Вы тут

Часовая экспазіцыя «Кола(с) часу»


Назва часовай экспазіцыі, што нядаўна адкрылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа — «Кола(с) часу» — адначасова  і з’яўляецца прыгожай гульнёй слоў, і трапна адлюстроўвае сутнасць светаадчування песняра айчыннай літаратуры.


Фрагмент экспазіцыі.

А да часу паэт ставіўся надзвычай паважліва, што выяўлялася ў ладзе яго жыцця і ў адносінах да тых рэчаў, якімі ён карыстаўся і ўпрыгожваў свой побыт. Акрамя таго, выстаўка задумвалася як даніна памяці песняру, яго ўніверсальнаму погляду на жыццё, як пашана яго захапленню: пэўны час Якуб Колас збіраў адрыўныя календары. У мемарыяльнай установе захоўваецца яго калекцыя з 1946 да 1956 года — гэта той перыяд, калі паэт жыў у сталічным доме, што пазней стаў яго музеем.

Дбайнае пражыванне — карыстанне дадзенымі гадзінамі, гадамі маладосці і сталасці — знайшло ўвасабленне і ў творах, нават тых, дзе, на першы погляд, няма нічога, акрамя хранікальнага апісання падзей. Але пры ўважлівым прачытанні робіцца відавочным, што ўсе гэтыя падзеі размяшчаюцца менавіта ў часе, і за імі паўстае само жыццё, неспасціжнае ў сваёй велічы і велічнае ў штодзённасці: «Памятай: адзначана кожнаму чалавеку прайсці нейкі круг жыцця, і покі той круг не пройдзены, ніхто з яго не выйдзе», — думкі свае пісьменнік «уклаў у галаву» аднаго з герояў п’есы з сімвалічным прозвішчам Падарожны — «На дарозе жыцця». Вандроўнікам па часе Колас лічыў і сябе.

За кожнай драбязой, нязначным эпізодам паўстае шэраг асацыяцый. І ўсё гэта стварае фон для разумення няспыннасці эпох, што пераходзяць адна ў другую, іх зменлівасці і разам з тым няспешнасці часу і яго безумоўнасці і незваротнасці… Так, найперш прыцягваюць увагу наведвальніка шматлікія насценныя календары, якімі ўпрыгожана прастора між вітрын. Гэта муляжы, падрыхтаваныя адмыслова да выстаўкі, у некалькі разоў павялічаныя адрыўныя лісткі. Задума належыць куратару праекта Алене Жастковай, вядучаму навуковаму супрацоўніку навукова-асветніцкага аддзела ўстановы. Пад шклом вітрын — сапраўдныя музейныя рарытэты, сагрэтыя рукамі паэта: не толькі на папяровых носьбітах, але і на канцылярскіх прыладах можна бачыць надпісы між друкаваных радкоў. І ў той час, як календары паэт выкарыстоўваў як нататнікі, пісаў на іх зацемкі, рабіў пазнакі, нагадваў сабе пра неадкладныя справы, прыдумляў пажаданні сабе самому ці нават часу, то іншыя прадметы ён быццам зараджаў на поспех, ажыўляючы для добрых спраў. Так, надпіс на кардоннай скрыначцы з пёркамі для ручкі звернуты, здавалася б, да неадушаўлёнага прадмета, але ён набывае пэўную магію: «Каб добра пісаць!» — і калі выцягваеш са скрыначкі чарговае пёрка, у памяці імгненна праносяцца добрыя згадкі, звязаныя з мінулымі дасягненнямі…

Кіёк Коласа. Фрагмент экспазіцыі.

Узіраючыся ў старадаўнія рэчы, не можаш пазбавіцца ад уражання, што час быў для Якуба Коласа жывой разумнай істотай, паэт з ім размаўляў і спрабаваў дамовіцца, прыспешваў ці… праганяў! Напрыклад, на пачатку аднаго з календароў напісаў: «Вітаю цябе, Новы 47 год!», а ў канцы 1951 года на апошнім лістку календара зварот ужо з іншай эмацыянальнай афарбоўкай: «Ідзі вон!» У фармулёўцы, звернутай, верагодна, да пачатку 1954 года (пазначана 31 XII 1953 г.): «Дарагі мой каляндар! Няхай наступны будзе ўдар» — на жаль, мы не ведаем, што канкрэтна пісьменнік меў на ўвазе, але агульны мажорны настрой выказвання дазваляе меркаваць, што з надыходам студзеня Якуб Колас звязваў надзеі на перамены і дасягненні. «Дзень добры, Новы год!», — як з чалавекам, вітаўся літаратар з будучыняй…

Алена Жасткова падчас экскурсіі згадвала, што Колас заўжды чакаў новага года і асабліва вясны. Калі час навагоддзя быў пераходным перыядам паміж двума адрэзкамі на прамой жыцця альбо паміж віткамі на бясконцай жыццёвай спіралі адвечнага колазвароту, то вясна — жаданым часам аднаўлення, калі ўсё ў прыродзе прачыналася. «Пасадзіў 3 бульбіны. Няхай неба гадуе іх. Ну, і зямля», — пазначана рукой паэта на адным з майскіх дзён 1949 года.

Чытаючы мілыя надпісы на адрыўных лістках накшталт напаміну купіць цукерак да дня нараджэння сына, акунаешся ў звычайныя клопаты, авеяныя цяплом зносін з блізкімі і дарагімі людзьмі. Яны мелі месца ў жыцці народнага пісьменніка — і тут адчуваеш пэўную лучнасць: падобнымі момантамі ў штодзённых справах поўніцца, пэўна, існаванне кожнага чалавека. І гэта важна памятаць і разумець, бо гісторыя асобы, няхай яна будзе сусветна вядомай альбо непрыкметнай для свету, за выключэннем родных і сяброў, менавіта з маленькіх дробязей і складаецца. Паўстае ў чымсьці падобны да ўсіх іншых чалавек: не манументальны, выяўлены ў помніках з бронзы ці каменю, а звычайны, са сваімі радасцямі і засмучэннямі.

Інтэрактыўная частка экспазіцыі.

Падарункі сяброў, сувеніры, прывезеныя з падарожжаў, — усё гэта служыла аздобамі, якімі паэт упрыгожваў свой побыт. Барометры (арыгінальныя рэчы, што належалі Коласу: адзін знаходзіўся ў спальні, другі — на працоўным стале) нагадваюць аматарам творчасці паэта пра яго паходжанне з сялян: як сапраўдны селянін, Колас заўжды сачыў за надвор’ем.

Пакінутыя паэтам нататкі гавораць і аб тым, што ён быў не толькі тэарэтыкам, але і практыкам. Так, прачытаўшы ў адным з часопісаў аб досведзе сумеснага засявання жыта і ячменю, які быў распаўсюджаны ў бе­ларусаў у XVI стагоддзі, паспрабаваў зрабіць тое ж і на ўласнай сядзібе, а пра вынікі эксперымента напісаў у пе­рыядычным выданні айчыннай Акадэміі навук.

Штодзённасць паэта багата адлюстравана пад шклом музейных вітрын: шчоткі для вопраткі, шчыпчыкі, «правільны» шматфункцыянальны нож, якім, па словах Коласа, можна было выразаць кіёк, накрышыць тытуню, адкроіць хлеба і адкрыць корак. Пра тое, што Колас быў аматарам пакурыць, пакуль яму гэта не было забаронена ўрачамі, сведчыць і арыгінальная попельніца, зробленая яго рукамі. Жалезную падстаўку для прылады зрабіў яго шафёр.

Можна ўбачыць сярод экспанатаў выстаўкі і кіёк, выразаны паэтам з палкі, знойдзенай у лесе. Прадмет гэты таксама з’яўляецца сведчаннем зменлівасці чалавека ў часе (адразу згадваецца показка-загадка: хто ходзіць спачатку на чатырох нагах, потым на двух, а ў канцы жыцця — на трох? Адказ філасофскі: дзіця, сталы чалавек і стары).

Зменлівасць і закальцаванасць у часе адлюстравана і на фотаздымках Коласа, якімі ўпрыгожана выстаўка: ад самага першага, датаванага 1901 годам, калі будучы літаратар вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы, да аднаго з самых апошніх. Парадны партрэт і «хатні», аўтарам якога з’яўляецца малодшы сын пісьменніка Міхась, таксама выяўляюць асобу песняра па-рознаму, з адбіткамі часу. Праілюстраваны здымкам і год, калі Якуб Колас атрымаў статус народнага паэта — 1926-ты. Пранізлівыя вочы на маладым твары свецяцца розумам і разуменнем…

Старонка календара Якуба Коласа. Фота з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Сярод аўтараў мастацкіх работ з выявамі песняра — Марына Трус. Прыжыццёвы партрэт Коласа намаляваны з нагоды яго 60-годдзя Таццянай Жырмунскай. На твары змарнелага, стомленага, але не зламанага чалавека, адбіліся перажыванні ваенных падзей, бежанства, страт і выпрабаванняў. Адзін з апошніх мастацкіх партрэтаў — «Смутак і радасць мая» — належыць пэндзлю Георгія Паплаўскага і адносіцца да 2007 года. Ён раскрывае эмацыянальны свет Коласа бліжэй да завяршэння зямнога шляху — для кожнага ў свой час кола мусіць замкнуцца…

Акрамя ўсяго, выстаўка «Кола(с) часу» дае магчымасць адчуць атмасферу 1950-х гадоў, уявіць, як выглядалі пакоі тагачасных жылых памяшканняў, ува што апраналіся людзі мінулага стагоддзя.

Інтэрактыўная частка выстаўкі, распрацаваная куратарам Аленай Жастковай, у жывой гульнявой форме дапамагае навучэнцам, наведвальнікам лепш засвоіць асноўную інфармацыю, што датычыць галоўных вех на шляху жыцця народнага пісьменніка. Выкананая ў форме кола гадзінніка ці знакаў Задыяка, яна выклікае асаблівую цікавасць і з’яўляецца адной з самых удалых музейных распрацовак.

Часовая экспазіцыя чакае наведвальнікаў.

Яна БУДОВІЧ

Фота аўтара

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?