Вы тут

Як шаравая маланка паспрыяла нараджэнню брэнда


Работы гэтай дзяўчыны-хэндмейдара выкарыстоўвалі ў сваіх праектах такія часопісы, як Vоguе Іtаlіа, Vоguе Роlskа і Еllе Bulgаrіа. Кожны тыдзень да беларускі звяртаюцца стылісты, дызайнеры, фатографы, мадэльеры з усяго свету ў надзеі атрымаць яе ўпрыгажэнні ці заказаць новую калекцыю для работы. Стваральніца брэнда BLІSKАVІСА Віка СІНЧЫЛІНА раскрыла чытачам «Звязды» сакрэты свайго натхнення і падзялілася страшнай гісторыяй з дзяцінства, якая паўплывала на ўсё яе жыццё.


Узнікненне страсці

...У Вікі быў добры настрой. Яна любіла лета, бо гэта была магчымасць паехаць з Мінска да бабулі, убачыць сваіх сябровак, па якіх сумавала цэлы год. Там, у Мастах, адзінаццацігадовыя дзяўчынкі хадзілі ў мясцовую бібліятэку, гулялі і, вядома, сакрэтнічалі. У той дзень Віка адправілася да сяброўкі ў госці. Яна спяшалася, бо на вуліцы было душна — адчувалася, што хутка пойдзе дождж. Дабраўшыся да той, яны разам узялі некалькі кніг і ўселіся на канапе ў гасцінай, каб пачытаць. Ад духаты вокны былі расчынены, і калі раптам пайшоў дождж, яны разам ускінулі галовы, паглядзелі ў бок акна і... анямелі. Там, у паветры, вісеў вельмі яркі блакітнаваты шар. Стала зразумела, што зачыніць акно яны не паспеюць. Дзяўчынкі хутка схаваліся за печ. Моцны трэск і грукат аглушылі іх. Абгарэла акно, падаконнік і кветкі, якія стаялі на ім, але самі дзяўчаты не пацярпелі.

— Не аднойчы я ўспамінала той момант, — расказвае Віка. — І кожны раз мяне ўражвала тая маланка: яркая, аглушальная і хвалюючая.

Падобнае пачуццё яна зведала, убачыўшы ў часопісах Еllе gіrl і Сооl gіrl неверагодныя ўпрыгажэнні для дзяўчат. Зноў і зноў перагортвала старонкі і амаль з адчаем разумела, што такіх рэчаў у яе ніколі не будзе. Грошай у сям'і на такую прыгажосць не было. Затое ў Вікі быў дзядуля — тэлемайстар, які аднойчы прынёс унучцы рознакаляровыя правадкі для забавы. Вось тут Віка імгненна зразумела: упрыгажэнням быць! Дзяўчынка пачала рабіць спачатку вельмі простыя бранзалеты. Але з кожным разам прыдумвала ўсё больш складаныя і цікавыя рэчы. Неўзабаве Віка заўважыла, што ў галаве пастаянна ўзнікаюць нейкія ідэі, але яна не можа іх рэалізаваць праз адсутнасць патрэбных матэрыялаў. І тады дзяўчынка стала маляваць свае задумкі ў нататніку — у надзеі, што калі-небудзь іх увасобіць. Мама дзяўчынкі, заўважыўшы такую цікаўнасць свайго дзіцяці, прапанавала паехаць у краму, дзе прадаецца спецыяльная фурнітура.

— Гэта было даволі сур'ёзнае захапленне, падобнае нават на нейкую страсць, — успамінае Віка. — Я збірала кішэнныя і падораныя грошы, каб патраціць іх у той краме. Потым гадзінамі рабіла розныя ўпрыгажэнні па сваіх эскізах — для мамы, бабулі, сваякоў, сяброў і, вядома ж, для сябе. Заўсёды ўспамінаю той час з цеплынёй.

Але праз пару гадоў Віка захапілася журналістыкай. Скончыўшы адпаведны факультэт, дзяўчына стала пісаць артыкулы, асноўнай тэмай якіх была мода. У хуткім часе яе заўважылі і запрасілі працаваць у англійскую кампанію. Задачай Вікторыі было прадстаўляць прадукцыю лонданскай кампаніі ў краінах СНД.

Натхняльнік — само жыццё

— Займалася піярам тры гады і раптам зразумела, што... магу піярыць і сябе, — расказвае Віка. — Спачатку пачала весці блог аб тэндэнцыях у модзе і аднойчы напісала, што ў моду вярнуліся чокеры — такія аксамітныя палоскі-ўпрыгажэнні на шыю. І адчула непераадольнае жаданне зрабіць свой чокер. І пачала тварыць. Ён быў незвычайны, з карункамі і пацеркамі. Здавалася, што вось-вось з'явіцца Марыя-Антуанета — у цікавай сукенцы і створаным мной пяшчотна-зялёным чокеры... Адчуванне было магічнае.

Так вярнулася дзіцячае захапленне. І, канешне, ідэя назваць брэнд BLІSKАVІСА — як даніна сустрэчы дзяўчынкі са стыхіяй. Хутка з'явіліся добрыя водгукі, якія матывавалі яшчэ актыўней працаваць у выбраным кірунку.

Віку пачалі запрашаць у розныя праекты. Адзін з першых і запамінальных — удзел у паказах калекцыі Марк Фармель на беларускім Тыдні моды.

— Мая задача была стварыць упрыгажэнні да калекцыі «Радзівіл», — успамінае хэйдмейдар. — Працавалі з дызайнерамі кампаніі, хацелася прыдумаць нешта асаблівае і сучаснае. І ў мяне атрымалася. Пасля паказу да мяне тут жа звярнуліся прадстаўнікі Vоguе Іtаlіа: ім вельмі спадабалася ўся калекцыя, але асабліва незвычайная жамчужная завушніца. А потым неяк само сабой атрымалася: запрашэнні, новыя калекцыі і даволі актыўны продаж маіх работ. Цяпер я ўвесь свой час прысвячаю свайму захапленню і адчуваю сябе шчаслівай.

Дзяўчына з любоўю перабірала завушніцы, кулоны, калье, расказала пра жэмчуг, метал, тэкстыль і крышталь, з якімі працуе. Некаторыя рэчы зробленыя ў адным экзэмпляры, напрыклад, завушніцы з вінтажных пацерак. Віка з захапленнем апавядала, як шукала ў розных краінах свету неабходныя для ўпрыгажэнняў матэрыялы. Як рабіла незвычайную экалагічную калекцыю з перапрацаванага пластыку.

— Мой натхняльнік — гэта жыццё вакол мяне, — дадае напрыканцы Віка. — Горад, па якім я шпацырую, вулічная музыка, кіно, фота, кнігі... І, вядома, людзі. Бывае, купляе жанчына маю работу, і я бачу ў ёй нешта незвычайнае, пранізлівае, што чапляе, і ў галаве ўзнікае вобраз. А ў нататніку з'яўляецца новы эскіз... Спадзяюся, што ў хуткім часе людзі, як і раней, будуць пакідаць сваім нашчадкам дарагія сэрцу і ўнікальныя рэчы. Жанчыны аднаго роду змогуць адчуваць сувязь паміж сабой, перадаваць такім чынам сваю любоў і цяпло.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Натхнёная бліскавіцай

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.