Вы тут

Школа вайскоўцаў, вучоных, артыстаў


Днямi ўрачыста адзначыла свой 150-гадовы юбiлей Пухавiцкая сярэдняя школа.

У кожнай з беларускiх школ — свая гiсторыя. Першая навучальная ўстанова ў вёсцы Пухавiчы Пухавiцкага раёна была заснавана ў 1863 годзе. Сотнi хлопчыкаў i дзяўчынак за гэтыя паўтара стагоддзя атрымалi веды ў сапраўднай кузнi асветнiцтва. Пра гэта i гаварылi падчас урачыстасцяў у гонар юбiлею сённяшнiя настаўнiкi, ветэраны педагагiчнай працы, колiшнiя вучнi... Цiкавасць выклiкае i такi факт: сёння большасць педагагiчнага калектыву складаюць самi выпускнiкi Пухавiцкай СШ. А яшчэ выпускнiкi школы працавалi i працуюць настаўнiкамi ў розных гарадах i вёсках Беларусi. На Мiншчыне добра ведаюць дырэктара Мар'iнагорскай гiмназii Алу Васiльеўну Ралькевiч, якая два склiканнi абiралася ў склад Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, узнагароджана ордэнам Пашаны.

1384838333852_1

1384838333852_1

 

— Сярод тых, хто вучыўся ў нашай школе, — расказвае дырэктар Валянцiна Сяргееўна Бяседзiна, — шмат вядомых у Беларусi людзей. Гэта i Героi Савецкага Саюза Васiль Тарлоўскi, Мiкалай Шут. Беларускi Саюз афiцэраў узначальвае генерал-лейтэнант Яўген Мiкульчык, якi скончыў Пухавiцкую школу ў першыя пасляваенныя гады. З кагорты выпускнiкоў — i славуты нейрахiрург, акадэмiк Нацыянальнай Акадэмii навук Беларусi Арнольд Смеяновiч. Трое вучняў школы — ганаровыя грамадзяне Пухавiцкага раёна. А яшчэ — доктар палiтычных i кандыдат фiласофскiх навук, прафесар Мiкалай Лабуш, акцёр-купалавец Аляксандр Лабуш, ваенны камiсар Пухавiцкага раёна палкоўнiк Аляксандр Казак... Пералiк можна доўжыць. Мы рады, што веды, атрыманыя ў сценах нашай навучальнай установы, для многiх i многiх сталi асновай высокiх прафесiйных, жыццёвых здзяйсненняў.

1384838337470_2

1384838337470_2

 

У розныя дзесяцiгоддзi ў школе працавалi i вучылiся пiсьменнiкi Уладзiмiр Ляўданскi, Алесь Пальчэўскi, Вольга Савасцюк. Вось як згадвае сваю вучобу ў Пухавiчах Уладзiмiр Ляўданскi: «... маiмi настаўнiкамi i дарадчыкамi ў жыццi былi педагогi Пухавiцкай сямiгодкi. На жаль, я ўжо не памятаю iх iмёнаў, але ясна бачу кожнага перад сабою i чую iх парады — такiя пераканаўчыя, мудрыя. Настаўнiкi ў нашай сямiгодцы былi не маладыя, з багатым жыццёвым вопытам i добрым веданнем прадметаў. Прагнасць жа у нас — вучняў — да ведаў была тады неймаверная. I мы бралi ў сваiх настаўнiкаў усё, а яны нам усё аддавалi. I за гэта iм шчыры дзякуй! Гэта яны заклалi ў нас тую аснову, той падмурак, на якiм сфармiравалiся пасля асоба, характар кожнага. Помняцца сходы i вячоркi, на якiх выступалi нашы настаўнiкi i старэйшыя вучнi перад насельнiцтвам з простымi, але такiмi палымянымi i пераканаўчымi прамовамi. Помняцца i спектаклi, якiя мы ставiлi разам з настаўнiкамi i на якiя столькi прыходзiла людзей, што пажарнае дэпо (гэта было самае большае памяшканне ва ўсiм мястэчку) не магло ўсiх прыняць, а ў самой «зале» проста дыхаць не было чым. Ставiлi мы «Пiнскую шляхту» i «Збянтэжанага Саўку», асаблiва шмат ставiлi п'ес Галубка...»

У школе заўсёды працавалi таленавiтыя настаўнiкi. Беларускую мову i лiтаратуру шмат гадоў выкладалi Рыгор Аляксандравiч Гардзей, Леў Iванавiч Пiлатовiч, бiялогiю — Фаiна Аляксандраўна Рудакоўская, матэматыку — Нiна Iгнатаўна Кавалёнак, пачатковую ваенную падрыхтоўку — Анатоль Сямёнавiч Усцiнаў, хiмiю — Надзея Сцяпанаўна Усцiнава, гiсторыю — Уладзiмiр Аляксандравiч Яковiн, Васiль Маркавiч Лапка, нямецкую мову — Галiна Феафанаўна Пiлатовiч, рускую мову i лiтаратуру — Уладзiмiр Мiкалаевiч Сырэц... I дзецi шмат каго з iх сталi настаўнiкамi, прадоўжылi справу сваiх бацькоў.

I сёння школа — у эпiцэнтры жыцця. Зараз тут вучацца будучыя праграмiсты, iнжынеры, урачы, вучоныя, кiраўнiкi прадпрыемстваў... У школе створаны ўсе ўмовы для таго, каб яе выпускнiкi шырока крочылi па жыццi.

Кастусь Ладуцька.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.