Вы тут

Мадэль Крысціна Крысанава: Сваім 54-м памерам цалкам задаволеная!


90-60-90 — менавіта гэтыя параметры прынята лічыць ідэальнымі. Аднак свет не стаіць на месцы, і дзяўчаты, якія выходзяць за рамкі стандартаў, даказваюць, што можна быць паспяховымі і прыгожымі, нягледзячы на лішнюю вагу. Беларуска памеру «плюс» Крысціна КРЫСАНАВА расказала пра тое, чаго патрабуюць ад поўных мадэляў, якія праблемы ўзнікаюць пры выбары адзення з мас-маркета і наколькі такі мадэлінг развіты ў нас.


— Стаць мадэллю было мэтай ці гэта выйшла спантанна?

— Я не вучылася ў Нацыянальнай школе прыгажосці, не праходзіла спецыяльных курсаў, мне проста падабалася фатаграфавацца. Кар'ера пачалася яшчэ ў Смалявічах, дзе жыла да пераезду ў Мінск. Неяк прапанавалі паўдзельнічаць у дэманстрацыі сукенак мясцовага вясельнага салона, вопыт вельмі спадабаўся, і пасля яго я вырашыла развівацца ў гэтай індустрыі. А ў 18 гадоў апынулася ў сталіцы.

— Цяжка было знайсці работу ў Мінску?

— Гэты тып мадэлінгу не вельмі развіты ў нашай краіне. Не ўсе брэнды могуць сабе дазволіць такі эксперымент. Але мне пашанцавала, вядомы партал арганізаваў для дзяўчат plus sіze конкурс «Sweet lady», і я ўзяла ў ім удзел. Ён стаў выдатным стартам для кар'еры. І менавіта пасля яго мяне заўважыў фатограф і запрасіў на здымкі для Volkswagen. Потым усё стала наладжвацца: розныя фотасесіі, паказы... Апошнім буйным праектам было супрацоўніцтва з «Мілавіцай».

— Дарэчы, пра яго....

— Тэма застаецца нашумелай нават цяпер. Усе прывыклі бачыць танюсенькіх мадэляў, асабліва калі гаворка ідзе пра рэкламу ніжняй бялізны. Але я лічу гэта не зусім правільным.

Часы мяняюцца, і дзяўчаты таксама. Яны хочуць бачыць, як рэч будзе выглядаць на іх, а не на ідэальных параметрах.

— І ўсё ж: як вы сталі тварам гэтага брэнда?

— Усё выйшла вельмі спантанна. У сацыяльных сетках мяне знайшла маркетолаг «Мілавіцы», папярэдне паглядзеўшы ў інтэрнэце мае работы, і паклікала да іх у офіс. Калі прыйшла, усе пільна аглядалі мяне, нават дырэктар, хоць пра гэта я ўжо даведалася пазней (смяецца). Далі пару камплектаў бялізны, я прымерала, усім спадабалася, і мяне зацвердзілі. З гэтай фірмай я супрацоўнічаю ўжо трэці год, і мы нават ездзілі на фотасесіі ў Маскву і на Кіпр.

— Якія патрабаванні прад'яўляюць да мадэляў plus sіze?

— Наогул яны да нас і «стандартных» у чымсьці падобныя. Рост павінен быць ад 170 сантыметраў. Постаць абавязкова ў форме пясочнага гадзінніка, каб добра была відаць талія. Вядома ж, мілавідны твар, каб на ім не было ніякіх бачных дэфектаў. Таксама рэдка сустрэнеш мадэль з круглым тварам. Адна з пераваг перад стандартнымі мадэлямі — гэта тое, што ў нас няма дакладных параметраў, а дзяўчаты дзеляцца па памерах адзення. Мадэль памеру «плюс» пачынаецца з 46-га.
Мой памер 54-ы, і я ім цалкам задаволеная (смяецца)!

— У вас ніколі не было жадання схуднець да «стандартаў»?

— Думаю, многія здзівяцца, але не! Я заўсёды была трохі больш паўнаватая за сваіх аднагодкаў. Але асаблівых праблем гэта ніколі не выклікала. Калі вучылася ў школе, была памеры на два больш за аднакласніц, але мне тое не замінала. Вядома, равеснікі спачатку спрабавалі зачапіць, дражніць, але потым убачылі, што я проста не звяртаю на гэта ўвагі, і адчапіліся. А вось думкі кінуць мадэльную кар'еру пару разоў узнікалі. Часам проста стамляешся ад нагрузкі: пастаянныя прымеркі, шматгадзінныя фотасесіі... Мая самая доўгая працягвалася цэлыя суткі! Прычым гэта не значыць, што ты ўсе 24 гадзіны здымаешся. Бывае такое, што з табой у праекце ўдзельнічае яшчэ дзяўчат пяць-шэсць. І пакуль іх фатаграфуюць, ты павінна проста роўненька стаяць, каб не пакамечыць адзенне, не сапсаваць прычоску, макіяж, а потым пасля ўсяго гэтага ідзеш і робіш свае кадры! Аднак пасля трохі адпачываеш, і зноў хочацца здымацца.

— Але ж у мадэлі plus sіze канкурэнцыя меншая, чым сярод «стандартных»?

— Тут наогул цяжка гаварыць пра якую-небудзь канкурэнцыю. Запатрабаваных мадэляў, якія б рэкламавалі сапраўды вядомыя брэнды і працавалі пастаянна ў гэтым кірунку, можна палічыць па пальцах. Адна з прычын у тым, што няма падрадчыкаў, з якімі магла б працаваць дзяўчына памеру «плюс». Калі б попыт на рэкламу быў вялікі, то такіх мадэляў, як я, было б столькі ж, колькі і звычайных. Другая прычына, на мой погляд, — гэта тое, што ў краіне няма спецыяльнай школы прыгажосці. З нашай фігурай часам нават больш складана, чым са звычайнай. Ну а па-трэцяе, людзі яшчэ не гатовыя да такіх перамен, для іх тое, што нестандартна, прыраўноўваецца да няправільнага. Спадзяюся, у хуткім часе сітуацыя палепшыцца і, можа, калі-небудзь мадэль памеру «плюс» будзе прадстаўляць Беларусь на «Міс Свету».

— Мадэлінг для вас работа ці ўсё ж хобі?

— З адукацыі я юрыст і працую па спецыяльнасці. Мадэлінг для мяне — гэта аплатнае хобі. Па сваёй натуры я хатні чалавек: ненармаваны графік і пастаянныя раз'езды — гэта дакладна не пра мяне. І так часам бывае складана сумяшчаць работу юрыста і мадэлі. Ад таго, што большасць здымак праходзіць у буднія дні і ў першай палове дня, а заказчыку не асабліва цікава, што ў цябе ёсць работа, акрамя фотасесій.

— Што для вас самае складанае і самае прыемнае ў рабоце мадэлі?

— Абцасы! (Смяецца.) Раней я на іх увесь час хадзіла, магла нават бегаць, але ногі моцна стамляюцца, і цяпер я стараюся насіць абутак на нізкай падэшве. А самае прыемнае — гэта, вядома ж, прыгожыя фатаграфіі! Дзяўчаты могуць месяцамі рабіць іх, каб выбраць найлепшую і выставіць у сацыяльныя сеткі. А ў мяне адна фотасесія — і выбірай амаль любую! (Смяецца.)

— Заставацца стыльнай для мадэлі важна заўсёды. Ці дазваляе выбар у беларускіх крамах знаходзіць прыгожыя рэчы вашага памеру?

— Гэта мая балючая тэма! Ён у мас-маркетах для поўных дзяўчат проста нікчэмна малы! Самая вялікая цяжкасць у тым, што большасць вытворцаў лічаць: калі ў цябе больш за 50-ы памер, значыць табе павінна быць гадоў за 40. Такія рэчы і купляюць названага ўзросту жанчыны, а ў іх не такі густ, як у мяне ў 26. Калі прыходжу ў краму, не чапляюся да колеру або фасону, мне галоўнае, каб добра сядзела і выглядала маладзёжна, але знайсці такую рэч вельмі цяжка. Часам магу шукаць, напрыклад, куртку пару месяцаў і не знайсці. А ездзіць за мяжу або замаўляць адзенне на заказ вельмі накладна і нязручна.

— Калі б у вас была магчымасць рэкламаваць любы брэнд, то які выбралі б?

— Хутчэй за ўсё касметыку. Любая дзяўчына карыстаецца ёй. Я не супраць натуральнасці, але з дапамогай касметыкі можна падкрэсліць усё тое, што табе дала прырода. Калі шчыра, я раней не дужа ўмела фарбавацца, таму пайшла на курсы па макіяжы і цяпер заўсёды ўпэўнена, што выглядаю шыкоўна (смяецца)! Ну і яшчэ біжутэрыю — стыльныя аксэсуары не бываюць лішнія.

— Вы часта чуеце крытыку ў свой адрас?

— Уся мая работа рана ці позна з'яўляецца ў інтэрнэце, і большасць каментарыяў негатыўныя. Раней прымала гэта вельмі блізка да сэрца і засмучалася. Але з часам зразумела, што, калі б я была такая жудасная, як пішуць, то мяне б не клікалі на здымкі і розныя праекты. Я развіваюся, раблюся лепшай, а людзі, якія пакінулі негатыўныя водгукі, гэтак жа сядзяць і працягваюць іх пісаць. І я проста перастала звяртаць увагу. Я такая, якая ёсць, і мне гэта падабаецца! Да таго ж бачу, як падтрымліваюць мяне мае сябры і ганарацца бацькі. Тата заўсёды, калі бачыць мяне на нейкай вокладцы, хваліцца мной і паказвае ўсім (смяецца).

— Як лічыце, у прыгажосці ёсць нейкія стандарты?

— Кожная дзяўчына прыгожая па-свойму! Я прытрымліваюся бодзі-пазіціву, які тлумачыць, што ўсе нашы «недахопы» — гэта асаблівасці. Вядома, павінны выконвацца банальныя правілы гігіены і акуратнасці. А ў астатнім прыгажосць ніколі не мела межаў, гэта людзі самі сабе іх ствараюць!

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ||| курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.