Вы тут

Выхаваннем экалагічнай культуры ў вёсцы займаецца ўся мясцовая улада


Вопыт Чачэрскага раёна вывучалі дэпутаты Гомельскай вобласці. Традыцыйны выязны семінар старшынь Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню прайшоў у фармаце жывога дыялогу.


Вучні і педагогі Залескай сярэдняй школы Чачэрскага раёна прадставілі вынікі работы адносна прышкольнага гадавальніка.

Школа вокнамі ў сад

Вучні штогод вырабляюць па 600 хатак для птушак, а ад удзельнікаў шматлікіх экалагічных акцый няма адбою... Усё гэта пра Чачэрскі раён, больш за палову тэрыторыі якога — лясы.

Адной з кропак на маршруце ўдзельнікаў семінара стала Залеская сярэдняя школа. У ёй вучацца дзеці з васьмі населеных пунктаў. Пры цесным супрацоўніцтве з Чачэрскім спецлясгасам тут развіваюць экалагічнае выхаванне вучняў. Функцыянуе вучэбна-кансультацыйны цэнтр па радыяцыйнай бяспецы з усім неабходным радыеметрычным абсталяваннем. На прылеглай тэрыторыі сіламі педагогаў і вучняў закладзены пладова-ягадны гадавальнік, які налічвае звыш васьмі тысяч саджанцаў пладовых дрэў. Дзеці вучацца вырошчваць і грыбы.

На тэрыторыі Нісімкавіцкага сельсавета размешчаны тры школы. Тутэйшыя вучні і педагогі заўжды аднымі з першых прыходзяць на дапамогу супрацоўнікам лясніцтваў у навядзенні парадку і высадцы маладога лесу.

Дырэктар Нісімкавіцкай базавай школы Іван Перавознікаў расказаў аб рабоце па захаванні ваеннай гісторыі Чачэрскага краю.

— На тэрыторыі нашага сельсавета — Нісімкавіцкае, Бабіцкае і Рудня-Барталамееўскае лясніцтвы, — звярнула ўвагу ўдзельнікаў семінара старшыня Нісімкавіцкага сельвыканкама Жанна Малінава. — Гэтыя прадпрыемствы падтрымліваюць нашы ўстановы адукацыі — дапамагаюць школам з саджанцамі для школьных садоў, ніколі не адмаўляюць у дапамозе падчас добраўпарадкавання прышкольных тэрыторый.

Разам установы рыхтуюць выхаваўчыя мерапрыемствы, а на дзяржаўныя святы выступіць перад вучнямі абавязкова запрашаюць кіраўнікоў лясніцтваў. Увогуле, як адзначыла Жанна Малінава, прафесія, звязаная з лесагаспадарчай вытворчасцю, адна з самых прэстыжных для дзяцей навакольных населеных пунктаў. Многія мараць у будучым застацца жыць у родным сельсавеце і працаваць на карысць дарагога з дзяцінства лесу.

Старажытныя лясныя кварталы

Само лясніцтва ў Нісімкавічах мае доследна-вытворчы статус. Мясцовыя лесаводы праводзяць эксперыменты па высадцы, доглядзе і высечцы дрэў. Мясцовасць балоцістая, што не можа не ўплываць на гаспадарчую дзейнасць прадпрыемства. Пры гэтым у мясцовых лясоў — багатая культурна-гістарычная спадчына.

— Да нашых дзён у квартале 92, напрыклад, захавалася шмат курганоў-могільнікаў, якія сведчаць аб першым пасяленні людзей на чачэрскіх землях — навукоўцы ўстанавілі, што яны адносяцца да жалезнага веку, а ў квартале 47 знаходзіцца старажытнае гарадзішча, — прывялі цікавыя факты супрацоўнікі
Нісімкавіцкага лясніцтва.

Дырэктар Нісімкавіцкага сельскага Дома культуры Дзяніс Касцевіч, кіруючая справамі і старшыня Нісімкавіцкага сельвыканкама Алена Дзеравяшкіна і Жана Малінава, акампаніятар і мастацкі кіраўнік Нісімкавіцкага сельскага дома культуры Пётр Біжуноў і Таццяна Баранава

Партызанскі край

Увогуле, гэтыя цяжкадаступныя мясціны ў вайну былі партызанскім краем. У нісімкавіцкіх лясах імкнуцца захаваць памяць аб подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны. Так, недалёка ад пасёлка Яміцкі сіламі ўсіх неабыякавых вяскоўцаў захоўваецца месца базавання 1-й Гомельскай партызанскай брыгады.

— Цікавасць да гэтага месца адрадзілася пасля 1990 года. У лагеры захавалася сапраўдная партызанская лазня, гэта было вельмі цікава для турыстаў, якія прыязджалі да нас, — распавёў дырэктар Нісімкавіцкай базавай школы Іван Перавознікаў.

Сёння на месцы дыслакацыі брыгады побач з пяццю партызанскімі зямлянкамі ўсталяваны мемарыяльны знак. Некалькі гадоў таму старшыня Нісімкавіцкага сельвыканкама Жанна Малінава і кіраўнікі школ, размешчаных на тэрыторыі сельскага Савета, сваімі сіламі цалкам аднавілі «трохсценку» — цэнтральную пабудову партызанскага лагера.

— Унутры мы размяшчаем інфармацыйныя стэнды аб нашых земляках-партызанах. Доступ у зямлянкі свабодны для ўсіх, — удакладніў Іван Перавознікаў, які бярэ самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы экскурсій, распрацоўцы інфармацыйных стэндаў, увогуле добраўпарадкаванні знакавай для жыхароў Чачэршчыны тэрыторыі. — Вельмі папулярнае гэтае месца сярод нашых вучняў. Прыязджаюць да нас штогод і школьнікі, моладзь з самых розных гарадоў Расіі.

Падчас наведвання вытворчага падраздзялення Чачэрскага спецлясгаса.

Даглядаць месца памяці і пад'язныя дарогі да яго дапамагаюць таксама супрацоўнікі Нісімкавіцкага лясніцтва.

У самім жа пасёлку Яміцкі, размешчаным пасярод лесу, захаваўся толькі адзін дом — бацькоўская хата некалі вялікай сям'і Малінавых.

— Гэта дом бацькоў майго мужа. Вельмі шкада было пакідаць яго, каб разбураўся. Яго наша сям'я цалкам сваімі сіламі ператварыла ў аграсядзібу, — падзялілася старшыня Нісімкавіцкага сельвыканкама. Самастойна сям'я Малінавых добраўпарадкавала і закінуты лясны вадаём.


Гомельская вобласць — самы лясны край Рэспублікі Беларусь, а на аднаго жыхара рэгіёна прыпадае 1,3 гектара лясоў, з запасам драўніны звыш 230 кубічных метраў, звярнула ўвагу старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, падводзячы вынікі семінара. Кіраўнік дэпутацкага корпуса Гомельшчыны нагадала, наколькі важна развіваць экалагічную культуру жыхароў вобласці:

— Вопыт Чачэрскага раёна адметны шэрагам праектаў па забеспячэнні належнай аховы лясных рэсурсаў і павышэнні сацыяльна-экалагічных функцый лесу, — адзначыла Кацярына Зенкевіч. — Цікавы вопыт работы Чачэрскага раёна па выхаванні адказных адносін падрастаючага пакалення да прыроды, фарміраванні экалагічна разумных паводзінаў у навакольным асяроддзі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.