматарскіх калектываў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, фольк-гуртоў і музычных тэатраў.

Напачатку свята ладзілася як мясцовае, але хутка перарасло ў рэспубліканскае.

Трэба сказаць, што беларусы славіліся сваёй выпечкай, старадаўнія рэцэпты якой адноўлены і ўвайшлі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны. Захавальнікі традыцый прадставяць гэтыя вырабы на каравай-фэсце. У іх ліку — свіслацкая банкуха. Майстэрства прыгатавання гэтага торта-ёлачкі захавалася ў пасёлку Поразава. Таксама будзе прадстаўлены ржаны хлеб з Адэльска Гродзенскага раёна. Са Слоніма прывязуць знакаміты «паўлаўскі каравай» ад удзельніц народнага аб'яднання «чараўніцы-каравайніцы» з Навасёлкаўскага цэнтра культуры. На Слонімшчыне фестываль караваяў стаў брэндавым святам. А самы прыгожы трохпавярховы каравай паўлаўскія каравайніцы двойчы ўручалі Прэзідэнту краіны.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.