Вы тут

«Шопінгавая» хвароба... лечыць ад дэпрэсій


Як пажартаваў адзін са знаёмых мужчын, каб у жанчыны было жаданне прыходзіць на працу, неабходна, каб у яе гардэробе пастаянна з'яўляліся новыя рэчы. А я між тым вырашыла даведацца, колькі трацяць жанчыны на шопінг, як ён паляпшае настрой і чаму іншым разам атручвае мужчынам жыццё.

Прызнаюся шчыра: усе мае знаёмыя і сяброўкі — заўзятыя шапаманкі, таму амаль заўсёды нашы сустрэчы заканчваюцца «паходам» у бліжэйшую краму. Пры гэтым зусім неабавязкова, каб мы выходзілі адтуль з новымі пакупкамі. А вось з добрым настроем — заўжды!
Чым жа дапамагае шопінг?

Па-першае, ён дазваляе прымераць рэчы і абмеркаваць іх якасці з сяброўкамі, а разам з гэтым і апошнія навіны з жыцця агульных знаёмых і краіны ў цэлым. А гэта заўсёды атрымліваецца заўзята! Нездарма шопінг лічыцца ўніверсальным сродкам зняцця стрэсу (лепшым, дарэчы, за любыя лекі) у выпадках, калі вы пасварыліся з начальнікам, развіталіся з былым каханым ці вымушаны шукаць новую працу.

Па-другое, ён, як высветлілася, вельмі карысны і ў многіх іншых адносінах.

Амерыканскія псіхолагі, напрыклад, вырашылі правесці даследаванне сярод жанчын розных узростаў і папрасілі іх падрабязна запісваць усё, што датычыцца выдаткаў: колькі разоў за пэўны прамежак часу яны наведваліся ў краму, колькі пакінулі там грошай... У выніку прыйшлі да наступных высноў:

  1. Жанчыны, якія наведваліся ў крамы і знаходзіліся там не менш за 17 гадзін на тыдзень, пакідаючы па 200 долараў за адно наведванне, былі больш здаровымі і мелі лепшыя фігуры, чым тыя, якія хадзілі ў крамы радзей ці менш там трацілі грошай.
  2. У жанчын, якія часта наведваліся ў крамы, было менш зморшчын і яны выглядалі маладзейшымі.
  3. Значная большасць аматарак шопінгу, прычым у любым узросце, былі больш упэўненымі ў сабе і амаль не пакутавалі ад дэпрэсій.

Як высветлілася, жанчыны, якія куплялі сабе не бытавыя прылады, а адзенне, адчувалі сябе яшчэ лепш! І чым больш адзення прадстаўніцы прыгожай паловы набывалі, тым больш умацоўвалася іх самапавага.

Зразумела, што не ўсе жыхаркі нашай краіны маюць магчымасць наведвацца ў крамы так часта, як робяць гэта амерыканкі. Але, тым не менш, псіхолагі ўсё ж раяць і беларускам цешыць сябе раз-пораз. Напрыклад, хаця б раз на месяц. Пры гэтым неабходна абавязкова купляць нешта «чыста жаночае»: калі не сукенку альбо шалік, дык хоць памаду для вуснаў ці лак для пазногцяў.

Але калі для нас, жанчын, шопінг — гэта радасць, то для спадарожнікаў-мужчын — сур'ёзныя пакуты. Думаю, кожная з нас неаднойчы станавілася выпадковым сведкам спрэчкі паміж мужчынам і жанчынай дзе-небудзь у гандлёвай зале. З-за празмернага захаплення жанчын шопінгам нават распадаюцца сем'і. Напрыклад, адна са знаёмых мне расказвала, што яе сяброўка так любіла набываць новыя рэчы і траціла на гэта столькі часу і грошай, што муж не вытрымаў і ўцёк ад яе. Пры развітанні патлумачыў, што яму надакучыла жыць у кватэры, якую жонка ператварыла ў філіял сталічнага супермаркета.

1379108376831_14-8

Што рабіць, калі любоў да шопінгу перарасла для вас у сур'ёзную праблему?

Ёсць выйсце і з гэтай сітуацыі. Тыя ж псіхолагі, напрыклад, раяць не браць з сабой буйную суму грошай. Праўда, з пластыкавымі карткамі складаней. Калі не давяраеце сабе, дык лепш адразу здымаць з пластыкавай карткі большасць грошай і пакідаць іх дома, а на ёй — толькі тую суму, якая дазволіць вам парадаваць сябе чым-небудзь прыемным, і не нанесці пры гэтым сур'ёзны удар па сямейным бюджэце.

І, безумоўна, трэба мець на ўвазе, што ў вялікім супермаркеце ці гандлёвым цэнтры значна больш шанцаў патраціць звыш запланаванага, чым у невялікай краме. Калі вы ведаеце за сабой такую слабасць, то лепш наведвацца па адзенне і прадукты ў невялікія гандлёвыя пункты.

Можна таксама перакласці функцыю па закупцы ўсяго неабходнага для сям'і на мужа ці пачаць адкладваць грошы на які-небудзь вялікі праект: напрыклад, на набыццё дачы ці новае аўто. А таксама папрасіць сваякоў заўсёды хадзіць у крамы разам з вамі і стрымліваць вас ад празмернага расходавання грошай.

Калі ж вы лічыце, што разумна падыходзіце да «шопінгавага пытання», але муж з вамі ўсё роўна не згодны, нагадайце яму, што беларускі насамрэч не так шмат выдаткоўваюць на шопінг — не больш за 10 працэнтаў ад сямейнага бюджэту. Гэты факт, мяркуем, здолее ўсцешыць вашу «другую палову».

Прыемных вам пакупак, шаноўныя чытачкі!

Гелена АВЕЛА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.