Вы тут

Магія разгадак


Мы не ведаем, колькі таемнага схавана вакол нас. Якія людзі хадзілі па вуліцы, дзе жывём; што знаходзілася на месцы будынка, у якім мы працуем, дзвесце гадоў таму? Час і ўяўленне — галоўная магія нашага сусвету. Яны прывіваюць нам паводзіны, вызначаюць характар асобнага чалавека ці насельнікаў цэлай вёскі, вырашаюць, на што спадзявацца і чаго сцерагчыся. Магія наслойваецца на месца або рэч гадамі, перажытымі падзеямі, людзьмі, і толькі той, хто ведае пра гэтыя сляды і ўмее іх чытаць, здольны бачыць схаванае.


«Зніч ваўкалака» — прыгодніцкая аповесць Валерыя Гапеева — ставіць за мэту не толькі распавесці захапляльную гісторыю, але і звярнуць увагу маладых чытачоў на незлічоныя загадкі, што прыхоўвае наш звычайны, паўсядзённы свет.

Сюжэт аповесці па жанры класічны: летнія канікулы, кампанія падлеткаў, загадкавае закінутае месца, такое ж загадкавае знікненне дзяўчыны, міфалогія старажытная змешваецца з сучаснай. Героі павінны разгадаць шыфр, каб знайсці шлях да скарбу і выратаваць сяброўку.

У той жа час аповед мае выразныя прыкметы конан-дойлаўскай «Сабакі Баскервілей»: нешта вые на балотах, і героі бяруцца ісці па слядах, каб выявіць, што акажацца праўдай: змрочная легенда або простыя чалавечыя прыдумкі.

Але, нягледзячы на звыклы падыход да апавядання, нельга сказаць, што ўсе загадкі разгадваюцца лёгка і адразу. Аўтар асцярожна балансуе паміж містыкай і дэтэктывам, гуляе з чытацкім успрыманнем, то паглыбляючы яго ў лёгкае атмасфернае апісанне летняга адпачынку, то цягнучы праз цёмны лес, дзе не ведаеш, якая пачвара выскачыць з-за куста, куды прывядзе густы туман.

Галоўных герояў чатыры. Стась і Васіль — два гарадскія хлопцы, якія па збегу абставін вымушаны праводзіць першы месяц апошняга школьнага лета ў вёсцы. Аўтар старанна разводзіць іх характары, каб яны не зліваліся ў адзін, нягледзячы на тое, што хлопцы слухаюць адну музыку і гуляюць у адны гульні. Для гэтага кожнаму прапісваюцца ролі ў прыгодніцкіх аперацыях: адзін усіх вядзе і за ўсё адказвае, другі кіруе навігацыяй.

Яшчэ ёсць Яніна — малодшая на год дзяўчынка, мясцовая жыхарка. Яна для сюжэта адыгрывае адразу некалькі другасных роляў: патрэбна і як «прыўкрасная дама», рамантычная цікавасць для абодвух герояў, і як мясцовая правадніца, і проста для таго, каб трэцяй у прыгодніцкай кампаніі падлеткаў была дзяўчынка. Аўтар падарыў ёй складаныя, неадназначныя паводзіны і характар, але бачым мы іх толькі збоку — вачыма хлопцаў.

Чацвёрты герой — студэнт-этнограф Арцём, які канцэнтруе ўсе загадкі, праз яго ствараецца нагода для прыгод. І гэтага ж персанажа аўтар робіць правадніком сваіх думак. Арцём вельмі моцна абураецца, што беларусы не ведаюць сваёй міфалогіі, што па міфах старажытнай Грэцыі мы здаём іспыты ва ўніверсітэце, а ў сваёй нават не можам сказаць, якія зоркі і як называлі іх нашы продкі. Арцём абураецца, калі яго сябры несур’ёзна ставяцца да расповеду бабулі, і чытае ім цэлую лекцыю пра сімвалізм казак.

Тэма перадачы таемных ведаў, перадачы гісторыі ў спадчыну, ведання свайго радаводу працягваецца праз увесь сюжэт чырвонай ніткай. Разуменне каштоўнасці і сімвалічнасці фальклору змешваецца з верай у магічныя праявы свету і стварае эфект, пра які згадвалася ў пачатку гэтага тэксту: тыя, хто ўмее разгадваць сімвалы, бачаць незвычайную моц ужо ў іх саміх, нават калі яны пабудаваны на самых звычайных рэчах. 

Вядома, нельга не заўважыць, што свет, у якім разгортваюцца падзеі, не зусім рэальны, хаця і мае ўсе атрыбуты. Згодна з законамі жанру, сусвет быццам падыгрывае героям, паварочвае падзеі менавіта так, як зручна персанажам. Напрыклад, калі Арцём едзе ў Мінск, каб адшукаць у бібліятэцы патрэбныя звесткі, яго абкрадаюць на аўтавакзале, забіраючы 50 рублёў, але пакідаюць тэлефон, які каштуе яўна разоў у дзесяць больш.

У глыбокім лесе, побач з таемнай ваеннай базай, выдатна працуе навігатар, сувязь і інтэрнэт. Ад балотнага бруду і вільгаці ратуюць чорныя смеццевыя мяшкі. Вайскоўцы, якія прыехалі на заданне, купляюць агуркі ў мясцовых жыхароў і радасна камунікуюць, адказваюць на пытанні.

Зноў жа, па законах жанру, у персанажаў усё атрымліваецца, яны знаходзяць дапамогу і разуменне ў дарослых, а любая памылка выпраўляецца за некалькі гадзін. І самі героі апісаны ў нечым наіўна. У іх размовах і разважаннях не заўсёды можна пазнаць сучасных падлеткаў. Аўтар час ад часу ўпісвае слэнгавыя выразы ў іх гаворку, але імі маўленне герояў не насычае. Шаснаццацігадовыя хлопцы чырванеюць і напружваюцца ад прысутнасці дзяўчынкі, пачынаюць размаўляць з ёй неяк па-іншаму, калі яна апранае белую сукенку.

Гісторыя, звязаная са старажытнай легендай, наскрозь прасякнута несучаснымі і нават пазачасавымі разважаннямі і рэакцыямі. Паўсядзённае жыццё герояў апісваецца са згадкамі нейкіх кінапраглядаў і гульняў у камп’ютар, але падрабязнасці і эмацыянальная насычанасць сцэн з’яўляюцца, толькі калі хлопцы ідуць на рыбалку ці смажаць шашлык. Здаецца, для аўтара гэтая аповесць стала і пэўнай спробай уласнай настальгіі і рэфлексіі.

Містычны пласт сыходзіцца з рэальным, і фінал твора не дае адназначнага адказу, чым ёсць разгаданая героямі таямніца, ці мае магічную прыроду або яе можна растлумачыць рацыянальна. За мэтавую аўдыторыю аповесці можна прыняць падлеткаў — чытачоў аднаго з героямі пакалення. Пабудова сюжэта выразна на гэта паказвае. Але ці здолеюць яны праасацыяваць сябе з героямі, ці счытаюць і як успрымуць паведамленне, якое аўтар жадае да іх данесці, сказаць цяжка. У любым выпадку саму гісторыю дачытаць да канца цікава.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.