Вы тут

У Беларусі жывуць крыху больш за 18 тысяч дзяцей-сірот


На сённяшні дзень большасць сірот у нашай краіне — больш за 14 тысяч — выхоўваецца ў замяшчальных, апякунскіх і прыёмных сем'ях або ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Акрамя таго, да 500 хлопчыкаў і дзяўчынак штогод усынаўляюцца і ўдачараюцца. Толькі дзве тысячы дзяцей знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні. Самае галоўнае права дзіцяці — гэта права на пражыванне ў сям'і, таму і для дзяржавы менавіта гэта з'яўляецца прыярытэтам.


Цяпер у Беларусі пражывае крыху больш за 18 тысяч дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — гэта менш за 1 % ад колькасці ўсяго дзіцячага насельніцтва краіны (для параўнання, у 2007 годзе такія дзеці складалі 1,5 % ад усіх дзяцей). На жаль, большасць такіх непаўналетніх — 83 % — з'яўляюцца сацыяльнымі сіротамі (іншымі словамі, маюць бацькоў, але засталіся без іх апекі), і толькі 16 % — біялагічныя сіроты (страцілі бацькоў). Яшчэ 1 % знаходзяцца ў інтэрнатных установах часова (напрыклад, у выпадку, калі бацькі трапілі ў месцы пазбаўлення волі). Такія звесткі агучыла журналістам
галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.

Яна адзначае такую тэндэнцыю, як скарачэнне сеткі дзіцячых дамоў і дамоў-інтэрнатаў у краіне (так, сёлета ўжо зачыніліся два дзіцячыя дамы і школа-інтэрнат). Гэта звязана з тым, што ўхіл ідзе на тое, каб не дапускаць выпадкаў, калі дзіця трапляе ў інтэрнат. «Як паказвае практыка, лепш забяспечыць адразу ўладкаванне дзіцяці ў сям'ю», — кажа Алена Сімакова.

Таму ў цяперашні час дзіця адпраўляецца ў інтэрнат, толькі калі няма ніякай магчымасці ўладкаваць яго ў сям'ю сваякоў або перадаць на ўсынаўленне ў дзіцячы дом сямейнага тыпу.

Што датычыцца ўсынаўлення ў сям'ю, то прыярытэт аддаецца ўсынаўленню і ўдачарэнню ў межах нашай краіны. У лідарах за 2018 год тут Мінская вобласць і Мінск. «Як правіла, усынаўляюцца малыя да пяці гадоў», — адзначае загадчыца сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Зінаіда Вараб'ёва. Хоць апошнім часам, па яе словах, сталі ўсынаўляць і дзяцей 10—12 гадоў і вышэй.

З замежных усынавіцеляў варта адзначыць італьянцаў — менавіта ў гэтую краіну ў асноўным з'язджаюць дзеці. Гэта звязана з тым, што паміж Беларуссю і Італіяй быў падпісаны міжнародны дагавор аб далейшым кантролі за лёсам усыноўленага дзіцяці. Але калі дзіця ўсынаўляюць сваякі, то, па словах Алены Сімаковай, ніякіх абмежаванняў па краіне пражывання няма.

Ёсць і такі варыянт, калі непаўналетнія вяртаюцца ў родную сям'ю, да біялагічных бацькоў. Гэта магчыма альбо праз аднаўленне ў бацькоўскіх правах, альбо праз рашэнне суда аб адмене раней прынятага рашэння аб адабранні дзіцяці. Штогод такім чынам вяртаецца каля 200 дзяцей.

* * *

Памяншаецца ў нашай краіне і колькасць дзяцей-інвалідаў, якія пражываюць у дамах-інтэрнатах. Так, у параўнанні з 2010 годам, іх колькасць скарацілася амаль у два разы. На сёння, як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацабароны Мікалай Арол, у такіх установах знаходзяцца 556 дзяцей. Пры гэтым, калі раней такія дзеці пры дасягненні паўналецця, як правіла, перамяшчаліся ў дарослыя дамы-інтэрнаты, то пачынаючы з 2013 года пры дамах-інтэрнатах развіваюцца паслугі суправаджаемага пражывання, калі мадэлююцца натуральныя ўмовы жыцця. Дзякуючы гэтаму выхаванцы інтэрнатаў, якія маюць псіхічныя адхіленні, рыхтуюцца да будучага самастойнага жыцця: вучацца гатаваць, прыбіраць, планаваць бюджэт і г. д.

Святлана БУСЬКО

Прэв'ю: creu.ru

Загаловак у газеце: Галоўнае — не трапіць у дзіцячы дом

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.