Вы тут

Пад кронамі старых дрэў


Каб адчуць атмасферу старадаўняй гісторыі, поўнай таямніц і рамантычных паданняў, з яе славутымі шляцецкімі палацамі, пышнымі баламі, вытанчанымі прыгажунямі, якія маглі разбіць сэрца з першага позірку, і фатальнымі каханнямі з абавязковай трагічнай развязкай, не трэба вандраваць «па Парыжах» — дух слаўнай мінуўшчыны хаваюць і многія мясціны нашай зямлі, а між сцен айчынных гарадоў стаіліся старадаўнія падмуркі. Нават прывіды іх былых гаспадынь, стаміўшыся лічыць імгненні вечнасці, выходзяць зрэдку на белы свет — ёсць сведкі, якія сцвярджаюць, што бачылі іх…


Калісьці віравала шляхецкае жыццё і ў Лошыцкім маёнтку, які цяпер знаходзіцца ў сталічных межах і з’яўляецца помнікам сядзібна-паркавага мастацтва Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. Яго гісторыя з часоў першых згадак у старадаўніх дакументах, у ваенны перыяд і да сёння падрабязна апісана на старонках кнігі Юрыя Кур’яновіча «Старасвецкая Лошыца», што летась пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь». Аўтар сабраў легенды пра мясціны, дзе цяпер красуе парк, паданні пра рэчку, якая апярэзвае яго з поўдня і жывіць сваімі водамі тутэйшыя поплавы, злучыўшыся са Свіслаччу, прывёў версію яе назвы — Лошыца. Ю. Кур’яновіч прыводзіць адметныя ў гісторыі маёнтка факты: у розныя часы там гасцявалі выбітныя свецкія асобы, сярод якіх — Станіслаў Панятоўскі (тагачасны гаспадар, Станіслаў Ксаверый Прушынскі і яго пляменнік належалі да блізкага атачэння апошняга польскага караля і вялікага князя літоўскага). Ёсць версія, што і Павел І, талерантна настроены да палякаў расійскі імператар, бываў у Лошыцы.

Адметна, што аўтар прыводзіць і гісторыю храмаў, якія былі на тэрыторыі Лошыцы, сярод іх — унікальная ў сваім родзе Лошыцкая алтарыя. І хоць яна не захавалася, выява пачатку ХХ стагоддзя, змешчаная ў выданні, дае магчымасць уявіць яе выгляд. Дзякуючы планам і картам, а таксама прыведзеным у кнізе даўнім здымкам будынкаў, узведзеных на тэрыторыі сядзібы, можна мець уяўленне і пра кампазіцыйную будову комплексу. Істотна дапаўняе агульную карціну рэпрадукцыя акварэлі Юзафа Пешкі пачатку ХІХ стагоддзя, — гэта адна з самых ранніх выяў сядзібы. Цікава даведацца, што адзін з уладальнікаў Лошыцы, Прот Прушынскі, — падпалкоўнік артылерыі коннай гвардыі Каралеўства Польскага, 31 ліпеня 1833 года быў залічаны Мінскай губернскай камісіяй да 2-га разраду дзяржаўных злачынцаў за ўдзел у паўстанні. Адметна і тое, што вобразы лошыцкіх сялян трапілі на старонкі вершаванай аповесці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы», з якімі пісьменнік неаднаразова гутарыў падчас візітаў да Яўстафія Прушынскага.

Не менш цікавая гісторыя сядзібы і ў ХХ стагоддзі. З сярэдзіны 1920-х да сярэдзіны 1980-х гадоў на тэрыторыі Лошыцы працавалі беларускія навукоўцы-селекцыянеры, дзякуючы якім у нашай краіне адрадзілася такая навука, як селекцыя. Пад наглядам Эмы і Аляксея Сюбаравых, вучоных у галіне селекцыі пладовых культур, а таксама Аляксея Валузнёва, вучонага-пладавода, тут вырошчваліся сады і ягадныя гадавальнікі. Сёння ледзь не на кожным дачным участку, на кожным вясковым агародзе растуць сартавыя яблыні і грушы, красуюцца дрэўцы чарэшань і кусты парэчак, — за гэта трэба сказаць «дзякуй» менавіта гэтым вучоным, якія захавалі ў цяжкі ваенны час насенне раслін і вывелі іх новыя каштоўныя гатункі. З Лошыцай звязана і гісторыя мінскага падполля — аўтар згадвае яе гераічныя і трагічныя старонкі, ілюструючы іх фотаздымкамі.

Выданне Юрыя Кур’яновіча не толькі пра помнікі архітэктуры. Яно распавядае пра тое, што мы мусім ведаць і чым можам ганарыцца. Магчыма, кагосьці яно натхніць, каб павандраваць пад кронамі старых дрэваў, якія захоўваюць дух гістарычнай спадчыны, наведаць музей «Лошыцкая сядзіба» і адкрыць для сябе гэты ўнікальны маляўнічы і ў чымсьці яшчэ таямнічы куточак Бацькаўшчыны.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.