Вы тут

Мінпрацы распрацуе Стратэгію актыўнага даўгалецця


Пра гэта паведаміла журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч перад рэспубліканскай нарадай «Роля тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) у вырашэнні сацыяльных праблем».


Ірына Касцевіч адзначыла, што старэнне насельніцтва — гэта сур'ёзны выклік, які стаіць перад усімі краінамі, у тым ліку і перад Беларуссю. Доля асоб ва ўзросце 65 гадоў і старэй, у нас перавышае 14 %, а да 2030 года, па прагнозах, павялічыцца да 20 %.

— Таму мы разумеем, што колькасць грамадзян, якія будуць мець патрэбу ў сацыяльных паслугах, будзе павялічвацца, але, акрамя гэтага, наша задача — паляпшаць і якасць гэтых паслуг, — сказала міністр. — Як мы плануем гэта рабіць? Ужо распрацаваны стандарт якасці сацпаслуг. У 2018—2019 гадах плануем разгарнуць маніторынг якасці гэтых паслуг. Таксама правядзём ранжыраванне тэрытарыяльных цэнтраў па згаданым крытэрыі. Хтосьці будзе на першым месцы, хтосьці апынецца на апошнім. І нават калі цэнтр сацабслугоўвання апынецца на 146-м месцы — планка якасці сацыяльных паслуг усё роўна павінна быць высокай.

Акрамя таго, Ірына Касцевіч адзначыла: «Мы павінны ў найбліжэйшыя гады адысці ад заяўнага прынцыпу, калі чалавек сам просіць нас аб дапамозе, і перайсці на выяўляльны прынцып. Нам трэба ўбачыць кожнага чалавека, дакладна ведаць, колькі ў канкрэтным рэгіёне адзінокіх пажылых людзей ці тых, якія адзінока пражываюць, колькі інвалідаў і якой групы, каб прапаноўваць людзям нашы сацыяльныя паслугі і нікога не выпусціць з-пад увагі».

Таксама найбліжэйшым часам Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ставіць перад сабой задачу распрацаваць Стратэгію актыўнага даўгалецця — дакумент, які вызначыць прыярытэтныя напрамкі актыўнага здаровага даўгалецця беларусаў. «Каб людзі, якія выйшлі на пенсію, жылі, а не дажывалі...», — сказала Ірына Касцевіч.

У рэалізацыі гэтай стратэгіі цяжка пераацаніць ролю тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання, якія аказваюць усе неабходныя паслугі пажылым людзям. А таксама людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, інвалідам, шматдзетным і сем'ям, якія маюць непаўналетніх дзяцей...

Развіццё ТЦСАН у нашай краіне пачалося з 2004 года, і за гэтыя 14 гадоў ужо назапашаны вялікі вопыт работы. «Ёсць база сацыяльных паслуг, якія ТЦСАН абавязаны прадастаўляць грамадзянам. Але, разумеючы асаблівасць гэтай галіны, а таксама творчы і крэатыўны падыход многіх рэгіёнаў, якія пайшлі далей, мы маем інавацыйныя падыходы ў працы з грамадзянамі, — заявіла кіраўнік міністэрства. — Мэта сённяшняй нарады — абмеркаваць, чаго мы дасягнулі за гэтыя гады, які атрымалі вынік, вызначыць асноўныя напрамкі далейшай працы».

  • Зараз у Беларусі функцыянуюць 146 цэнтраў тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
  • Паводле міжнародных крытэрыяў, насельніцтва краіны лічыцца старым, калі доля асоб ва ўзросце 65 гадоў і старэй складае 7 % і больш.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Каб жыць паўнавартасна, а не дажываць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.