Вы тут

Навошта фатограф на кінапляцоўцы?


…Стрыманая прыгажуня Галіна Польскіх, сумнаватая мудрасць Стэфаніі Станюты, мяккая ўсмешка Мікалая Карачанцава, працоўная засяроджанасць рэжысёра Дабралюбава на здымках фільма «Белыя росы»... У 50 чорна-белых кадрах, якія зафіксавалі здымачны працэс, ёсць непаўторнае хараство, нетаропкасць і спакой, пры гэтым няма музейнай «застыласці» — гэта, калі хочаце, такі своеасаблівы фотатрэйлер, які раней быў даступны толькі малой творчай суполцы, а сёння стаў неад’емнай часткай кінамаркетынгу.


Рэжысёр Ігар Дабралюбаў на здымках фільма «Белыя росы»

Фотавыстаўка «У кадры і за кадрам», якую можна заспець у сталічным музеі кіно, — праект унікальны для музейных супрацоўнікаў, мастацтвазнаўцаў і аматараў кіно. Упершыню наглядна прадстаўлена такая прафесія, як фатограф у кіно, а па-другое, прадстаўленыя кадры раней ніколі не экспанаваліся. Уражанне ўзмацняецца тым, што выстаўка інтэрактыўная: побач на экране дэманструецца нарэзка з тых самых эпізодаў, што трапілі ў аб’ектыў фатографа. Словам, па настальгію і згадкі пра «Беларусьфільм», якім вы, магчыма, яго ніколі не бачылі, ісці сюды.

Мінчанін Уладзімір Жыгуноў ужо амаль 30 гадоў працуе ў інстытуце «Мінскграмадзянпраект». А ў мінулым Уладзімір Іванавіч працаваў штатным фатографам на Адэскай кінастудыі і «Беларусьфільме». А гэта значыць, суправаджаў фотаздымкай стварэнне фільмаў «Белыя Росы», «Філіял», «Бацькі і дзеці», «Чалавек, які браў інтэрв’ю», «Апошні крок», «На сваёй зямлі», «З юбілеем пачакаем», «Пітэр Пэн» і іншыя, ад пачатку фотапробаў да стварэння рэкламных афіш. Потым 500 найбольш удалых негатываў — заўважым, гаворка не пра які-небудзь Polaroid, а пра айчынную «Свему», у якой кульгала перадача колераў, і знаўцы зразумеюць, колькі намаганняў трэба было прыкласці, каб атрымаць удалы кадр, — перадаваліся кінастудыі, а ў фатографа заставаліся толькі «адходы» — здымкі, якія падаліся кіраўніцтву нецікавымі і непатрэбнымі. А сёння многія «адбракаваныя» кадры, якія перадаюць атмасферу на здымачнай пляцоўцы і пановаму паказваюць добра вядомыя фільмы і акцёраў, тое, што зараз называецца бэкстэйджам, — на вагу золата.

— Мая галоўная задача была — не замінаць на пляцоўцы акцёрам, рэжысёру, аператарам, але разам з тым знайсці з імі ўсімі паразуменне, стаць часткай творчай групы, каб атрымаць сапраўды ўдалыя кадры і партрэты, — распавядае Уладзімір Жыгуноў. — Скажам, на здымках фільма «З юбілеем пачакаем» я пазнаёміўся бліжэй з Кірылам Лаўровым. Здавалася, гэта ж народны артыст СССР, герой сацыялістычнай працы, такая велічыня, ну, як да яго падысці і папрасіць пазіраваць? А ён аказаўся вельмі просты, кантактны і прыемны ў стасунках, заўжды вітаўся з намі ўсімі за руку... Альбо ўзяць кадр, дзе Карачанцаў сядзіць на таку — ён проста адпачываў у перапынку паміж дублямі і без ніякай «зорнасці» паглядзеў у аб’ектыў, не прымусіўшы сябе ўпрошваць, як некаторыя сучасныя артысты. Дарэчы, найцікавейшай і самай памятнай для мяне стала работа ў экспедыцыі на «Белых росах» — там быў падабраны такі бліскучы акцёрскі ансамбль, за якім было адно задавальненне назіраць. Магчыма, гэта мне так пашанцавала, але не магу прыпомніць ніводнага канфлікту з акцёрамі або рэжысёрамі, было адчуванне, што мы адна каманда.

Кірыл Лаўроў

Напрыканцы 80-х, калі грошай на кіно не было, а сям’ю трэба было ўтрымліваць, фатографу прыйшлося памяняць працу. Але пра былыя часы Уладзімір Жыгуноў успамінае з настальгіяй, чаму паспрыяла выстаўка. Яе наогул магло б не быць, каб не сын Дзяніс. Захоплены працай бацькі і ўлюбёны ў кіно малады рэжысёр прыдумаў зрабіць такі незвычайны падарунак. Ад ідэі да канчатковай рэалізацыі спатрэбілася два гады працы, сканаванне каля 300 фотаздымкаў і выбар самых цікавых і каштоўных. «Архіў таты нашмат большы, але частка здымкаў дублюецца з ужо вядомымі кадрамі. У некаторых мы не ўпэўнены наконт аўтарства, і тата забараніў іх выкарыстоўваць, — расказвае Дзяніс. — А яшчэ ёсць каля 70 цікавых здымкаў, на якіх — Мінск 70—80-х гадоў. Я цяпер спецыяльна хаджу па тых самых месцах і фатаграфую іх сучасны выгляд — і, магчыма, гэта стане ідэяй наступнай выстаўкі».

Плануецца, што выстаўка «У кадры і за кадрам» надалей застанецца ў фондзе Музея гісторыі беларускага кіно і будзе яшчэ паказана ў Маскве.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: У працэсе здымак

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.