Вы тут

«Юбілейны» значыць эфектыўны


Даты правядзення X (юбілейнага) Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ўжо вядомыя: мерапрыемства адбудзецца з 26 да 28 чэрвеня ва Уфе.


У Савеце Рэспублікі на чале са старшынёй Наталляй Качанавай адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхцтоўцы і правядзенні Форуму рэгіёнаў, падчас якога ўдзельнікі абмеркавалі кірункі далейшай работы і стратэгіі падрыхтоўкі.

Як адзначыла Наталля Качанава, дадзенае мерапрыемства — вельмі важны складнік ва ўзаемадзеянні Беларусі і Расіі:

— Гэта эфектыўная форма супрацоўніцтва, мы не раз аб тым казалі. Мы павінны адпрацаваць усё дакладна, зладжана, каб не было ніякіх збояў пры правядзенні гэтага важнага мерапрыемства. Плануцца, што ў сакавіку пасяджэнне арганізацыйнага камітэта пройдзе ва Уфе, дзе будзе дэталёва паказана, у якіх месцах будуць працаваць нашы секцыі, дзе будзе праходзіць пленарнае пасяджэнне, якія пытанні будуць разгледжаны.

Старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Х Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ад беларускага боку, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы распавёў аб этапах падрыхтоўкі да форуму.

— У рамках форуму запланаваны пасяджэнні секцый — іх сёлета па прапанове расійскага боку будзе дзесяць. Мадэратарамі з беларускага боку будуць старшыні пастаянных камісій, іх намеснікі і члены Савета Рэспублікі. Таксама мы прыцягваем цэлы спіс асоб, якія стануць экспертамі, дакладчыкамі на гэтых секцыях. Акрамя таго, у рамках форуму плануецца правесці чарговае пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.

Міхаіл Русы падкрэсліў, што адной з галоўных падзей Форуму рэгіёнаў стане сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і Старшыні Савета Федэрацыі Валянціны Матвіенкі з кіраўнікамі рэгіёнаў, органаў улады і дзяржкіравання Рэспублікі Беларусь і суб'ектаў Расійскай Федэрацыі.

— Традыцыйна сустрэча будзе выкарыстана для прамых кантактаў паміж прадстаўнікамі рэгіёнаў Беларусі і Расіі, цікавасць вельмі высокая. І самае галоўнае — пленарнае пасяджэнне. Нам неабходна будзе абмеркаваць вынікі дзесяці форумаў і перспектывы супрацоўніцтва. На палях форуму таксама пройдзе сумеснае мерапрыемства Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Беларусі і Палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. Акрамя таго, плануецца сумеснае мерапрыемства гандлёва-прамысловых палат. Нам неабходна прапрацаваць пытанне аб правядзенні ва Уфе выставы буйнагабарытнай тэхнікі і ў цэлым дасягненняў народнай гаспадаркі Беларусі. Мы ўдакладнім аб'ём, якія плошчы нам гатовыя выдзеліць, каб Беларусь дастойна выглядала на выставе.

Міхаіл Русы дадаў, што традыцыйна ў рамках форуму плануецца падпісанне пагадненняў і кантрактаў:

— У нас ёсць магчымасці зрабіць усё так, каб форум стаў сапраўды юбілейным, стаў набыткам Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, чарговым крокам у нашых інтэграцыйных сувязях, — рэзюмаваў Міхаіл Русы.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Наталля Качанава адзначыла, што Расійская Федэрацыя па-ранейшаму застаецца нашым стратэгічным партнёрам:

— Тыя пытанні, якія сёння даводзіцца вырашаць Расіі і Беларусі, — сугучныя. У рамках санкцыйнага ціску нашы краіны сталі бліжэйшыя ў супрацоўніцтве. Прынятае дзесяць гадоў таму рашэнне аб правядзенні Форуму рэгіёнаў паказвае сваю эфектыўнасць і сёння. Кіраўнік нашай дзяржавы дакладна абазначыў, што галоўнае пытанне ў інтэграцыі — гэта эканоміка. І, несумненна, асноўным складнікам у правядзенні нашага мерапрыемства з'яўляецца падпісанне кантрактаў і пагадненняў. Летась было падпісана кантрактаў і пагадненняў на 65 млрд расійскіх рублёў, або 2,5 млрд беларускіх. Мы разлічваем, што сёлета будзе падпісана не менш. Яшчэ раз хачу адзначыць, што правядзенне Форуму рэгіёнаў — вяршыня той работы, якая праходзіць на працягу ўсяго года.

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што сёлета пашырыцца колькасць тэматычных пляцовак форуму:

— Летась было шэсць секцый, на якіх разглядаліся актуальныя пытанні нашага супрацоўніцтва, сёлета плануецца дзесяць. На мой погляд, вельмі цікавая тэматыка выбрана ў рабоце секцый. Будуць агучаны пытанні, якія сёння актуальныя: гэта стварэнне сумесных прадпрыемстваў і вытворчасцяў, выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыіі. Наша супрацоўніцтва пашыраецца абсалютна па ўсіх напрамках, — рэзюмавала Наталля Качанава.

Арына КАРПОВІЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.