Вы тут

Будаўнікоў у Мінск запрашаюць нават з-за мяжы


Аб гэтым паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Галь на пасяджэнні гарадскога выканаўчага камітэта, дзе абмяркоўвалася мадэрнізацыя будаўнічай галіны горада. У прыватнасці, спецыялістамі было заўважана, што галоўны мегаполіс краіны не можа забяспечыць усе новабудоўлі горада ўласнымі кадрамі.

Кіраўніцтвам будаўнічага сектара сталіцы было падлічана, што для рытмічнага функцыянавання ўсіх будаўнічых праектаў на будпляцоўкі Мінска

неабходна накіраваць дадаткова каля 4 тысяч шараговых работнікаў і кваліфікаваных спецыялістаў. Пошук новых работнікаў стрымлівае адсутнасць часовага жылля для такіх спецыялістаў. Менавіта таму мэрыяй горада прапануецца распрацаваць праграму рамонту дзіцячых аздараўленчых лагераў вакол Мінска. Адрамантаваныя жылыя памяшканні былых лагераў плануецца выкарыстоўваць у якасці жылля для вахтавых работнікаў будаўнічай сферы нават у зімовы час. Андрэй Галь лічыць, што адначасова з гэтым гораду неабходна зацвердзіць праграму будаўніцтва ў Мінску інтэрнатаў і арэндных дамоў для прыцягвання і замацоўвання рабочых будаўнічых спецыяльнасцяў.

Цэнтру занятасці Мінска пастаўлена задача аб накіраванні ў падрадныя арганізацыі дзяржаўнага вытворчага аб'яднання "Мінскбуд" толькі сёлета не менш за тысячу чалавек і не менш за дзве тысячы работнікаў у 2014 годзе. Разам з тым, кіраўнікі будаўнічых арганізацый адзначаюць той факт, што зараз нават у рэгіёнах талковых спецыялістаў не хапае. Частка з іх атрымлівае добрыя заробкі на мясцовых прыватных аб'ектах, а асобныя спецыялісты паехалі па доўгі рубель у буйныя гарады Расіі. Менавіта таму кіраўніцтва Мінгарвыканкама разглядае магчымасць прыцягваць работнікаў будаўнічых спецыяльнасцяў нават з-за мяжы. Ужо зараз каля 250 грамадзян Карэі і В'етнама працуюць на новабудоўлях Мінска. Прадстаўнікі бударганізацый гэтых краін гатовы накіраваць на будаўніцтва аб'ектаў у беларускай сталіцы каля 5 тысяч сваіх работнікаў.

Кіраўніцтву ДВА "Мінскбуд" было даручана сфарміраваць у сталіцы банк даных спецыялістаў у сферы будаўніцтва ва ўзросце ад 30 да 45 гадоў з вышэйшай адукацыяй.

Аналіз кваліфікацыі мясцовых спецыялістаў павінен насіць міжнародны характар — з улікам суседніх краін, каб усе разумелі: сёння рынак працы адкрыты, удакладнілі сваю пазіцыю ў Мінгарвыканкаме.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.