Вы тут

За тытул «Міс Беларусь — 2018» паспаборнічаюць 30 прыгажунь


12 красавіка ў Мінску сабраліся ўсе фіналісткі нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь». Ужо з сённяшняга дня ў дзяўчат пачалася актыўная падрыхтоўка  да шоу: літаральна з ранку да ночы штодзённыя рэпетыцыі з рэжысёрамі і харэографамі, дэфіле, праца з візажыстамі і стылістамі, фотасесіі, майстар-класы.


У кастынгах «Міс Беларусь» сёлета прынялі ўдзел больш за 700 дзяўчат, але строгі адбор прайшлі толькі 30. Сярод кандыдатак на званне новай каралевы прыгажосці — дзяўчаты ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў з самай рознай адукацыяй, працай і захапленнямі. Напрыклад, дачка праваслаўнага святара з Бабруйска Марыя Первій не толькі прымала актыўны ўдзел у будаўніцтве храма, але і зладзіла ўласны бізнес па пракаце аўтамабіляў; Кацярына Калюта з Баранавіч паралельна атрымлівае дзве вышэйшыя адукацыі: у Белдзяржуніверсітэце транспарту яна вучыцца на інжынера-электрыка, а ў Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Ф. Скарыны — на эканаміста-менеджара, а Ксенія Вясельская са Слаўгарада — не толькі магістр юрыдычных навук, але і валанцёр Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Адзіная прадстаўніца Віцебшчыны — Марыя Прашковіч з Наваполацка працуе выхавальніцай і нянечкай у дзіцячым садку, а Кацярына Лайбіс — аніматарам — талісманам хакейнага клуба «Гомель». 19-гадовая мінчанка Хрысціна Бурачонак — майстар спорту па мастацкай гімнастыцы, 21-гадовая гамяльчанка Наталля Паўлоўская — артыстка балета Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі, 18-гадовая мінчанка Анастасія Губарэвіч (дарэчы, падчарка футбаліста Аляксандра Глеба) сур'ёзна захапляецца лыжным спортам, а Дар'я Салодкая з Краснаполля настолькі самааддана займаецца лёгкай атлетыкай, што марыць заваяваць залаты медаль на Алімпіядзе-2024 у Парыжы... І гэта толькі малая частка цікавых фактаў пра ўдзельніц «Міс Беларусь — 2018», якіх у цэлым акрамя прыгажосці аб'ядноўвае актыўная жыццёвая пазіцыя і імкненне да самаразвіцця.

Што да ўласна фіналу конкурсу, які адбудзецца 4 мая ў сталічным Палацы спорту, то арганізатары — тэлеканал АНТ — абяцаюць гледачам двухгадзіннае захапляльнае шоу. «Яно будзе поўным высокатэхналагічных фішак, рэжысёрскіх хадоў, сюрпрызаў і гучных імёнаў, у тым ліку міжнароднага ўзроўню», — адзначыў кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Іван Падрэз. Паводле яго слоў, у пастаноўцы, якую здзяйсняе рэжысёр Ілья Баранаў (ён ужо ставіў фінал конкурсу «Mіss Supranatіonal» у 2013-м), будуць выкарыстаны вобразы чатырох стыхій: зямлі, агню, вады і паветра, кожную з якіх увасобяць беларускія прыгажуні. Таксама прагучыць тэма малой радзімы. Асобны блок праграмы будзе прысвечаны ІІ Еўрапейскім гульням, што пройдуць налета ў Беларусі.

Званне «Міс Беларусь», падкрэсліваюць арганізатары, атрымае дзяўчына, якая вызначаецца не толькі прыгажосцю і адпаведнымі мадэльнымі параметрамі, але і спалучае ў сабе духоўнасць, інтэлект, крэатыўнасць і дабрыню, размаўляе на замежных мовах, добра ведае гісторыю і мае асаблівую беларускую энергетыку — словам, можа ў будучыні годна прадставіць нашу краіну ў прэстыжных міжнародных конкурсах, у тым ліку «Міс свету» і «Mіss Supranatіonal».

Дарэчы, сёлета конкурс «Міс Беларусь» адзначае 20-годдзе — першы агляд беларускіх прыгажунь менавіта з такой назвай і фарматам адбыўся ў 1998-м і далей праходзіў з перыядычнасцю раз на два гады. Магчыма, у сувязі з гэтай датай арганізатары конкурсу (Міністэрства культуры, Нацыянальная школа прыгажосці і тэлеканал АНТ) прадугледзяць дадатковыя спецыяльныя прызы для ўдзельніц. На дадзены момант вядома, што ўладальніца галоўнага тытула атрымае ў якасці ўзнагароды адмысловую пераходную карону «Міс Беларусь», грашовы прыз у памеры 500 базавых велічынь і пазадарожнік Geely Atlas, а «Першая віцэ-міс» і «Другая віцэ-міс» — буйныя грашовыя прызы і падарункі ад партнёраў праекта.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фо­та Ліны МАЛІНІНАЙ і БЕЛТА

Загаловак у газеце: Выхавальніца, дачка святара і талісман хакейнага клуба

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.