Вы тут

Што цікавіць жыхароў Маладзечанскага раёна?


У чарговую грамадскую прыёмную, якую правёў старшыня Маладзечанскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Саланенка, звярнулася некалькі жыхароў горада і раёна.


Першы зайшоў Аляксандр Пагуда. Гэта даволі вядомы і паважаны ў акрузе чалавек. Аляксандр Мар'янавіч працаваў у адной з гаспадарак раёна, цяпер займае пасаду загадчыка гаража. Яго агульны стаж 30 гадоў, такі ж і ў яго жонкі. Тыя, хто адпрацаваў у сельгасарганізацыі дзесяць і больш гадоў, маюць права выкупляць жылплошчу, якая будавалася па праграме адраджэння і развіцця сяла і належыць сельгасарганізацыі. У 2017 годзе сям'я прыватызавала жыллё на законных падставах у растэрміноўку на дваццаць гадоў. Цяпер штомесяц яны плацяць калгасу 400 рублёў. Для іх гэта дарагавата, паколькі агульны бюджэт сям'і складае крыху больш як тысячу рублёў. А яшчэ трэба нешта есці, адзявацца, шмат грошай ідзе таксама на набыццё лекаў.

Аляксандр Пагуда прапанаваў, калі гэта не супярэчыць заканадаўству, уключыць норму, якая прадугледжвала б льготы па ўнясенні аплаты за прыватызацыю жылля ў калектыўныя дагаворы. У прыватнасці, калі чалавек адпрацаваў у сельгасарганізацыі больш чым 30 гадоў, устанавіць яе ў памеры 50 %, а калі агульны стаж мужа і жонкі складае 60 гадоў, то перадаваць жылплошчу бясплатна.

Міхаіл Змітровіч хадайнічаў не толькі за сябе, але і за сваіх суседзяў. Міхаіл Міхайлавіч жыве ў прыватным сектары. У раёне забудовы няма цэнтралізаванай каналізацыі. Тым больш што жыхары згодныя прыняць долевы ўдзел з бюджэтам у фінансаванні камунікацый. Уладзімір Саланенка звязаўся з аддзелам жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.

— Мы ведаем аб гэтай праблеме, — адказалі Уладзіміру Генадзевічу. — Але справа зацягнулася з прычыны пандэміі каранавіруса.

Заяўніка запэўнілі: як толькі сітуацыя стабілізуецца, спецыялісты наведаюцца ў кожны дом, пагутараць з кожным уладальнікам. І, калі атрымаюць ад усіх станоўчы адказ на долевы ўдзел у фінансаванні, падбяруць падрадную арганізацыю для выканання работ.

У Маладзечанскім раёне прайшло дзевяць грамадскіх прыёмных па зборы прапаноў па актуальных пытаннях развіцця краіны і рэгіёна. На кожным з іх прысутнічала старшыня раённага аб'яднання арганізацый прафсаюзаў Таццяна Яцухна.

— Пытанні, з якімі звяртаюцца жыхары нашага рэгіёна, — самыя разнастайныя. Яны датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пенсійнага заканадаўства, грамадска-палітычнага жыцця рэгіёна ў прыватнасці і краіны ў цэлым. У асноўным па ўсіх пытаннях даюцца тлумачэнні адразу на месцы. І пытанняў, якія б мы паставілі на кантроль, цяпер няма. Калі ж яны ўзнікаюць, тыя, што патрабуюць больш глыбокага вывучэння,  мы накіроўваем у службу «аднаго акна» пры Маладзечанскім райвыканкаме. У далейшым яны адра-суюцца для кантролю і выканання ў адпаведныя раённыя службы, — расказала Таццяна Пятроўна.

— Маладзечна ўваходзіць у лік гарадоў з колькасцю насельніцтва больш як 80 тысяч чалавек. Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне па паскораным развіцці такіх гарадоў. Магчыма, жыхары выказваюць свае ідэі, думкі наконт гэтага? — пацікавілася ў Таццяны Яцухны.

— Нейкіх канкрэтных прапаноў па гэтай тэме ад грамадзян не паступала. Але быў адзін зварот ад жыхара аб скарачэнні гандлёвых аб'ектаў і больш актыўным развіцці вытворчасці, — адказала яна.

На думку Таццяны Яцухны, работа грамадскіх прыёмных дае магчымасць больш аператыўна вырашаць пытанні, якія хвалююць жыхароў, паколькі тут прысутнічаюць спецыялісты розных службаў і падраздзяленняў, што могуць даць тлумачэнні адразу ж на месцы.

А калі параўнаць тэматыку пытанняў, якія паступілі ў грамадскую прыёмную і на асабісты прыём грамадзян, то яны істотна адрозніваюцца. Аналіз зместу зваротаў падчас прыёмаў грамадзян у Маладзечанскім раённым аб'яднанні прафсаюзаў паказаў, што часцей за ўсё заяўнікі задаюць пытанні па рэгуляванні калектыўна-дагаворных адносін, звальненні работнікаў, прымяненні спецадзення і сродкаў індывідуальнай аховы, аховы працы. Яны складаюць 58 % ад усіх зваротаў.

У грамадскай прыёмнай на першае месца выходзяць пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі (добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, рамонт жыллёвага фонду — 56 %). На другім месцы, але не менш значныя, пытанні пенсійнага заканадаўства — 15 %. Па пытаннях грамадска-палітычнага характару зафіксавана два звароты з 23, што склала 9 % ад агульнай колькасці.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв’ю: depositphotos.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.