Вы тут

Узбуджана крымінальная справа ў адносінах да польскіх сілавікоў


«Звязда» працягвае сачыць за тым, што адбываецца на беларуска-польскай мяжы. Нагадаем, ўчора супраць бежанцаў, якія спрабавалі трапіць на тэрыторыю Польшчы, польскія сілавікі прымянілі спецыяльныя сродкі і боепрыпасы. Сярод пацярпелых ёсць жанчыны і дзеці. Па факце выкарыстання спецсродкаў і боепрыпасаў у адносінах да бяззбройных грамадзян, а таксама прычынення ім цялесных пашкоджанняў на тэрыторыі беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску «Брузгі» Следчы камітэт распачаў праверку. У выніку ўзбуджана крымінальная справа: следчыя кваліфікавалі дзеянні польскіх сілавікоў як злачынства супраць бяспекі чалавецтва. 


Прымянялася рэчыва, якое выклікае апёкі

— На месцы працуе следча-аператыўная група, задзейнічана пераносная крыміналістычная лабараторыя ведамства, — адзначыў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю цэнтральнага апарата Следчага камітэта Сяргей КАБАКОВІЧ. — За ноч следчымі ва ўзаемадзеянні са спецыялістамі Упраўлення дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці правезены агляд, у ходзе якога ў месцах прымянення спецыяльных сродкаў, а менавіта слезатачывага газа, вадамётаў, святлошумавых гранат польскім бокам, канфіскаваны шматлікія аб’екты, у тым ліку фрагменты металічных і полімерных прадметаў ад боепрыпасаў, травяністаў расліннасці і грунту, на якім засталіся сляды рэчываў таксічнага і раздражняльнага дзеяння. Адбываецца допыт пацярпелых і відавочцаў, канфіскаваны і прагледжаны відэазапісы, якія датычацца прымянення польскім бокам спецыяльных сродкаў. Працягваюцца следчыя і працэсуальныя дзеянні з тымі, хто звярнуўся па медыцынскую дапамогу ў сувязі з уздзеяннем таксічных рэчываў. 

Акрамя таго, як паведамілі ў Следчым камітэце, па ўсіх канфіскаваных слядах і аб’ектах запланавана правядзенне шэрагу экспертыз. «У Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз для правядзеня хімічных даследаванняў паступілі аб’екты, канфіскаваныя 16 лістапада ў ходзе агляду месца здарэння на ўчастку беларуска-польскай граніцы ў раёне пункта проспуку „Брузгі“ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — паведаміў начальнік аддзела ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі цэнтральнага апарата Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Сяргей ЦІТАВЕЦ. — На даследаванне прадастаўлены пробы грунту, змывы, узоры расліннасці з напластаваннем афарбаваных рэчываў. У ходзе даследавання ўстаноўлена, што ў іх складзе ўтрымліваюцца злучэнні, якія аказваюць слёзатачывае раздражняльнае дзеянне, а ў пэўнай канцэтрацыі выклікаюць апёкі слізістай абалонкі і вачэй». 

Сітуацыі — прававая ацэнка 

Ацэньваючы сітуацыю на беларуска-польскай мяжы, генеральны пракурор Андрэй ШВЕД заявіў, што паказалі аскал тыя, хто летась арганізаваў спробу знішчэння Беларусі. «Здаецца, ужо нават самыя наіўныя людзі бачаць і разумеюць, з кім мы маем справу, — перакананы генпракурор. — Ацэнка сітуацыі адназначна павінна быць прававой. І вінаватыя з польскага боку, якія здзяйсняюць відавочныя супрацьзаконныя дзеянні, павінны панесці адказнасць». 

Андрэй Швед дадаў, што неабходныя працэсуальныя дзеянні ўжо прынятыя. «Пасля правядзення пэўных экспертных даследаванняў і працэсуальных дзеянняў ведамства прадаставіць больш падрабязную інфармацыю, — патлумачыў ён. — Гэта будуць аб’ектыўныя даныя аб тых формах і метадах траўлі, спробах знішчэння, якія са свайго боку здзяйсняюць польскія сілавікі ў адносінах тых людзей, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі». 

Дапамога працягваецца

А тым часам, як паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце, беларускі бок працягвае размяшчаць бежанцаў у памяшканнях, якія атапліваюцца. Аднак каля двух тысяч бежанцаў па-ранейшаму знаходзяцца каля беларуска-польскай мяжы. «Мінулую ноч яны правялі ў трох месцах: частка з іх засталася на тэрыторыі, якая прылягае да пункта пропуску, частка — у стыхійным лагеры ў лесе, — расказаў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон БЫЧКОЎСКІ. — Каля 1000 чалавек, якія найбольш пацярпелі ад дзеянняў польскіх сілавікоў, а таксама жанчыны і дзеці, упершыню за апошнія дзевяць сутак пераначавалі ў адносна прымальных умовах — у транспартна-лагістычным цэнтры недалёка ад граніцы. Людзей напярэдадні ўвечары аглядвалі медыкі, па дапамогу на працягу ночы звярнуліся чатыры чалавекі. Тым, хто прыняў рашэнне начаваць на вуліцы, неаднаразова прапаноўвалася перайсці ў лагістычны цэнтр».

Традыцыйна беларускі бок забяспечвае бежанцаў гарачым харчаваннем як у лагістычным цэнтры, так і ў лагеры каля граніцы ў палатках, якія атапліваюцца. Рэгулярна падвозяцца вада, цёплыя рэчы, сродкі гігіены, аказваецца іншая гуманітарная дапамога. Па інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, учора раніцай было прынята рашэнне размясціць частку мігрантаў у іншых месцах. 

 

У той жа час, як заявіў міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ, з улікам павелічэння плыні замежных грамадзян у Беларусь органамі ўнутраных спраў забяспечваецца ахова грамадскага парадку як у Мінску, так і ў цэлым на тэрыторыі Беларусі. «Якіх-небудзь праблем са знаходжаннем на нашай тэрыторыі замежных грамадзян няма, — запэўніў кіраўнік сілавога ведамства. — Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. У нас дастаткова сіл і сродкаў для забеспячэння аховы грамадскага парадку як у Мінску, так і ў прыгранічных гарадах».

«З людзей злятала адзенне...»

— Людзі атрымалі хімічныя апёкі вачэй ад раздражняльнага складніка, якія быў у вадамётах, — расказаў учора журналістам памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый КАРАЕЎ, які наведаў месца здарэння. — Некаторыя журналісты таксама трапілі пад гэты струмень і казалі, што слізістая і вочы пацярпелі ад сумясі, што была ў вадамётах. 

Спецыяльны карэспандэнт тэлеканала АНТ Андрэй АЛЯКСАНДРАЎ амаль тыдзень знаходзіўся на беларуска-польскай мяжы. Што такое вадамёты і слёзатачывы газ журналіст зведаў на сабе. «Прымяняючы спецсродкі і боепрыпасы, польскія сілавікі не глядзелі, хто перад імі: жанчыны ці дзеці, яны шчодра „лупілі“ па ўсіх, — расказвае відавочца падзей. — Тое, што вылятае з газавых балончыкаў, раздзірае дыхальныя шляхі, слязяцца вочы, але гэта быў свайго роду „падбадзёрлівы дэзадарант“ у параўнанні з тым, што пачалося далей. А далей былі вадамёты. Перад вачамі карціна, як мужчына нёс на сабе жалезныя дзверы, якія ад удару вадамёта паляцелі з такой хуткасцю, быццам яны картонныя. Струмені вады былі такія, што з людзей злятала верхняе адзенне. А між іншым, лічыцца бесчалавечным прымяняць вадамёты пры тэмпературы ніжэй плюс васьмі градусаў. Найбольшую небяспеку ўяўлялі вадамёты з вадкасцю аранжавага колеру, было зразумела — з дабаўленнем пэўнага хімічнага рэчыва. Пасля таго, як на цябе трапляе струмень гэтай вадкасці, пачынаюць цячы слёзы, слюні, соплі... Немагчыма ні гаварыць, ні дыхаць. А на скуры застаецца апёк, які потым вельмі балюча мачыць вадой: такое адчуванне, што месца апёку гарыць адкрытым агнём. Можна ўявіць сабе, як пасля адчувалі сябе людзі». 

Андрэй Аляксандраў прызнаецца: у параўнанні з аператарам тэлеканала ён яшчэ лёг адкараскаўся. Аператара АНТ аблілі каляровай вадкасцю з ног да галавы, член здымачнай групы быў перададзены медыкам. Поўнасцю было заліта абсталяванне — камера адразу перастала здымаць. 

«Прэса ва ўсіх краінах недатыкальная, нават падчас баявых дзеянняў, — заўважае Андрэй Аляксандраў. — Мы, журналісты, былі абазначаны жоўтымі камізэлькамі: для ўсіх краін зразумела, што працуе прэса. Аднак па факце мы сталі своеасаблівай мішэнню, куды наўмысна цэліліся польскія сілавікі. Святлошамувыя гранаты кідалі, не разбіраючыся: яны ўзрываліся каля дзяцей і жанчын. Аднак польскіх сілавікоў гэта не чапляла. Да іх падходзілі жанчыны са сваімі дзецьмі, агалялі жывоцікі малых, якія ўсе спаласаваныя шрамамі пасля аперацый, аднак іх і гэта не кранала». 

... А тым часам, як паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце, спробы гвалтоўнага выцяснення бежанцаў працягваюцца на ўчастку граніцы з Літвой. Відэазапісы, якія ёсць у нашых сілавікоў, сведчаць: пагранічнік сумежнай дзяржавы жорстка збівае мігранта, які ляжыць на зямлі, а затым спускае на яго сабаку, якая кусае чалавека за нагу і пачынае разрываць спальны мяшок. 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Загаловак у газеце: Злачынства супраць чалавецтва і чалавечнасці

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.