Вы тут

Урач расказала, ці сапраўды жавальная гумка абараняе ад карыесу


Бязлітасны карыес не шкадуе ні дарослых, ні дзяцей. Ён з'яўляецца непрыкметна, а затым паступова руйнуе зубы. Лічыцца, што ўтварэнню карыесу садзейнічаюць некаторыя прадукты. Асноўныя ворагі — лядзяшы, мучныя вырабы, газаваныя і іншыя салодкія напоі. Пры гэтым многія ўпэўнены, што жавальная гумка абараняе зубы ад карыесу. Але ці так гэта? Спыталі ў дзіцячага ўрача-стаматолага 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Алы ГРАБНЁВАЙ.


Фота: pexels.com

Спецыяліст адзначае, што развіццё карыесу зубоў з'яўляецца шматфактарным працэсам. Пачатковым звяном з'яўляецца ўтварэнне кіслаты ў зубным налёце. Уздзейнічаючы на зуб, кіслата можа раствараць кальцый і фасфат з эмалі зуба. Даследаванні паказалі, што пасля прыёму ежы патэнцыяльна карыесагенны ўзровень PH сліны можа захоўвацца да дзвюх і больш гадзін, асабліва ў міжзубных зонах.

Сярод усіх ахоўных фактараў, якія гэтаму супрацьдзейнічаюць, сліна адыгрывае самую вялікую ролю.

— Ужыванне жавальнай гумкі — надзвычай распаўсюджаная звычка ў свеце. Высокая цікавасць да яе ў стаматолагаў абумоўлена дзвюма станоўчымі ўласцівасцямі. Па-першае, жаванне гумкі павялічвае хуткасць слінавыдзялення ў 3—10 разоў. Акрамя таго, жаванне гумкі прымушае сліну паступаць у цяжкадаступныя міжзубныя ўчасткі. Сліна дзейнічае як натуральная ахоўная сістэма арганізма, нейтралізуючы кіслоты зубнога налёту і паляпшаючы выдаленне рэшткаў ежы з цяжкадаступных участкаў. Таму стымуляванне слінавыдзялення ўяўляе першарадную важнасць, — тлумачыць урач.

Па-другое, станоўчая ўласцівасць жавальных гумак звязана з увядзеннем у іх склад цукразаменнікаў, такіх як ксілітол, сабітол, манітол, якія слаба ці наогул не расшчапляюцца бактэрыямі поласці рота з утварэннем арганічных кіслот. Даследаванні паказалі, што жаванне гумак, якія не змяшчаюць цукру, 10—15 хвілін пасля ежы аднаўляе значэнне PH зубнога налёту да бяспечных узроўняў. Тым часам адбываецца стымуляцыя слінавыдзялення і натуральнай ахоўнай сістэмы арганізма супраць паражэння зубоў карыесам.

Некаторыя вытворцы павялічваюць супрацькарыёзныя ўласцівасці жавальнай гумкі, уключыўшы ў яе склад мінеральныя дадаткі кальцыю, фасфатаў ці фтору для павышэння рэмінералізацыйных уласцівасцяў сліны. У цяперашні час маюцца пераканаўчыя даныя аб супрацькарыёзнай эфектыўнасці фторзмяшчальнай жавальнай гумкі. Аднак ужыванне дадзенага падыходу для прафілактыкі карыесу мае вельмі істотнае абмежаванне: жавальная гумка ў свядомасці насельніцтва ўспрымаецца хутчэй як кандытарскі выраб, а не лекавы сродак. Таму кантраляваць сутачную дозу ўжывання фторзмяшчальнай жавальнай гумкі і, такім чынам, паступленне фтору ў арганізм, практычна немагчыма. Такія жавальныя гумкі павінны ўжывацца толькі па рэкамендацыі ўрача і мець абмежаванні на распаўсюджванне праз шырокую гандлёвую сетку.

Жаванне гумкі, якая не ўтрымлівае цукру, можа быць рэкамендавана як вельмі карысны дадатак да асноўных сродкаў гігіены поласці рота:

  • жавальная гумка з'яўляецца дадатковым сродкам, але не замяняе рэгулярную чыстку зубоў;
  • стымулюе хуткасць слінавыдзялення ў 3—10 разоў;
  • дапамагае нейтралізаваць кіслоты зубнога налёту;
  • садзейнічае пранікненню сліны ў цяжка-даступныя міжзубныя ўчасткі;
  • дапамагае выдаліць рэшткі ежы;
  • асвяжае дыханне;
  • выкарыстанне жавальнай гумкі дае дадатковую жавальную нагрузку на зубы, што дазваляе забяспечыць трэнінг жавальных мышцаў і парадонта (калязубнай тканкі).

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.