Вы тут

Літаратурныя навінкі «Звязды»: ад Пігласа да Чорнай Панны Нясвіжа


Запрашаем вас пагартаць новыя кнігі нашага Выдавецтва! Гэтым разам у падборку трапілі казкі і вершы для дзяцей і гістарычныя выданні.


1) Надзя Бука. «Бася і яе чароўны свет»

Вы, пэўна, памятаеце казку Надзі Букі пра дзяўчынку Басю і яе незвычайнага сябра Пігласа — ці то птушачку, ці то вочка з крыльцамі, што дорыць натхненне і аберагае чалавека ад дрэнных учынкаў? Выдавецкі дом «Звязда» выпусціў працяг гэтай гісторыі! У новай кнізе мастачкі і пісьменніцы вас чакаюць новыя героі — гласпіі, якія сілкуюцца негатыўнымі эмоцыямі і пачуццямі, бубласы, што могуць вылечыць ад любой хваробы, Пува, якая харчуецца гузікамі і абараняе чалавека ад начных жахаў... Не хвалюйцеся, спецыяльны тлумачальны слоўнік на апошняй старонцы не дасць вам заблытацца ў персанажах. Як і ў першай кнізе, Бася вучыцца дабрыні і спачуванню блізкаму. А мы з вамі вучімся верыць у цуды і ствараць свае ўласныя чароўныя сусветы!


2) Святлана Быкава. «Солнечный зайчик»

Кніга Святланы Быкавай — зборнік сонечных, лёгкіх вершаў для дзяцей і такіх жа сонечных, паветраных ілюстрацый. Гэта сапраўдная кніжка-карцінка, у якой малюнкі не проста дапаўняюць тэкст, а ствараюць асобны чароўны сусвет. Тут мышаняты і жабяняты вучацца ў лясной школе — не толькі пісьменнасці, але і сумленнасці, гаварлівая сарока-фантазёрка разносіць па акрузе навіну аб тым, як напалохала баязлівага ката (чытайце — усё было наадварот), а хлопчык Саша дакладна ведае, як справіцца з неапетытным сняданкам — трэба толькі мець «пад рукой» надзейнага сябра Барбоса... Цёплыя і пяшчотныя ілюстрацыі, пацешныя персанажы — гэта кніга падорыць прыемны вечар дзецям і бацькам.


3) Вольга Нікольская. «И вновь агенты КолбаФирЖик»

Кніга Вольгі Нікольскай хавае ў сабе новую «порцыю» прыгодаў цямлівых дэтэктываў — катоў Каўбаса і Кефіра, а таксама іх вернага сябра сабакі Рыжыка. Калі ў папярэдняй гісторыі галоўныя героі пыталіся разгадаць таямніцу знікнення карціны-шэдэўра пад назвай «Мурка Ліза», у новай кнізе ахвярай выкрадання становіцца... адзін з хвастатых агентаў: бестурботны Рыжык выйшаў паплаваць у возеры — і знік. Сляды прыводзяць Каўбаса і Кефіра ў пункт часовага ўтрымання жывёл. Што рабіць? Як выратаваць сябра? Бо калі Рыжыка хутка не забярэ з прыюта новы гаспадар, яго чакае сумная доля... Але ў знаходлівых катоў ёсць план!


4) Анатоль Бутэвіч. «Тайны Несвижского замка»

Ці сапраўды існуе славутая Чорная Панна Нясвіжа, што ўтойваюць падзямеллі радзівілаўскай рэзідэнцыі і што звязвае прадстаўнікоў магнацкага роду з сям’ёй Кенэдзі? Кніга пісьменніка, публіцыста і грамадскага дзеяча Анатоля Бутэвіча — вынік даследчай працы аўтара з мноствам архіўных дакументаў, больш за 200 старонак міфаў, легенд і паданняў Нясвіжа, малавядомыя факты з гісторыі роду Радзівілаў і найбольш выбітных яго прадстаўнікоў. «Кампаньёнамі» чытачоў у гэтым займальным падарожжы ўглыб стагоддзяў стануць былыя гаспадары горада і іх сучаснікі: першая жанчына-паэтка на нашых землях і арганізатар гарадскога тэатральнага жыцця Францішка Уршуля Радзівіл; самы авантурны аматар прыгод Караль

Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку, якога называюць беларускім Мюнхгаўзенам; дзяржаўны дзеяч і таленавіты кампазітар Мацей Радзівіл, які падарыў свабоду ўсім сваім сялянам — удзельнікам паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі... Але найбольш уважліва аўтар прапануе прыслухацца да голаса вядомага паэта, краязнаўцы і даследчыка даўніны Уладзіслава Сыракомлі — чалавека, які ў Нясвіжы і замку многае бачыў на свае ўласныя вочы. «Ён меў шчаслівую магчымасць трымаць у руках, чытаць, прыводзіць у парадак унікальныя старадаўнія дакументы па гісторыі не толькі нясвіжскіх земляў, але і ўсяго Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай... Адным словам, яму можна верыць», — піша ў сваёй кнізе Анатоль Бутэвіч.


5) Уладзімір Ліхадзедаў. «Місія міласэрнасці: ілюстрацыйная гісторыя Чырвонага Крыжа ў Беларусі»

Унікальныя фотаздымкі і паштоўкі, сабраныя гісторыкам і калекцыянерам пад адной вокладкай, расказваюць пра дзейнасць грамадскага аб’яднання ў нашай краіне з другой паловы ХIХ стагоддзя да 1939 года. Зазірнем у далёкі 1867 год — менавіта ў тагачаснай Расійскай імперыі пачало дзейнічаць Таварыства апекі аб параненых і хворых воінах. Прыхільнасць гуманітарным каштоўнасцям была актыўна падхоплена і на тэрыторыі Беларусі: у 1872 годзе было створана першае Мінскае мясцовае ўпраўленне Таварыства апекі аб параненых і хворых воінах, а да 1877 г. на тэрыторыі цяперашняй Беларусі налічвалася ўжо 5 мясцовых упраўленняў, 30 крапасных і павятовых камітэтаў, якія аб’ядноўвалі ў сваіх шарэнгах больш за 3000 чалавек.

Дзякуючы кнізе Уладзіміра Ліхадзедава можна не проста папоўніць скарбонку ведаў пэўнымі фактамі з гісторыі Чырвонага Крыжа ў Беларусі, але і разгледзець вобразы і постаці рэальных людзей, якія не шкадавалі ні сіл, ні сардэчных перажыванняў дзеля тых, каму былі вельмі патрэбны дапамога, міласэрнасць, спачуванне.

Алена КАРПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.