Вы тут

Каб свята не азмрочыць


Напрыканцы кожнага года сталіца нібыта ператвараецца ў прыфрантавы горад. Складана знайсці зацішнае месца, дзе не гучалі б «кананады» ад выбухаў петард і іншых піратэхнічных вырабаў. Безумоўна, весяліцца з нагоды свят ніхто не забараняе. Але, каб забава не ператварылася ў трагедыю, трэба ўспомніць і правілы бяспекі. Аб чым рэгулярна нагадваюць супрацоўнікі МНС.

1386819050235_12-38

Што і казаць, навагоднія і калядныя ночы для выратавальнікаў праходзяць у вельмі напружаным рэжыме. Колькасць загінулых на пажарах павялічваецца амаль утрая. Акрамя «класічных» прычын трагічных выпадкаў кшталту засынання з непатушанай цыгарэтай ці няспраўнасці ацяпляльных прыбораў, да іх далучаюцца і спецыфічныя. Здараецца так, што людзі не жадаюць набываць бяспечныя электрычныя гірлянды ў магазіне, а карыстаюцца самаробнай ілюмінацыяй, нярэдка з адкрытым полымем.

— Да таго ж нашы людзі часта пераацэньваюць габарыты сваіх жылых памяшканняў. Не трэба, каб ёлка ўпіралася ў столь. Адлегласць пры яе ўстаноўцы павінна быць не меншай за метр, як і ад сцен, — раіць першы намеснік начальніка ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Сувораў. — Але сапраўдны галаўны боль для нас — гэта выкарыстанне піратэхнікі.

Міні-салюты, бенгальскія агні, петарды — без гэтага не абыходзіцца ні адзін Новы год. Аднак жаданне дарослых сэканоміць крыху грошай і купіць піратэхніку, як кажуць, «з пад палы» можа скончыцца вельмі дрэнна. Інструкцыя па правільным выкарыстанні да такой несертыфікаванай прадукцыі або зусім адсутнічае, або напісана ў лепшым выпадку калі не на кітайскай, то на англійскай мове. Узровень валодання замежнымі мовамі ў большасці насельніцтва вымушае жадаць лепшага. Як вынік, пры запуску такіх вырабаў даводзіцца спадзявацца выключна на ўласны вопыт і інтуіцыю. Аднак гэтая гісторыя можа скончыцца дрэнна — напрыклад, у апёкавым аддзяленні бальніцы. Выбітае вока, лопнуўшая барабанная перапонка, рваныя раны рук, апёкі — вось вынік неасцярожнага і няўмелага абыходжання з піратэхнікай.

— Летась ад яе пацярпеў 21 чалавек, у тым ліку сямёра дзяцей. Бацькі проста грэбуюць элементарнай тэхнікай бяспекі, дазваляючы запускаць петарды малым, — наракае Уладзімір Сувораў. — Таму я рэкамендаваў бы проста адмовіцца ад выкарыстання піратэхнікі. Былі ж нават выпадкі, калі петарда па розных прычынах ляцела «не туды», прабівала аконнае шкло, трапляла ў кватэру і выклікала пажар. Але калі без гучнага святкавання зусім ніяк не абысціся, то набывайце піратэхніку толькі ў спецыялізаваных гандлёвых кропках і патрабуйце на яе сертыфікат са зразумелай інструкцыяй.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.