Вы тут

Судовае рашэнне можа быць апратэставана


Як на Віцебшчыне прайшла аптымізацыя структуры органаў пракуратуры? Ці часта грамадзяне звяртаюцца па дапамогу да пракурораў? Як змяняецца злачынны свет? Наш карэспандэнт задаў пытанні з нагоды Аляксандру Сідаровічу, першаму намесніку пракурора Віцебскай вобласці.

У СМІ паведамлялася аб тым, што праводзілася аптымізацыя структуры органаў пракуратуры краіны. Якія вынікі аптымізацыі ў Віцебскай вобласці?

— Неабходнасць аптымізацыі можна патлумачыць некалькімі прычынамі. У прыватнасці, кожны год здзяйсняецца параўнальна менш злачынстваў.

Скажам, сёлета за першыя 5 месяцаў зарэгістравана 4800 злачынстваў — на 8% менш, чым за леташні перыяд. У асноўным злачынствы здзяйсняюць грамадзяне ва ўзросце ад 18 да 39 гадоў.

Адпаведна, знізілася і нагрузка на работнікаў праваахоўных органаў у цэлым, у тым ліку і на пракуратуру. Таму, калі раней функцыянавалі пракуратура горада Полацка і пракуратура Полацкага раёна,

цяпер яны аб'яднаны ў пракуратуру Полацкага раёна. І ў Оршы аналагічна. Нагадаю, што ў гэтых рэгіёнах і органы выканаўчай улады — гарадскога і раённага ўзроўню — таксама аб'ядналіся.

У Віцебску тры раённыя пракуратуры аб'яднаны ў пракуратуру горада Віцебска.

Відавочна, у наш век імклівага развіцця высокіх тэхналогій усё часцей здзяйсняюцца злачынствы ў гэтай сферы?

— Сапраўды, напрыклад, пра "камп'ютарны сабатаж" раней і не чулі, а цяпер нярэдка сустракаемся з такім саставам злачынстваў. Можна сказаць, што "прасунутаму" сучаснаму злодзею ў наш час не трэба красці кашалёк  — крадзяжы грошай усё часцей здзяйсняюцца з выкарыстаннем спецыяльных тэхналогій. Вы, напэўна, чулі пра тое, што ў Маскве была затрымана група так званых скінераў: маладыя людзі прыехалі са злачыннымі намерамі з Малдавіі. І ў нас яны таксама пакінулі крымінальны след: выкрадалі з банкаўскіх рахункаў грамадзян грошы з выкарыстаннем адмысловай прылады. Як гэта адбывалася? Добрапрыстойны грамадзянін устаўляў картку ў банкамат, набіраў код. А картка паралельна трапляла ў спецыяльнае прыстасаванне, усталяванае зламыснікамі, і яны мелі магчымасць паралельна весці відэаназіранне за ўладальнікам карткі. У выніку з карткі выкрадаліся грошы.

А вось прыклад, калі за ўчыненае злачынства ў сферы высокіх тэхналогій зламыснікі ўжо асуджаны. Судом Сенненскага раёна пакараны былы работнік мясцовага аддзялення Белаграпрамбанка і былы дырэктар прыватнага прадпрыемства. Яны ў 2008-2009 гадах з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі і банкаўскіх пластыкавых картак, незаконна вырабленых для работнікаў прыватнага прадпрыемства, шляхам змены камп'ютарнай інфармацыі ў базе даных банка выкралі звыш 837 мільёнаў рублёў...

Ім прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць адміністрацыйна-гаспадарчыя і арганізацыйна-распарадчыя пасады на працягу
5 гадоў пасля вызвалення з папраўчай калоніі. Таксама быў задаволены іск Белаграпрамбанка аб спагнанні з абвінавачаных звыш 1 мільярда рублёў.

Дарэчы, падчас судовага працэсу абодва абвінавачаных сцвярджалі, што не выкрадалі грошы ў банка, а проста "ўзялі іх у доўг". Пры гэтым іх чамусьці не бянтэжыла тое, што ў банку не толькі не давалі на гэта сваёй згоды, але нават не ведалі пра такое "крэдытаванне"... Банкам прыняты неабходныя меры па недапушчэнні падобных фактаў.

Ці часта грамадзяне звяртаюцца ў органы пракуратуры Віцебскай вобласці па дапамогу? Асабіста вы прымаеце грамадзян, выслухоўваеце іх скаргі?

— Да нас у асноўным прыходзяць людзі са зваротамі, якія не знайшлі свайго вырашэння ў той ці іншай арганізацыі, органе, установе. І ў адпаведнасці з дзей-
ным заканадаўствам мы займаемся вывучэннем пытання альбо накіроўваем скаргу вышэйшым органам, альбо даём грамадзяніну тлумачэнне. А бывае, проста інфармуем, як паступіць у далейшым.

Што ж датычыцца іх характару — даволі шмат скаргаў на ўжо прынятыя рашэнні органаў дазнання. Шмат атрымліваем лістоў ад грамадзян з месцаў пазбаўлення волі. Нямала зваротаў і па пытаннях парушэння жыллёвых правоў, зямельных спрэчак... Каласальная колькасць зваротаў па пытанні незаконнага, на погляд грамадзян, прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Я таксама вяду прыём згодна з зацверджаным графікам. Прычым як на працоўным месцы, так і з выездам у рэгіёны, у арганізацыі і ўстановы. Магу канстатаваць, што пасля разгляду скаргаў выносіцца нямала пратэстаў як на прынятае судовае рашэнне, так і на прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.