Вы тут

Патрулі выходзяць на дзяжурствы...


Пакуль нехта хаваецца па цёмных вуглах, каб не патрапіць з бутэлькай піва або з балончыкам фарбы на вочы патрульнаму атраду, іншыя, наадварот, імкнуцца трапіць у гэты самы атрад. Моладзевыя атрады аховы правапарадку (МААП) аб'ядноўваюць ужо каля 15 тысяч хлопцаў і дзяўчат. На рэспубліканскай спартакіядзе «Акадэмія мужнасці — 2013» удзельнікі руху мелі магчымасць паказаць на практыцы, чаму яны навучыліся.

Далучыцца да «жалезных» людзей

Сёлета ўпершыню ў праграму спартакіяды быў уключаны такі від спорту, як трыятлон. Класічная дыстанцыя гэтага віду спорту прадугледжвае 3,8 кіламетра плавання, затым 180 кіламетраў велагонкі і бег на адлегласць 42,2 кіламетра. Уражвае? Відаць, нездарма трыатлетаў называюць «жалезнымі» людзьмі.
Але трэнер па трыятлоне Крысціна Рулькевіч запэўніла мяне, што пачаткоўцы ў гэтым відзе спорту пераадольваюць дастаткова сімвалічныя дыстанцыі (у параўнанні з вышэйназванымі): 100 метраў — у басейне, 4 кіламетры велагонкі і бег на 500 метраў.
Крысціна займаецца трыятлонам шэсць гадоў. Зараз яна ўжо трэнер і працуе са сваімі камандамі.
— З кожным годам трыятлон у нашай краіне набірае ўсё большую папулярнасць, — адзначае дзяўчына. — Часта на трэніроўкі запісваюцца і бацькі, што дагэтуль прыводзілі на заняткі дзяцей, але зацікавіліся трыятлонам і самі.

1380144899152_26-9

Як «зачараваць» парушальніка

На спартакіядзе былі названы імёны тых, з каго павінны браць прыклад юныя дружыннікі. Таццяна Рык ходзіць патруляваць віцебскія вуліцы з 2007 года. І за гэты час яна дапамагла затрымаць больш за тысячу парушальнікаў!
— Зразумела, гэта не забойцы і не маньякі, — сціпла ўдакладняе мініяцюрная і стройная дзяўчына. — Звычайна затрымліваем п'яных людзей, што чапляюцца да прахожых... Аднойчы давялося адной паўгадзіны трымаць п'янага мужчыну, які ўчыніў скандал на вуліцы.
Па словах суразмоўцы, сілу прымяняць даводзіцца даволі рэдка. Галоўная зброя, лічыць Таццяна, — гэта правільна падабраныя словы і, як гэта ні банальна, жаночыя чары. Вось і гэтага дэбашыра ўдалося амаль без праблем «датрымаць» да прыходу дапамогі.

Ёсць жаданне? Прыходзьце...

Дзмітрый Варанюк, сакратар ЦК Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (гэта грамадскае аб'яднанне з'яўляецца арганізатарам спартакіяды), расказаў, што члены моладзевых атрадаў аховы правапарадку карыстаюцца пэўнымі льготамі:
— Напрыклад, удзельнікі руху атрымліваюць рэкамендацыі для службы ў элітных падраздзяленнях унутраных войск, структурах Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства абароны, у падраздзяленнях сілавых ведамстваў, у тым ліку і ў пагранічнай службе. З «мясцовых прывілей» — даплаты да стыпендый студэнтам, што з'яўляюцца актыўнымі членамі руху, адгулы і грашовыя прэміі для працоўнай моладзі. Зноў жа, некаторыя гарадскія камітэты даюць дружыннікам права бясплатна наведваць кінатэатры і прадастаўляюць зніжкі на абанементы ў трэнажорныя залы.
Па словах Дзмітрыя, каб стаць дружыннікам, патрабуюцца жаданне, адсутнасць шкодных звычак і добрая фізічная падрыхтоўка. Спецыяльнага экзамену не прадугледжана, але звычайна будучыя дружыннікі праходзяць псіхалагічную гутарку. Як правіла, да моладзевых атрадаў аховы правапарадку далучаюцца студэнты ці маладыя супрацоўнікі прадпрыемстваў, але ёсць сярод іх і школьнікі, якія хоць і не маюць права на патруляванне вуліц, затое могуць сачыць за парадкам у сваёй школе.

Надзея ЮШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.