Вы тут

Культурай «захварэла» з дзяцінства


Як правіла, мы часта чуем пра дынастыі механізатараў, медыкаў, настаўнікаў. Дзякуючы намаганням адных на нашым стале ёсць хлеб і да хлеба, іншыя пазбаўляюць нас ад фізічных хвароб, трэція вучаць разумнаму, добраму, вечнаму. А вось тых, хто далучае нас да культурных каштоўнасцяў, робіць наша жыццё духоўна багатым і цікавым, згадваем не так часта.


Наталля Шымановіч.

У сакавіку загадчыца Селішчанскага сельскага клуба Вілейскага раёна Наталля Шымановіч адзначыла сваё 55-годдзе. Культурай яна «захварэла» яшчэ ў дзяцінстве. Бацька Канстанцін Пятроў працаваў дырэктарам Ільянскага сельскага Дома культуры. У 1976-м пераехаў у Слуцкі раён, узначаліў Падлескі СДК, дзе, як і на папярэднім месцы, арганізаваў духавы аркестр. Канстанцін Паўлавіч кіраваў калектывам, сам іграў на трубе. Ствараў ён і модныя на той час вакальна-інструментальныя ансамблі, у якіх прымаў актыўны ўдзел.

Маці — Вера Мікалаеўна — была надзвычай творчым чалавекам, валодала не толькі арганізатарскімі, але і мастацкімі, вакальнымі здольнасцямі, пісала вершы. Працавала поруч з мужам у ільянскім доме культуры.

Наталля Канстанцінаўна атрымала ў тэхнікуме сельскагаспадарчую спецыяльнасць і спачатку працавала брыгадзірам на жывёлагадоўчай ферме. Але затым захацела прайсці паскораныя курсы культработнікаў. Відаць, бацькоўскія гены ўзялі сваё. «Творчая дзейнасць мамы і таты праходзіла на маіх вачах, увесь вольны час я праводзіла ў клубе», — згадвае Наталля Канстанцінаўна.

Яе дочкі-блізняты — Ірына і Вераніка — пайшлі па слядах маці. Дзяўчаты закончылі Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці «Народная творчасць (харавая музыка)». Творчую дзейнасць пачыналі ў Ільі, затым пераехалі ў Селішча: Ірына кіравала вакальным гуртам «Зорачка», а яе сястра была культарганізатарам. Цяпер дочкі змянілі месца працы, але не здрадзілі абранай прафесіі. Ірына Судніковіч — метадыст у Маладзечанскім палацы культуры, а Вераніка Пташнік — мастацкі кіраўнік у нарачанскім Доме культуры.

— Дочкі самі зрабілі выбар, — кажа Наталля Канстанцінаўна. — Яны, можна сказаць, выгадаваліся на сцэне. Вячэрняя рэпетыцыя, падрыхтоўка мерапрыемства — яны са мной і пелі з маленства, і танцавалі. А цяпер ужо і ўнукі прыходзяць у клуб: дачушка майго сына Косці частая наведвальніца. Унука таксама да сваіх спраў прыцягваю, ён не супраць, — не нарадуецца бабуля.

— Наталля Канстанцінаўна — ініцыятыўны работнік, літаральна фантануе ідэямі, — кажа інжынер структурнага падраздзялення «Аўтаклуб» цэнтралізаванай клубнай сістэмы Вілейскага раёна Людміла Ляшкевіч. — Яна не толькі творчы чалавек, але і добры гаспадарнік, арганізавала і вядзе гурток сольных спеваў для дарослых «Надзея» і дзіцячы гурток «Салавейка».

— Вядома, хочацца, каб у нас быў спецыяліст з вакальнымі данымі, які займаўся б з дзецьмі, бо самой цяжка за ўсім паспяваць: і гурток весці, і справаздачы рыхтаваць, і ўстановай кіраваць, і гаспадарчыя пытанні вырашаць. Часам даводзіцца і прыбіраць у памяшканні, і снег на вуліцы расчышчаць. У мяне на паўстаўкі працуе жанчына. Грошы невялікія атрымлівае, а клопатаў у яе хапае. Вось так і выручаем адна адну, — канстатуе Наталля Шымановіч.

На думку загадчыцы, культура трымаецца на энтузіязме апантаных людзей: «На такіх вось «ненармальных», якія цягнуць усё не ў дом, а з дому. Бо ўсё што можна: і ручнічкі, і гаршкі з кветкамі, і сурвэткі — усё, што можа спатрэбіцца для творчасці, нясу на працу».

Дочкі Вераніка і Ірына.

Дарэчы, стыльную канапу, на якой мы сядзім, Наталлі Канстанцінаўне падарылі, а яна прывезла яе ў клуб. Вырашыла, што дома без яе абыдзецца. Няхай лепш наведвальнікі адпачнуць з камфортам.

— Наталля Канстанцінаўна — майстар на ўсе рукі. Сама перашывае касцюмы са старых рэчаў для самадзейных артыстаў, — дадае Людміла Ляшкевіч. У мінулым годзе праводзілі парад Дзядоў Марозаў, дык яна ўсіх казачных персанажаў асабіста экіпіравала. З нічога зробіць цукерку.

— Умею і шыць, і вышываць, і вязаць, але на ўсё часу не хапае. Нялёгка сумяшчаць усе абавязкі, — уздыхае мая суразмоўніца.

Селішча — маладая вёска, тут пражываюць 280 чалавек, у асноўным моладзь. Хтосьці працуе ў аграгарадку, а нехта ў Маладзечне, Чысці. Пасля работы ўсе вяртаюцца дадому. А чалавеку патрэбны не толькі хлеб надзённы, але і добрая песня, і цікавы адпачынак, які арганізоўвае для землякоў Наталлі Шымановіч.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.