Вы тут

Дзелавы дыялог і... чэргі на мяжы


— Ёсць цяжкасці, некаторыя рознагалоссі, але ўсё вырашаем у добрым, дзелавым дыялогу з кіраўніцтвам вобласці і раёна, — зазначыў на пасяджэнні міжнароднага інвестыцыйнага форуму «Гродзеншчына на скрыжаванні межаў» Рымантас ПУРТУЛІС, кіраўнік праектаў групы кампаній АRVІ (Літва), якая інвеставала каля 20 мільёнаў еўра ў будаўніцтва комплексу па вытворчасці мяса індычкі ў Лідскім раёне магутнасцю 6 тысяч тон у год.

Комплекс будзе складацца з фермаў па вырошчванні індычкі, камбікормавай вытворчасці, цэхаў па забоі, перапрацоўцы і фасоўцы мяса. Плануецца стварыць каля 200 новых рабочых месцаў. Акрамя таго, АRVІ інвестуе каля 7 мільёнаў еўра ў праект мадэрнізацыі Лідскага ветэрынарна-санітарнага ўтылізацыйнага завода, скіраваны на ўкараненне сучасных тэхналогій утылізацыі адходаў жывёльнага паходжання.
Паводле інфармацыі пасла Беларусі ў Літве Уладзіміра ДРАЖЫНА, які ўдзельнічаў у рабоце інвестыцыйнага форуму ў горадзе над Нёманам, менавіта Гродзеншчына сёння з'яўляецца для нашых суседзяў галоўным эканамічным партнёрам. Сёлета ў Літву пастаўляюцца з Прынямоння тавары па 165 пазіцыях і чакаецца, што аб'ём гадавога экспарту складзе 50 мільёнаў еўра. Прыкладна чвэрць літоўскіх інвестыцый у нашу краіну — у Гродзенскую вобласць. Акрамя вышэйзгаданых, цяпер разглядаюцца ўзаемныя праекты ў дачыненні да прадпрыемстваў «Лідсельмаш» і «Лідаграмаш». Ёсць ужо не проста пратакол намераў, а прапрацоўка пытанняў, звязаных з вытворчасцю прадукцыі і яе рэалізацыяй у краінах Балтыйскага рэгіёна.
На думку Уладзіміра Дражына, у тым, што Гродзеншчына за апошнія гады стала прывабнай для літоўскага бізнесу, вялікая заслуга міжрэгіянальных кантактаў. Заключаны 23 дагаворы паміж рэгіёнамі Літвы і Гродзенскай вобласці. Суседзі супрацоўнічаюць не толькі ў рамках еўрарэгіёна «Нёман», але і ў «Паўночным вектары Гродзеншчыны», які аб'ядноўвае эканамічны патэнцыял Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў. Уладзімір Дражын таксама адзначыў станоўчую дынаміку «беларускага берага» ў літоўскай Клайпедзе. Пасля беларуска-літоўскага эканамічнага форуму ў красавіку кампанія «Беларуськалій» набыла 30% аднаго з галоўных тэрміналаў порта, які займаецца адгрузкай калійных угнаенняў у трэція краіны. Цяпер разглядаецца другі праект — выкуп яшчэ аднаго тэрмінала. Летась у Клайпедзе было перавалена 13,5 мільёна тон беларускіх грузаў. І калі такая дынаміка захаваецца, то ў бліжэйшыя год-два, на думку Уладзіміра Дражына, рэальна выйсці на 15 мільёнаў тон.
Такім чынам, суседзі знаходзяць выгаду са свайго памежнага знаходжання. Праўда, мяжа — гэта і вядомыя праблемы з яе перасячэннем. Пра іх, як падалося, без асаблівай надзеі на нейкую палёгку казаў на інвестыцыйным форуме ў Гродне кіраўнік праектаў групы кампаній АRVІ Рымантас Пуртуліс. Літоўскія інвестары цяпер вучаць новым тэхналогіям, што будуць укараняцца на Лідчыне, беларускіх маладых спецыялістаў і пастаянна вымушаны затрачваць шмат часу на перасячэнне мяжы.
А вось асабістыя ўражанні генеральнага консула Беларусі ў Беластоку Аляксандра БЕРАБЕНІ, які таксама ўдзельнічаў у форуме «Гродзеншчына на скрыжаванні межаў»:
— Летам я з сям'ёй ехаў у адпачынак з Беластока ў Гродна — не на дыпламатычнай машыне і з дыппашпартам, а на аўтамабілі з беларускімі нумарамі, як звычайныя людзі. Пад'ехалі да пагранперахода: мы былі ў чарзе 123-мі. А праз 2 гадзіны 15 хвілін сталі... 169-мі. Можна ўявіць праблемы тых, каму трэба ўстанавіць нейкія дзелавыя кантакты!..
Такія яны, рэаліі памежнага партнёрства. Тым не менш у рэгіёнах Польшчы ёсць бізнес-структуры, якія зацікаўлены ў супрацоўніцтве з нашай краінай, у тым ліку ў інвестыцыйным плане. І беларускія дыпламаты, зазначыў Аляксандр Берабеня, гатовы аказаць у гэтым любую дапамогу.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.